Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьСоциумВ трудовом коллективеНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Я шчаслівы настаўнік. Аб сваёй прафесіі разважае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дубненскай школы Марыя Касазубава

Я шчаслівы настаўнік. Аб сваёй прафесіі разважае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дубненскай школы Марыя Касазубава18 августа 2021 — 10:03

Я шчаслівы настаўнік, таму што праз некалькі дзён сустрэнуся са сваімі вучнямі, гарэзлівымі і непаседлівымі, сур’ёзнымі і летуценнымі, часам дзёрзкімі, сучаснымі і таленавітымі.

Азіраючыся назад, разумею, што выбар на карысць прафесіі настаўніка фізічнай культуры зроблены даволі свядома. Яшчэ сама, будучы вучаніцай сярэдняй школы, не прапусціла ніводнага ўрока фізічнай культуры, ад званка да званка праводзіла час у спартзале. Паўдзельнічаць у гарадскіх спартыўных мерапрыемствах было вялікім гонарам. Пасля школы не пакінула сваё самае галоўнае захапленне  –  спорт. Падала дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Чатыры гады вучобы прайшлі як адзін дзень. Прадметы, якія вывучаліся, былі мне блізкія і цікавыя, таму складанасці не адчувала.

Восьмы год спяшаюся на працу ў Дубненскую сярэднюю школу. Для мяне урок фізкультуры  –  гэты час, адведзены на зносіны з дзецьмі, але зносіны незвычайныя: праз рух да станоўчых эмоцый. Планую работу так, каб сухія радкі вучэбнай праграмы ператварыць у дзіўныя хвіліны, калі можна раскрыць талент вучня. Назіраю за зменай настрою рабят, калі яны ўваходзяць у спартыўную залу. Вочы радасна ззяюць у прадчуванні таго, што можна скакаць, бегаць, займацца фізічнымі практыкаваннямі, рухомымі і спартыўнымі гульнямі. Прыемна бачыць, як нязграбныя, скаваныя ў руху на першых уроках вучні паступова выпростваюць плечы, становяцца мацнейшымі і больш упэўненымі, ператвараючыся ва ўмелага і спрытнага хлапчука або шуструю дзяўчынку.

Адным з галоўных прынцыпаў сучаснага ўрока фізічнай культуры я лічу індывідуальны падыход. Таму для кожнага вучня падбіраю практыкаванні і дазірую нагрузку з улікам стану здароўя, тыпу целаскладу, развіцця рухальных якасцей школьніка.

Імкнуся навучыць сваіх вучняў тэхніцы спартыўных дысцыплін, дапамагчы ім у развіцці фізічных якасцяў, а таксама аказаць падтрымку ў пераадоленні фізічных нагрузак. Бо нездарма само слова “школа” паходзіць ад лацінскага “скале”, што азначае лесвіца.  Лесвіца ўзыходжання як фізічнага, так і інтэлектуальнага і духоўнага ў чалавеку.

Працуючы з бацькамі, прапаную адкласці ўбок гаджэты, смартфоны і хоць бы гадзіну ў дзень прысвяціць заняткам спортам. Практыка паказвае, што вынікі навучэнцаў у тых сем’ях, дзе надаецца належная ўвага выкананню практыкаванняў, значна вышэй.

Ці стане спорт справай жыцця або застанецца як успамін з мінулага? Гэта таксама залежыць ад школьнага педагога. Менавіта таму асаблівую ўвагу адводжу рабоце са здольнымі і матываванымі навучэнцамі. Акрамя развіцця фізічных якасцяў, пачынаю паглыбленае вывучэнне рухальных уменняў, фармірую навыкі самаацэнкі і самакантролю пры выкананні практыкаванняў. Імкнуся ствараць даверлівыя адносіны з выхаванцамі, пераконваю, што фізічная культура і спорт  –  ключ да пераадолення многіх складанасцяў, якія ўзнікаюць у жыцці. Важным напрамкам лічу выхаванне ўзаемадапамогі, адказнасці за сябе і іншых.

З упэўненасцю кажу, што я шчаслівы настаўнік, таму што магу назіраць, як растуць у сваіх ведах, уменнях мае вучні. Ганаруся кожнай перамогай у шматлікіх конкурсах і алімпіядах, сярод якіх першынство Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы, першынство БФСТ “Дынама” па лёгкай атлетыцы памяці чэмпіёна СССР М.Н. Аўсяннікава, Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў  па веславанні на байдарках і каноэ, спаборніцтвы па валейболе ў праграме спартакіяды Гродзенскай вобласці “Каласок”, фінал Рэспубліканскай спартакіяды “Каласок” па валейболе для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў, спартакіяда Гродзенскай вобласці сярод ДЮСШ, СДЮШАР па лёгкай атлетыцы, першынство дзяржаўнай установы “Гродзенскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславых відах спорту” па АФП і СФП, рэспубліканскія спаборніцтвы сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, па зімовым і летнім мнагабор’і “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Надзея Кавалёва, Паліна Тамукевіч, Вікторыя Мялешка, Дар’я Табала сталі пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” ў 2020 і 2021 гадах. Тамукевіч Паліна атрымала дыплом ІІІ ступені пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды  ў  2021 годзе.

Адчуваю задавальненне, што сярод маіх выпускнікоў ёсць тыя, якія выбралі прафесію настаўніка фізічнай культуры. Гэта Артур Каробкін, Вадзім Хільмановіч, Кацярына Варабей, Надзея Кавалёва, Арцём Сядач, Ангеліна Богдзель, Аляксандр Мялешка.

Я шчаслівы настаўнік, таму што працую ў калектыве аднадумцаў. Павышаць метадычны ўзровень дапамагаюць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Д.І.Лазовік, дырэктар школы Л.К.Пусь.

Упэўнена, што не памылілася ў выбары прафесіі. Я шчаслівая, таму што ў мяне ёсць магчымасць зноў і зноў пазнаваць свет. Я шчаслівая, таму што  аддаю цяпло сваёй душы іншым людзям, дзецям. Я шчаслівая, таму што бачу вынікі сваёй працы. А заўтра я зноў іду ў школу...

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио