17 марта 2026 — 16:05
Калі дарослыя сапраўды любяць сваю Радзіму, адданыя ёй, то яны могуць перадаць гэтыя пачуцці дзецям, якіх выхоўваюць.
Ужо з самага маленькага ўзросту ў дзіцячым садку мы выхоўваем павагу і клапатлівыя адносіны да сваіх родных. На занятках дзеці знаёмяцца з прафесіямі бацькоў, праводзяцца гульні, якія адлюстроўваюць працу дарослых. Разглядваем сямейныя альбомы, праводзім сумесныя мерапрыемствы з бацькамі да Дня маці, Дня сям’і, да дня Абаронцаў Айчыны. Традыцыйна праводзім выставы: “Дары восені”, “Навагоднія цацкі”, дзе дзеці разам з бацькамі з’яўляюцца іх актыўнымі ўдзельнікамі.
Выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да роднага краю нельга без беражлівых адносін да прыроды, жывёл, птушак. У час прагулак мы праводзім назіранні, якія развіваюць інтарэс да прыроды, вучым цаніць прыгажосць.
Экскурсіі ў музей, да помнікаў баявой славы, ускладанне кветак, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, выставы малюнкаў на ваенную тэматыку выхоўваюць у дзяцей пачуццё гонару за свой народ.
Любоў да Айчыны нельга ўявіць без роднай мовы. У гэтым накірунку нам дапамагае мастацкая літаратура, беларускія гульні, а таксама фальклорныя святы. У кутку “Беларуская хатка” знаёмім дзяцей з мінулым краіны. Сваіх старэйшых выхаванцаў знаёмім з сімволікай краіны. Такім чынам, усе формы работы даюць пэўны плён. Калі ў выніку педагагічнай працы дзіця даведаецца больш пра сваю краіну, прыроду, сімвалы і калі яму будуць вядомы імёны, хто праславіў наш горад, Айчыну, калі ён будзе праяўляць інтарэс да ведаў, то можна лічыць, што наша задача выканана.
Марына Павачка,
выхавацель дашкольнай адукацыі ДУА “Дзіцячы сад №6 г. Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад