Лагер працы і адпачынку – адна з форм арганізацыі працоўнага выхавання падлеткаў, якая дапамагае правесці летнія канікулы прыемна і з карысцю. Сёлета 10 выхаванцаў лагера з ахвотай працавалі на палетках ЗАТ “Гудзевічы”. Дзеці праводзілі відавую праполку пшаніцы, займаліся рыхленнем глебы, даглядалі за кветкамі на клумбах. Такая форма актыўнага адпачынку садзейнічае развіццю і згуртаванню дзіцячага калектыву, падрыхтоўвае навучэнцаў да актыўнай працоўнай дзейнасці.
Жыццё ў нашым лагеры насычанае, поўнае падзей і сустрэч. У першы дзень працы лагера нашы выхаванцы былі пераўвасоблены ў пасажыраў экспрэс-цягніка, які ажыццяўляе рух па вызначаным, распрацаваным самімі пасажырамі маршруце. У ходзе падарожжа экспрэс-цягнік робіць прыпынкі на наступных станцыях: “Вясёлы серпантын”, “Навуковая”, “Памяць”, “Спартыўная”, “Экалагічная”, “Бяспечная”,“Бізнес–станцыя”. На кожнай са станцый пасажыраў чакалі розныя адкрыцці, знаёмствы, выпрабаванні, праходзячы якія яны вучыліся разумець сябе, свае асаблівасці, здольнасці, аналізаваць уласную дзейнасць, паводзіны і дасягнутыя вынікі. Суправаджаюць пасажыраў падчас падарожжа праваднікі-выхавальнікі. Канчатковым вынікам падарожжа з'яўляюцца "шляхавыя нататкі", якія складаюцца пасажырамі.
З цікавасцю выхаванцы лагера прынялі ўдзел у такіх мерапрыемствах як марафон “Вясёлка падзей”, аўкцыён ведаў “33 сакрэты кніжнага лета”, сітуацыйна-прававым практыкуме “Падлеткі і наркотыкі”, краязнаўчай экскурсіі “Мая малая радзіма”. Таксама прайшлі мерапрыемствы ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” па тэмах “Незалежная і квітнеючая Бедарусь. Мы зрабілі гэта разам” і “Нашы сімвалы – наш гонар”.
Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны выхаванцы лагера прынялі ўдзел у абласной патрыятычнай эстафеце перадачы Вечнага агню “80 гадоў смутку і памяці”. Лампада, якую перадалі, з'яўляецца сімвалам адзінства ў захаванні памяці гераічнага мінулага беларускага народа. Дзеці ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым землякам і ўшанавалі памяць хвілінай маўчання.
З вялікім задавальненнем здзейснілі краязнаўчую экскурсію “Мая малая радзіма”. Краязнаўства дапамагае бачыць прыгажосць навакольнага свету, развівае пазнавальны інтарэс да гісторыі, культуры роднага краю. У час экскурсіі выхаванцы лагера наведалі такія аб'екты як Брама, крынічку “Гаючая вада”, Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
На працягу работы лагера працы і адпачынку нашы выхаванцы праяўлялі ініцыятыву, былі актыўнымі. Дзеці паказалі сваю самастойнасць, сяброўскія адносіны адзін да аднаго, праявілі інтарэс да працоўнай дзейнасці. Яны з карысцю для сябе правялі час, адпачылі і атрымалі працоўны вопыт. Супрацоўнікі выхаваўча-аздараўленчай установы ўпэўнены, што лагер працы і адпачынку для дзяцей стаў карыснай, вясёлай і запамінальнай падзеяй у іх жыцці.
Наталля Бяйдук,
дырэктар выхаваўча-аздараўленчай
установы “Лагер працы і
адпачынку “К.Р.У.Т.О.”
Гудзевіцкай сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад