Падрыхтоўка дастойнай настаўніцкай змены – адна з галоўных задач школы. Далёка не кожны здольны стаць добрым настаўнікам, бо для гэтага акрамя профільнай адукацыі трэба валодаць шэрагам важных прафесійных і асобасных якасцей.
На працягу апошніх двух гадоў у нашай школе функцыянавала профільная група педагагічнай накіраванасці. Мы імкнёмся развіваць устойлівую цікавасць старшакласнікаў да настаўніцкай дзейнасці, арганізатарскія і камунікатыўныя ўменні, прафесійныя якасці, неабходныя для яе.
Факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” праводзіла Тамара Рагацэвіч, настаўнік, які любіць сваю прафесію, валодае ведамі па педагогіцы і псіхалогіі, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, які творча падыходзіць да вырашэння педагагічных задач, імкнецца да прафесійнага самаразвіцця, карыстаецца аўтарытэтам у калег і навучэнцаў.
У мінулым навучальным годзе на факультатыўныя заняткі прыйшлі пяць высокаматываваных дзесяцікласнікаў, якія марылі стаць настаўнікамі ўжо з пятага класа, а вучоба ў педагагічнай групе працягвала іх матываваць на самапазнанне і развіццё сваіх здольнасцей.
Вучні праходзілі псіхалагічнае тэсціраванне і анкетаванне па прафарыентацыі, якія раскрываюць іх здольнасці і схільнасці да пэўнага віду прафесійнай дзейнасці. Набываючы тэарэтычныя веды па педагогіцы, старшакласнікі паступова звярталіся да іх практычнага прымянення. Так, навучэнцы выступалі ў ролі членаў конкурснай камісіі па адборы педагагічных кадраў і прэтэндэнтаў на рабочае месца, складалі кнігу скаргаў ад імя настаўніка-прадметніка, пералічвалі праблемы, якія абцяжарваюць педагагічную дзейнасць і зніжаюць яе прыцягальнасць, абмяркоўвалі ўрыўкі з кінафільмаў і літаратурных твораў, створаных паводле школьнага жыцця. Усё гэта суправаджалася актыўнымі спрэчкамі дзяцей, што дазваляла ім увайсці ў ролю настаўніка.
Павышаную цікавасць у вучняў выклікалі заняткі, дзе яны займаліся практычнай вучэбна-педагагічнай дзейнасцю. Сярод іх – прафесійныя спробы, якія прадугледжваюць наладжванне ўзаемадзеяння з равеснікамі і малодшымі навучэнцамі. Даволі выніковым метадам фарміравання педагагічных навыкаў быў прыём “Прыняцце рашэння”, дзе вучні ацэньвалі пэўную педагагічную сітуацыю і выказвалі сваё стаўленне да яе, аргументуючы пазіцыю і ўплываючы на меркаванне апанентаў.
У педагагічнай групе вучыліся таленавітыя навучэнцы. Іх адметнымі рысамі заўсёды былі дапытлівасць і жаданне не спыняцца на дасягнутым. Яны пераможцы шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый.
Вялікае жаданне навучэнцаў стаць настаўнікамі, мэтанакіраваная работа педагогаў далі пэўныя вынікі. Сённяшнія трое выпускнікоў паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Павел Чарніцкі стаў студэнтам факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму па спецыяльнасці “гісторыя”, Ганна Пецурышына – студэнтка філалагічнага факультэта па спецыяльнасці “рамана-германская філалогія (нямецкая)”, Вікторыя Мармыш паступіла на факультэт мастацтваў і дызайну па спецыяльнасці “мастацкая адукацыя”.
Упэўнена, што будучыя настаўнікі вернуцца працаваць на малую радзіму, як вярнуліся нашы ранейшыя выпускнікі. Так, Анжаліка Лысюк і Марыя Грыгарэнка працуюць у сярэдняй школе №2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза В. П. Жукава, Анжаліка – настаўніца пачатковых класаў, а Марыя выкладае геаграфію, Кацярына Чарніцкая – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ў гімназіі №1 імя Данілы Іванавіча Валковіча г. Масты.
Плённай вам працы, сённяшнія і будучыя настаўнікі!
Галіна ГАХ, намеснік дырэктара па асноўнай ДУА “Пескаўская сярэдняя школа Мастоўскага раёна”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад