17 сентября 2026 — 15:22
Салмін Кірыл – учарашні школьнік, а сёння – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Пакуль аднакласнікі гарталі сайты сталічных ВНУ ў пошуках модных спецыяльнасцяў, Кірыл упэўнена запаўняў дакументы ў прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Спецыяльнасць – агранамія. Здавалася б, выбар, які ў многіх выкліча здзіўленне: навошта маладому чалавеку ў XXI стагоддзі, у эпоху лічбавых тэхналогій, звязваць жыццё з зямлёй?
Адказ аказаўся простым і сумленным.
– Я вырас у аграгарадку Вялікая Рагозніца і з дзяцінства бачыў, як працуюць на зямлі мае бацькі, — расказвае Кірыл. – Але галоўнае не гэта. Я зразумеў: сельская гаспадарка – гэта не мінулае, а будучыня. Сёння аграном – гэта не проста чалавек з лапатай. Гэта спецыяліст, які працуе з сучаснай тэхнікай, дронамі, лічбавымі картамі палёў і генетыкай раслін. Мне гэта цікава па-сапраўднаму.
Выбар вну таксама не быў выпадковым. Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт – адна з вядучых аграрных вну краіны з багатай гісторыяй і моцнай практычнай базай. Тут рыхтуюць не тэарэтыкаў, а спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць у полі з першага курса.
– На працягу вучобы ў 11 класе, мы заўсёды класам наведвалі дні адчыненых дзвярэй дадзенага ўніверсітэта, і нам там распавядалі, што ва ўніверсітэце сур’ёную ўвагу надаюць практыцы: студэнты выязджаюць у гаспадаркі, удзельнічаюць у рэальных праектах, працуюць на вопытных палях, – дзеліцца студэнт. – Для мяне гэта важна. Я хачу не проста атрымаць дыплом, а навучыцца справе.
Сваім аднагодкам, якія яшчэ сумняваюцца ў выбары жыццёвага шляху, Кірыл раіць не гнацца за модай:
– Не бойцеся выбіраць тое, што вам сапраўды па душы, нават калі гэта не самая “папулярная” спецыяльнасць. Калі вам падабаецца зямля, калі вы хочаце бачыць вынік сваёй працы – аграномія дасць вам гэта спаўна. Хлеб на стале – гэта тое, што трэба заўсёды.
Наперадзе ў Кірыла – студэнцкія гады, лекцыі і практыка, першыя самастойныя доследы на палях. А значыць, у беларускай зямлі з’явіцца яшчэ адзін малады, захоплены і адукаваны гаспадар.
І, магчыма, менавіта праз некалькі гадоў ён будзе вырашаць, якім будзе ўраджай цэлага раёна. Час пакажа. Але выбар Кірыл ужо зрабіў – і зрабіў свядома.
Алена МАМОВІЧ,
класны кіраўнік
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад