Паўлу Іосіфавічу Радзікевічу лёсам было наканавана нарадзіцца ў апошні дзень 1925 года, прайсці суровымі франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, застацца жывым і адзначыць 90-гадовы юбілей. З гэтай нагоды Паўла Іосіфавіча з віншаваннямі і падарункамі наведала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мастоўскага райвыканкама Алай Аляксандраўнай Яшковай. А яшчэ ветэрану пажадалі здароўя, сустрэць і 100-гадовы юбілей, уручылі падарункі старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Вольга Іванаўна Міхно і адказны сакратар раённага савета ветэранаў Уладзімір Юльянавіч Жылеўскі.
П.І. Радзікевіч выжыў ў жорсткай і страшнай вайне, дажыў да шаноўнага юбілею, хоць у Берліне і сёння знаходзіцца яго магіла за нумарам 724,а прозвішча ў ліку загінуўшых пры ўзяцці Берліна выгравіравана на помніку, што паблізу Брандэбургскіх варот. Павел Іосіфавіч так і не ажыццявіў сваю запаветную мару: наведаць Берлін, пабываць на сваёй “магіле, пакла-ніцца загінуўшым воінам. У маладосці паезд-ка ўсё адкладвалася, а пазней пачало падводзіць здароўе.
Вясна сорак пятага была ў самым разгары. Зразумела было і тое, што вайна блізілася за свайго пераможнага завяршэння. Яўгенія Паўлаўна Радзікевіч з невялікай вёсачкі Асаўляне з трывогай чакала вестак ад сына Паўла, які ваяваў на Першым беларускім фронце. Маці чакала пісьма ад сына, а яе выклікалі ў Масты, у райваенкамат. Там жанчыне ўручылі казённую паперку, у якой паведамлялася, што яе сын Павел Іосіфавіч Радзікевіч загінуў у бітве за Берлін і пахаваны там жа на бугры, нават быў указаны нумар яго магілы 724.
З сумнай весткай Яўгенія Паўлаўна вярнулася ў вёску. А праз некалькі дзён прый-шло пісьмо ад Паўла. Сын пісаў, што ранены і знаходзіцца ў шпіталі. Пісьмо было напісана сынавай рукой, у гэтым маці ніколькі не сумнявалася. Зверылі дату, пісьмо была напісана пасля 29 красавіка. А ў пахавальнай было ўказана, што што Павел загінуў 29 красавіка.
У маці адлягло ад сэрца. Адразу ж напісала адказ сыну. У лісце пыталася: у пяхоце ці артылерыі служыць Павел. Гэта сусед, які яшчэ ваяваў у Першую сусветную, сказаў маці, калі сын ваюе ў артылерыі, дык ёсць шанц выжыць, а калі ў пяхоце— верная гібель. Павел зразумеў пытанне маці і напісаў, што ваюе ў цяжкай артылерыі, хоць на самай справе служыў у пяхоце. Калі Павел Іосіфовіч Радзікевіч вярнуся з фронта, сустракаць “уваскрэслага” салдата выйшлі ўсе жыхары Асаўлян. Маці яшчэ доўгі час не магла паверыць свайму шчасцю.
Салдат вярнуўся не толькі жывым і здаровым, на радасць маці, родным і блізкім, але і з баявымі ўзнагародамі: медалі «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна» ўпрыгожвалі яго гімнасцёрку. Пазней Павел Іосіфавіч расказваў дзецям і ўнукам пра свае франтавыя дарогі, якія пралеглі праз Прыбалтыку, Польшчу і Германію. Пра той бой, які ледзь не каштаваў яму жыцця, з усімі падрабязнасцямі ён некалькі разоў распавядаў малодшаму пакаленню. Сёння некаторыя дэталі дапамагае бацьку аднавіць у памяці дачка Святлана.
Баі за Берлін былі цяжкімі і жорсткімі, вораг ніяк не хацеў здавацца. Смерць падсцерагала салдата ў кожнай гарадской разваліне. У той памятны дзень Павел Радзікевіч разам з камандзірам роты ладзілі сувязь. Іх высачыў нямецкі снайпер. Разрыўная куля трапіла у прыцэл карабіна. Гэта і выратавала Паўлу жыццё, хоць раненне ў спіну аказалася цяжкім. А камандзіру роты знесла шчаку. Дабраўшыся да сваіх, ён і паведаміў, што Ра-дзікевіч загінуў. А параненага Паўла падабралі салдаты з іншай часці і ледзь жывога даставілі ў шпіталь.
—Нам з камандзірам пашанцавала, што снайнер страляў з далёкай адлегласці, -- такі вывад робіць франтавік ужо сёння. А яшчэ Павел Іосіфавіч успамінае, што калі зімой яны знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы, у хату да гаспадароў, дзе кватаравалі нашы салдаты, зайшоў ксёндз, каб павіншаваць іх з Нараджэннем Хрыстовым. Павел Іосіфавіч папрасіў у святара благаслаўлення і каб памаліўся за яго.
З гэтым Божым благаслаўленнем салдат дайшоў да Берліна. Можа, яно дапамагло выжыць і вярнуцца ў родную вёску, хто ведае... Бо на фронце смерць падсцерагала салдата кожны дзень, кожны крок мог стаць апошнім. Не палічыць, колькі нашых салдат палегла за вызваленне польскай сталіцы. Баі за Варшаву — гэта баявое хрышчэнне Паўла Радзікевіча. Калі нашы воіны ўвайшлі ў город, ён быў разбураны дашчэнту. Не менш жорсткімі былі і баі ў Прыбалтыцы. Бывала, у наступленне падымалася чатырыста чалавек, а калі заціхаў бой, высвятлялася, што ў жывых засталося чалавек сто. Сёння Павел Іосіфавіч ўсё гэта перажывае зноў і зноў. Нават семдзесят год пасля вайны не здолелі сцерці з яго памяці тыя страшныя падзеі.
Паўстагоддзя Павел Іосіфавіч Радзікевіч у Мастах займаўся самай мірнай справай — будаўніцтвам, лічыўся добрым печніком. Складзеныя ім калісьці печы і сёння абаграваюць дамы некаторых мастаўчан. Пабудаваў дом сабе, дапамог будавацца дзецям. Сёння жыве разам з малодшай дачкой Святланай.
П.І. Радзікевіч -- не адзіны ў нашым раёне, хто на фронце “ўваскрэс” з мёртвых. Як сведчыць кніга “Памяць”, у свой час пахавальныя былі дасланы родным Ф.А. Кунцэвіча, І.М. Лозкі, Р.А. Мазура, В.В. Пышкевіча, А.І. Скабейкі. М.М. Цярэшкі. Гэтыя землякі таксама шчасліва “ўваскрэслі” з мёртвых і вярнуліся з фронту дамоў. А тыя “пахавальныя” і сёння захоўваюцца ў сямейных архівах як суровы і цяжкі напамін нашчадкам пра вайну. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад