Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

Выстаўка ў Мастоўскім цэнтры рамёстваў

Выстаўка ў Мастоўскім цэнтры рамёстваў01 декабря 2016 — 11:39

 

 

Цёплая і вельмі прыгожая выстаўка рэчаў з лёну, вязаных   кручком і на спіцах і валеных з воўны, адкрылася трыццатага лістапада  ў выставачнай зале Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў. На адкрыццё выстаўкі “Цёплая тэкстыльная казка” прыехалі майстры з Гомеля і Гродна: член Беларускага саюза  майстроў народнай творчасці  Алена Уладзіміраўна Аксёнава і член  саюза майстроў Гродзеншчыны  “Гарадзенскі каларыт” Кацярына Анатольеўна Неўгень. У адкрыцці выстаўкі прыняў удзел начальнік аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Дзяйкала.

  -- Лічу, што гэтая выстаўка ў нашым горадзе адкрылася  своечасова. Наступаюць халодныя зімовыя дні, калі хочацца апрануць на сябе нешта  не толькі  цёплае, але і прыгожае. Алена Уладзіміраўна  прапануе  жанчынам   эксклюзіўныя прыгожыя рэчы для зімовага гардэроба. А доўгімі зімовымі вечарамі, натхніўшыся, можна і  самому паспрабаваць стварыць для сябе што-небудзь прыгожае. Любуйцеся, набывайце для сябе тое, што спадабалася, -- запрасіла  дырэктар раённага цэнтра рамёстаў  Жанна  Лявонцьеўна Новік.

   На адкрыццё  выстаўкі палюбавацца на ўнікальныя тварэнні рук   цудоўных майстроў і задаць ім пытанні   прыйшлі каля сотні мастаўчанак, былі сярод іх і юныя наведвальнікі. Дзеці -- якраз з той катэгорыі, якой  усё цікава, ім пра  многае   хочацца даведацца, многае  ўбачыць і многаму навучыцца.. Аўтарскія інтэр’ерныя лялькі Кацярыны Аанатольеўны Неўгень з валянай воўны выклікалі ў дзяцей і дарослых таксама непадробную цікавасць.  А калі майстар прапанавала   правесці майстар-клас, каб павучыць  жадаючых  сухому валянню  (існуе яшчэ і  спосаб мокрага валяння) з воўны, дзеці адгукнуліся першымі. Соф’я Саентава, Дзіяна Зубко, Мікіта Сліж і Аляксандр Маскевіч  за нейкіх паўгадзіны паспелі пад кіраўніцтвам майстра зрабіць па два даволі прыгожыя сувеніры. Нават  паколаныя пальцы, валянне выконваецца з дапамогай спецыяльных іголак, не здолелі зацьміць рабятам  радасць і задавальненне ад выкананай работы.

  Калі назіраць збоку, працэс сухога валяння доволі просты. Бярэш распушаны кавалак воўны адпаведнага колеру, размяшчаеш у формачку  і інтэнсіўна колеш яго спецыяльнай іголкай. Працаваць іголкай --  асноўнае ў  працэсе сухога    валяння. Іголка на канцы мае спецыяльныя зазубрынкі, што дазваляе  валокнам воўны моцна замацоўвацца  паміж сабой. Просценькі сувенір зваляць для сябе здолее любы жадаючы. А вось майстар можа  са  звычайнай воўны стварыць  сапраўдны цуд.

   Кацярына Анатольеўна Неўгень  па  прафесіі мастак. У Гродна ў дзіцячай школе мастацтваў яна выкладае выяўленчае мастацтва. Валянне з воўны -- гэта яе  хоббі, якое  ўдала спалучаецца з прафесіяй. Захапілася яна  валяннем сем год назад. Цяпер  сваіх вучняў яна  вучыць не толькі маляванню, але і валянню. І як прызнаецца, гэтае рамяство нашых продкаў цікава і  сённяшнім  рабятам.

   А вось  жанчыны больш цікавіліся  вязанымі вырабамі  Алены  Уладзіміраўнаы Аксёнавай.  Найбольш смелыя  паступова ператварылі  выстаўку  ў подыум, з задавальненнем дэманструючы  на сабе  прыгожыя і, галоўнае, эксклюзіўныя  хусткі, шалікі, шапкі. Некаторыя нават  пажадалі набыць іх.

   -- Па прафесіі я ювелір, некаторы час працавала на аб’яднанні  “Крышталь”. Вязаннем захапілася, калі знаходзілася  ў  дэкрэтным водпуску  з першынцам Алёшам. Першае, што я звязала, былі пінеткі для малога. Затым  былі  дзве  сурвэткі, звязаныя са  звычайных  белых нітак  дзесятага нумару. Іх я выстаўляю на  кожнай сваёй выстаўцы і не прадаю ні за якія грошы. Вязаннем захаплялася мая бабуля Алена, мяне назвалі  ў яе гонар. Мабыць, яе  захапленне вязаннем перадалося і мне. Сёння  я шчаслівая тым, што мае работы прыносяць радасць людзям. Гэта напаўняе    энергіяй і натхняе на творчасць, на стварэнне новых рэчаў,-- расказвае  пра сябе Алена Уладзіміраўна.

  Жыццё з творчасцю больш  поўнае і прыгожае. З такім перакананнем пакідалі мастаўчане выстаўку  “Цёплая   тэкстыльная казка”.

  Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио