Алена Кліменцьеўна Шарай з Курылавіч пятага жніўня адзначыць 85-гадовы юбілей. Многае пражыта і перажыта гэтай моцнай духам жанчынай. Чорнай плямай прайшлася па яе і лёсе ўсёй іх сям’і вайна. Тое, што жанчына засталася жывой, інакш як Божым цудам не назавеш. -- Я не маю права наракаць і гнявіць Бога і не хачу для сябе другога лёсу. Дзякуй Усявышняму за пражытыя гады, і няхай заўтра ў маім жыцці не стане горш, чым сёння, -- мудра разважае Алена Кліменцьеўна.Хто не бачыў і не перажыў вайну, той нічога не ведае пра яе. Вайна пакінула ў маёй памяці і маіх блізкіх такі след, што яе жахі сняцца мне да гэтага часу і прымушаюць прачынацца ў халодным поце.
У сорак чацвёртым годзе зыход вайны ўжо быў прадвырашаны на карысць Савецкай Арміі. Але жахі для мірных жыхароў не канчаліся, а для некаторых толькі пачыналіся.
-- Адступаючы, немцы чамусьці загадалі сабрацца ў адным месцы ўсім жыхарам маёй роднай войскі Хойна, што на тэрыторыі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Тых, хто спрабаваў схавацца ці ўцячы, знаходзілі і расстрэльвалі на месцы. Усіх сабраных прыгналі ў Пінск і размясцілі ў лагеры. Мне ў той час споўнілася чатырнаццаць год. Дзяўчо неразумнае, але рызыкі не займаць. Нехта з дарослых падгаварыў мяне ўцячы з лагера. Першы раз уцёкі аказаліся няўдалымі. Злавілі, пабілі і пасадзілі на шэсць дзён у карцэр. Там было поўна крыс, галодныя, яны пакусалі пальцы на руках і нагах, -- расказвае Алена Кліменцьеўна, а голас яе дрыжыць, здаецца, восьвось сарвецца.
Другія ўцёкі аказаліся больш удалымі: дапамог знаёмы, які, рызыкуючы жыццём, схаваў дзяўчыну ў падвале свайго дома, дзе яна прасядзела некалькі дзён, пакуль Пінск не вызвалілі савецкія войскі. А самае страшнае адбылося, калі дзяўчына з Пінска вярнулася ў сваю родную вёску. У хаце ні акон ні дварэй, усё паламана і раскідана. Пачалі разбіраць завалы, разграбаць смецце. Ніхто не ведаў, што немцы, пакідаючы вёску, пакінулі многа мін. Адну з іх, прыбіраючы двор, зачапіла граблямі Алена. Прагрымеў выбух.
Тады ж на міне падарваўся і брат Міхаіл. Акрываўленых дзяцей пасівелы ад гора бацька павёз на возе ў бальніцу ў Пінск. Аднаму і другому захаваць рукі ўрачы не здолелі.А старэйшы брат Пётр загінуў на фронце і пахаваны ў брацкай магіле пfблізу польскага горада Гданьск. Запаветнае жаданне наведаць і пакланіцца яго магіле Алена Кліменцьеўна так і не ажыццявіла, аб чым вельмі шкадуе.
Слухаю Алену Кліменцьеўну і міжволі захапляюся яе моцным характарам. Страціць у маладым узросце правую руку, рана застацца ўдавой, адной гадаваць сына, але не згубіць пры гэтым веру і аптымізм— гэта пад сілу толькі моцным людзям.
Пазней яна нават вышываць навучылася адной рукой. Яе вышываныя работы “Тройка”, “Алені” і іншыя ўражваюць сваёй дасканаласцю і прыгажосцю. Колькі цярпення трэба мець, каб іх вышыць! Менавіта дзякуючы ўменню прыгожа вышываць Алена Кліменцьеўна ў 1998 годзе трапіла на тэлевізійную праграму “Поле цудаў”. Праўда, сёння вышыванне давялося пакінуць: вочы ўжо не тыя.
Цяпер яна аддае перавагу чытанню, напэўна, гэта засталося ад настаўніцкай прафесіі, якой Алена Кліменцьеўна прысвяціла без малога сорак гадоў. Большую частку з іх яна адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у Курылавіцкай сярэдняй школе. Сцвярджаюць, што чалавек ніколі не забывае сваё першае каханне і… першага школьнага настаўніка. Былыя вучні памятаюць Алену Кліменцьеўну: шлюць віншавальныя паштоўкі, прыехаўшы ў вёску, абавязкова заходзяць у госці. А сёння ў школу ўжо адпраўляюцца праўнукі тых, каго даўным-даўно суст-ракала ў школе маладая настаўніца. Жыццё працягваецца…
І сёння Алена Кліменцьеўна Шарай у гушчыні вясковага жыцця, нягледзячы на шаноўны ўзрост, не цураецца грамадскай работы. Ужо амаль дзесяць год яна з’яўляецца старшынёй пярвічнай тэрытарыяльнай арганізацыі ветэранаў вёскі Курылавічы, з дапамогай і пры падтрымцы старшыні Курылавіцкага сельскага Савета Сяргея Валяр’янавіча Каспяровіча стараецца паспрыяць пажылым вяскоўцам у вырашэнні іх праблем. А раз ты патрэбен людзям — значыць, жывеш правільна.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧНа здымку: А. К. ШАРАЙ у першым радзе справа.Фота С. ЗВЯРОВІЧА
На здымку: Алена Кліменцьеўна ШАРАЙ гутарыць са старшынёй Курылавіцкага сельсавета Сяргеем Валяр’янавічам КАСПЯРОВІЧАМ.
Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад