Ужо не першы год Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа працуе над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта "Укараненне этнычнай сацыялiзацыi i фармiравання полiкультурнай кампетэнцыi асобы навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай просторы на праваслаўных традыцыях i каштоўнасцях беларускага народа".
Шырокае распаўсюджванне ва ўстанове адукацыі атрымалі ўрокі духоўнасці з удзелам айца Віктара, настаяцеля Пескаўскай царквы Мікалая Цудатворца. Мэтай урокаў духоўнасці з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей светапогляду, заснаванага на маральных каштоўнасцях і якасцях асобы, што прадугледжвае паступовае засваенне маральных нормаў і правілаў паводзін. Урокі духоўнасці ўзбагачаюць духоўны свет падлеткаў, забяспечваюць іх эмацыйны дабрабыт і садзейнічаюць стварэнню ўнутраных перадумоў для іх асобаснага развіцця.
Сустрэчы са святаром накіраваны на тое, каб навучыць дзяцей пераадольваць усе жыццёвыя цяжкасці, ніколі не забываць, што самае галоўнае для кожнага з нас – быць сапраўдным чалавекам. Урокі духоўнасці дапамагаюць падлеткам падрыхтавацца да ўступлення ў дарослае жыццё, зразумець, што такое цярпенне і паслухмянасць. На занятках дзецям тлумачаць, што не трэба спяшацца ствараць сабе п’едэсталы, трэба проста любіць тых, хто побач, давяраць людзям, верыць.
У чарговы раз у 9 класе адбыўся ўрок духоўнасці на тэму “Як навучыцца слухаць і разумець адзін аднаго”. Святар расказаў падлеткам аб асноўных прычынах канфліктаў, аб мадэлях паводзін чалавека. Сустрэча праходзіла ў форме дыялогу, навучэнцы задавалі шмат пытанняў, прыводзілі розныя прыклады, а таксама шукалі адказы на пытанні, як накіраваць сваю волю на стваральныя і карысныя справы. Вучні разважалі аб тым, як навучыцца слухаць, чуць і разумець іншых людзей, гутарылі аб пабудове зносін з людзьмі і гармоніі чалавека з навакольным светам.
Прайшло ўжо шмат урокаў духоўнасці, на якіх падлеткі разважалі, як каханне ўпрыгожвае чалавека, дапамагае яго развіццю і самаўдасканаленню, што сумленне – гэта ўласцівасць душы, тая сіла, якая здольная чалавека падштурхнуць на добрыя ўчынкі. Гаварылі аб міласэрнасці ў паўсядзённым жыцці, аб любові да бацькоў, шанаванні і паслухмянасці, аб сваёй адказнасці за ўчынкі на аснове ўяўленняў аб запаведзях, аб маральнай сутнасці чалавечай жыццядзейнасці – імкненні чалавека спазнаць сваё прызначэнне на зямлі, аб тым, як удасканальваць навакольнае жыццё ў адпаведнасці з духоўна-маральнымі ідэаламі, зрабіць шчаслівым сябе, сваю сям’ю, сваю краіну.
Выхаванне духоўна багатай асобы – гэта працяглы і складаны працэс, які доўжыцца гадамі, а падчас і ўсё жыццё. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ва ўзаемастасунках выхаванцаў назіраецца пазітыўная дынаміка: яны праяўляюць міласэрнасць і спагаду, падтрымліваюць адзін аднаго. Відавочна, што ўзаемадзеянне школы і царквы дабратворна ўплывае на станаўленне падлеткаў, дазваляе пашырыць іх кругагляд, садзейнічае фарміраванню імкнення дапамагаць людзям і прыносіць карысць грамадству.
Галіна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 9 класа Пескаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад