23 ліпеня 1943 года – вялікая дата для маленькай вёскі Княжаводцы Мастоўскага раёна. Гэта быў апошні дзень, калі тут гучаў дзіцячы смех, кіпела павольнае сялянскае жыццё. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску і дашчэнту спалілі яе разам з жыхарамі. Амаль ўсе жыхары вёскі – ад мала да вяліка – загінулі ў пакутах. Так, да вайны тут жыло 1020 чалавек. Па гістарычных сведках, з 922 загінуўшых у 1943 годзе выяўлена 441 прозвішча. Але лёс усё ж такі захаваў некалькі жыхароў. Сёння яшчэ ёсць жывыя сведкі тых жудасных падзей. Гэта Вера Андрэеўна Бышкала, Раіса Лявонцьеўна Крывец, Сцяпан Піліпавіч Крывец, Віктар Рыгоравіч Жук.
Кожны год, напярэдадні гэтай “чорнай” даты, у Княжаводцы прыязджае шмат людзей, каб ушанаваць памяць нявінна забітых продкаў. Штогод ля помніка “Смуткуючая маці” 23 ліпеня праходзіць мітынгрэквіем “ І памятаць страшна, і забыцца нельга…”. Традыцыйна мітынг пачынаецца пад гук званоў ранішняй службы ў царкве Святога Мікалая ў аг.Дубна. Настаяцель царквы айцец Мікалай (Гляд) праводзіць памінальны малебен аб нявінна забітых і асвяшчае магілу.
Сёлета сюды прыехала вялікая сям`я Кавальчукоў. Вольга Кавальчук з`яўляецца выжыўшай дзяўчынкай той вайны. У 1943 годзе ёй было ўсяго два гады. Яе маці Макрына Кавальчук тады, у ліпені сорак трэцяга, схавала сваіх пяцярых дзяцей у жыта, нырнула ў жытнюю гушчыню і прапала на некалькі дзён. Вольга ўспамінае “… Спачатку маці ўзяла чацвёра старэйшых. Я спала на ложку, яна не хацела мяне будзіць, а потым вярнулася і за мной. Мы нічога не елі і не пілі, сядзелі, і ўсё. Праз пяць дзён пайшлі толькі на пажарышча паглядзець, у нас пагарэла ўсё, нічога не засталося. Такі быў страх…”
Кожны, хто прысутнічаў на мітынгу, адчуваў у сваёй душы боль за шматпакутны лёс сваёй малой радзімы.Пад гул пранізлівай цішыні выступіла старшыня Дубненскага сельскага Савета Руслана Фёдараўна Якімчук, якая заклікала ўсіх да разумення жаху тых падзей і захавання мірнага неба над галавой. Былі ўскладзены вянкі і кветкі, прынесеныя дзіцячыя цацкі, як напамін аб страшнай трагедыі, якая не павінна паўтарыцца. Ушанавалі памяць аб загінуўшых хвілінай маўчання.
Зараз шмат гаворыцца аб тым, што, можа, не трэба варушыць мінулае, вяртацца да “крывавых” старонак гісторыі нашага Мастоўскага раёна. Але ці зразумее тады сучасная моладзь, якой цаной здабывалася мірнае неба нашымі дзядамі!?
Усё ж такі, чым больш памяць – тым менш болю аб вайне. І мы павінны пераймаць вопыт папярэдніх пакаленняў і рабіць ўсё дзеля таго, каб пралітая калісьці кроў была апошняй.
Т.КАРЖЭЦКАЯ,педагог-арганізатарДУА “Дубненская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад