Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Выхаванцы летняга лагера ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” адкрываюць для сябе малую радзіму

Выхаванцы летняга лагера ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” адкрываюць для сябе малую радзіму26 июня 2026 — 16:42

Нельга па-сапраўднаму любіць тое, чаго ты не ведаеш. Кожны дзень у лагеры пачынаецца з адкрыццяў. Падчас краязнаўчых квэстаў і экскурсій хлопчыкі і дзяўчынкі літаральна дакранаюцца да гісторыі. Наведванне школьнага музея, вандроўкі да помнікаў і памятных мясцін аграгарадкоў Вялікая Рагозніца і Пацэвічы дапамагаюць дзецям зразумець: іх малая радзіма – гэта ўнікальная скарбніца. З асаблівым трэпетам выхаванцы лагера слухаюць успаміны мясцовых старажылаў пра падзеі, якія адбываліся ў час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі малой радзімы.

Сапраўдны патрыятызм – гэта экалогія спраў і думкі. Дзеці даказалі, што гатовы клапаціцца пра свой край ужо сёння. У рамках экалагічных акцый выхаванцы лагера разам з педагогамі прынялі ўдзел ва ўпарадкаванні тэрыторыі каля помніка загінуўшым землякам і магілы П.Д.Чарменнава ў аграгарадку Пацэвічы, дапамаглі прыбраць школьны парк. 

– Калі мы працуем разам і робім наш край чысцейшым, мы адчуваем сябе сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі, – падзялілася думкамі  выхаванка Ксенія Раманенка.

Такія хвіліны працы выдатна вучаць дзяцей цаніць прыроду і паважаць працу іншых.

Малая радзіма натхняе на творчасць. Свае пачуцці дзеці выказалі праз фарбы і словы. У лагеры прайшоў конкурс малюнкаў “Куток, які сэрцу мілы”, дзе на паперы ажылі знаёмыя школьныя двары, бабуліны хаціны і векавыя беларускія лясы. 

Асаблівым днём стаў Дзень беларускай мовы і народных традыцый. Выхаванцы з захапленнем гулялі ў забытыя народныя гульні “Шчупак” і “Гарлачык”, спявалі беларускія песні і размаўлялі на роднай мілагучнай мове. Праз гэтыя простыя рэчы дзеці адчулі сувязь пакаленняў, якая яднае мінулае і сучаснасць.

Лагерная змена скончыцца, дзеці разыдуцца па дамах, але той агеньчык любові да роднага краю, які загарэўся ў іх сэрцах за гэтыя тыдні, ужо не згасне.

Ірына Чарніцкая,

намеснік дырэктара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты