15 сентября 2026 — 08:16
Жывым сімвалам барацьбы насельніцтва Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае вызваленне стаў у перадваенны час Сяргей Прытыцкі – адзін з найбольш вядомых арганізатараў падполля, чалавек-легенда. Ён бываў у вёсках Ліпічанскай пушчы. Яго тут вельмі чакалі.
У адзін з летніх дзён 1935 года познім вечарам на апусцелай вуліцы вёскі Маскалі з’явілася фурманка. На возе сядзеў малады 21 гадовы хлопец. Сустракаць яго выйшаў мясцовы жыхар Юльян Мармыш, равеснік прыезджага. І таксама вядомы падпольшчык. У 1932 годзе звязаў свой лёс з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Прымаў удзел у рэвалюцыйных святах, вывешваў чырвоныя сцягі, распаўсюджваў лістоўкі і падпольную літаратуру.
– Мікалай, – адрэкамендаваўся прыезджы (такім было падпольнае імя рэвалюцыянера).
– Заходзь у хату, – сказаў Юльян. – Даўно цябе чакалі.
Яны прагаварылі ўсю ноч, амаль што да рання. У вёсках Ліпічанскай пушчы было трывожна і неспакойна. У Шасцілах, Маскалях, Стукалах, Галубах, Рудзе Ліпічанскай, Ярчаках і Волі Крупіцы былі разгромлены подпольныя ячэйкі. Арыштаваны многія мясцовыя жыхары, якія вялі актыўную дзйнасць, у тым ліку Уладзімір Адамовіч з Шасцілоў, Віктар, Ігнат і Юльян Баклагі, Піліп Крупіца з Волі Крупіцы, Фёдар Ганчарук з Шасцілоў, Антон Мармыш з Маскалёў. Усё гэта былі маладыя людзі.
Юльян Мармыш, з’яўляючыся падпольшчыкам, ведаў што Сяргей Прытыцкі ўзначальвае Гродзенскі і Слонімскі (пасля арышту кіраўніка) акружныя падпольныя камітэты камсамола Заходняй Беларусі. У зону апошняга ўваходзіла тэрыторыя Ліпічанскай пушчы. Цяпер Сяргей Прытыцкі дабраўся сюды з заданнем аднавіць разгромленыя ячэйкі кампартыі і камсамола. Юльян дапамог выйсці яму на правераных людзей.

Вось як аб гэтым успамінаў Сяргей Восіпавіч:
– Нарэшце я наведаў вёскі Воля Крупіцы і Маскалі. Тут партыйныя і камсамольскія арганізацыі, члены якіх мне былі добра вядомы, нейкім чынам уцалелі ад разгрому. Схапіўшыся за іх, мне ўдалося ў кароткі тэрмін аднавіць партыйныя і камсамольскія арганізацыі. Праўда, арганізацыі гэтыя былі нешматлікія, але складаліся яны з правераных таварышаў.
Адзін з такіх і быў Юльян Мармыш. У 1936 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны за рэвалюцыйную прапаганду, быў у турме ў Лідзе, а затым у вядомым лагеры ў Картуз-Бярозе.
Добра знаёмай Сяргею Прытыцкаму была жыхарка вёскі Воля Крупіцы Яўгенія Крупіца. У яе хаце была падпольная яўка, куды прыходзіў і Сяргей Восіпавіч. Тут пабывала шмат падпольшчыкаў і сувязных, у якіх быў свой пароль. Аднойчы, калі у хаце быў Прытыцкі, у вёску прыехала паліцыя. Яе заўважылі позна. Вырашана было схавацца на печы. На ўскрайку лёг бацька Яўгеніі Васільеўны і “стагнаў” ад цяжкай хваробы, а яна гэтым часам рыхтавала лякарствы “хвораму”. Няпрошаныя госці, паверыўшы, што бацька цяжка хворы, пайшлі. У другі раз, калі Сяргей Прытыцкі прыйшоў на яўку, паліцыю своечасова заўважылі, і Яўгенія Васільеўна разам з госцем на лодцы пераплылі на другі бераг Шчары і схаваліся ў лясным масіве.
Сяргей Осіпавіч бываў у многіх іншых вёсках Ліпічанскай пушчы, дзе існавалі партыйныя і касамольскія ячэйкі. У вёсцы Сліжы Пескавыя ён дапамог стварыць падпольную арганізацыю Сямёну Канюшэўскаму, у Волі Крупіцы – Піліпу Крупіцы.
У Маскалях вядомы рэвалюцыянер апошні раз у даваенны час быў у 1936 годзе напярэдадні суда над падпольшчыкамі Заходняй Беларусі ў Вільні. Мясцовы кравец Сцяпан Маскаль пашыў яму бастонавы касцюм, у якім Сяргей Осіпавіч прыехаў на суд. Ні сам Сцяпан Осіпавіч, ні ніхто з падпольшчыкаў не ведаў, навошта іх кіраўніку прыгожы касцюм з вялікімі кішэнямі. Ужо пасля суда, на якім Сяргей Прытыцкі страляў у правакатара Якуба Стральчука, усё стала вядома з газет, якія падпольшчыкі даставілі ў вёску. Прыгожы касцюм патрэбен быў Сяргею Прытыцкаму, каб выглядзець шыкоўна і варта не затрымала на ўваходзе ў будынак суда, а ў кішэнях ён схаваў два рэвальверы і два запасныя магазіны да іх. Страляў ён у Якуба Стральчука таму, што той выдаў падпольшчыкаў Слонімскай акруговай арганізацыі камсамола, якую ўзначальваў Сяргей Прытыцкі.
На судзе над 17 падпольшчыкамі ён пасля выстралаў у правакатара быў паранены аховай і затым асуджаны да смяротнага пакарання. Цэнтральны камітэт КПЗБ выдаў адозву ў абарону Сяргея Прытыцкага. У ліку першых з заклікам “Свабоду Сяргею Прытыцкаму!” выступілі жыхары вёсак Ліпічанскай пушчы, якія падпісваліся пад адозвай. У выніку смяротнае пакаранне было заменена рэвалюцыянеру на пажыццёвае.
Да дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР заставалася тры гады.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Па матэрыялах кнігі “Памяць”. Мастоўскі раён
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад