Рагозніцкая школа не менш, чым іншыя школы Мастоўскага раёна, ганарыцца сваімі маладымі талентамі. Сёння ў цэнтры нашай увагі апынуўся вучань 9-га класа Дзмітрый Валчкевіч. Зусім яшчэ юны, але сваімі заслугамі ён можа ўжо ганарыцца!
“Зрабіў справу – гуляй смела” – з такім жыццёвым крэдам крочыць па сцежках жыцця хлопец. І, трэба сказаць, пакуль што ў яго ўсё добра атрымоўваецца. У гэтым годзе Дзіма заняў першае месца ў рэспубліцы па біялогіі! Яго стараннасці можна толькі пазайздросціць! Заслуга гэтаму, лічыць Дзмітрый, не толькі яго: яшчэ бацькі ў дзяцінстве прывілі яму любоў і цягу да ведаў і заклалі неабходныя цагліны ў фундамент яго будучага жыцця. Біялогія – любімы прадмет хлопчыка, і менавіта з ім ён марыць звязаць сваю прафесійную дзейнасць, бо плануе стаць зубным лекарам.
Але на гэтым талент юнака не заканчваецца: ён вельмі добра грае на баяне – з добрай адзнакай скончыў музычную школу, спявае і прымае актыўны ўдзел у жыцці школы – ездзіць на шматлікія раённыя алімпіяды, конкурсы “Што? Дзе? Калі?”, “Галасы гісторыі” і іншыя.
Трэба адзначыць, што Дзіма выступаў на сцэне Гродзенскага музычнага каледжа і, можа, звязаў бы сваё будучае з музыкай, але цяга да біялогіі аказалася мацнейшай.
Як звычайны хлопчык, любіць Дзмітрый і пагуляць з сябрамі ў двары, і паганяць мяч у баскетбол.
Вельмі цёпла адклікаюцца аб ім яго аднакласнікі: добры, ціхі, спакойны, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, старанны і спагадлівы хлапец. Бацькі юнака вельмі ганарацца заслугамі сына. І сапраўды, ім ёсць чым пахваліцца. Жадаем Дзмітрыю ажыццявіць свае планы, каб будынак яго жыцця быў трывалым, вялікім і прыгожым!
М. МАРОЗАВА,
студэнтка 5 курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. купалы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад