Кажуць, што чалавек жыве да той пары, пакуль аб ім жыве памяць. Памяць, якая ўвекавечана не толькі ў помніках і абелісках. Памяць, якая жывой крыніцай уліваецца ў сэрцы людзей, каб жыць там доўгія гады.
Такая памяць жыве і ў маёй душы аб чалавеку, ветэране, настаўніку Марозаве Васілю Пятровічу. Колькі цяпла было ў яго вачах на ўроках гісторыі! Мяккая, мілагучная, беларуская мова і любоў, бязмерная любоў да дзяцей. Такім яго памятаю не толькі я, але і сотні выпускнікоў Струбніцкай васьмігадовай школы.
Малады настаўнік
Нарадзіўся Васіль Пятровіч у 1919 годзе ў в. Садовая Сарпінскага раёна Валгаградскай вобласці. Закончыў сямігодку, а ў 1935 паступіў на рабфак Сталінградскага педагагічнага інстытута, які паспяхова скончыў у 1937 годзе. Далей была вучоба ў Сталінградскім настаўніцкім інстытуце. У 1939 годзе, пасля заканчэння вучобы, быў накіраваны настаўнікам гісторыі ў Грозненскую вобласць Чачэна-Інгушскай АССР. У лістападзе таго ж 1939 года малады настаўнік быў прызваны ў рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.
Камандзір камсамольскага атрада
22 чэрвеня 1941 г. у 6 гадзін раніцы ваенная часць, у якой служыў В.П.Марозаў, прыняла свой першы бой.
З успамінаў: “У жніўні 1941 года па загаду камандавання мне было даручана сфарміраваць з ліку камсамольцаў атрад колькасцю 90 чалавек. Задача была складаная – захапіць мост каля горада Новазыбкава і даць магчымасць нашым салдатам выйсці з акружэння. Мост быў узяты, і мы трымалі яго суткі. Тут я атрымаў першае раненне, але ўвесь атрад вывеў да сваіх.”
За гэтую аперацыю малады камандзір зводнага камсамольскага атрада быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, яму было прысвоена званне малодшы палітрук. Месяц медсанбата, а далей – ізноў у бой.
Ад Сталінграда да Берліна
З успамінаў: “У студзені 1942 года пачаўся прарыў фронту пад Сталінградам. У гэты час я быў камісарам палкавой батарэі ў кавалерыйскім палку. Цяжкія, складаныя баі. Здавалася, што кожны дзень – апошні. Але лёс распарадзіўся інакш.”
За баі пад Сталінградам Марозаў В.П. быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені. Воінскі шлях Васіля Пятровіча працягваўся ад Сталінграда да Берліна. Ён ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, затым на першым Беларускім франтах. У 1942 годзе ўступіў у члены КПСС, быў сакратаром партбюро батальёна. За бой пад Кенігсбергам узнагароджаны другім ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. Затым была бітва за вызваленне Прагі, дзе і закончыў малады палітрук сваю вайну.
Баявыя заслугі Марозава В.П. адзначаны медалямі: “За абарону Сталінграда”, “За абарону Кіева”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За ўзяцце Прагі”, “За Перамогу над Германіяй”.
“Дзякуй, настаўнік”
Пасля заканчэння вайны лёс звязаў Васіля Пятровіча з Беларуссю. Спачатку працаваў зампалітам у Ваўкавыску, затым дырэктарам дзіцячага дома ў Ражанцы, Пагодзічах, Правых Мастах. З 1959 года і да выхаду на пенсію Васіль Пятровіч – дырэктар Струбніцкай васьмігадовай школы.
За поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей быў узнагароджаны многімі Ганаровымі граматамі. Ён – выдатнік народнай асветы БССР, выдатнік народнай асветы СССР, дэлегат VI з’езду настаўнікаў Беларусі.
Пасля выхаду на пенсію Васіль Пятровіч доўгі час працягваў падтрымліваць сувязь са школай, выступаў перад вучнямі на ўрачыстых святах і лінейках, дзяліўся ўспамінамі аб вайне. Ён вёў актыўную работу ў савеце ветэранаў.
Час няўмольна крочыць наперад, але разам з тым яму непадуласна памяць народа. І кожны раз, убачыўшы на старых фотаздымках знаёмы твар, хачацца сказаць яму: “Дзякуй!”.
Рэгіна Вялічка,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея дзяржаўнай установы адукацыі
“Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс
дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад