Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Вясну вітаць -- у музей "Лес і чалавек"

Вясну вітаць -- у музей 'Лес і чалавек'26 марта 2018 — 16:45

 

Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек” з 22 па 30 сакавіка запрашае юных мастаўчан на тэатралізаванае мерапрыемства “Саракі. Гуканне вясны”.

 

Пасля доўгай і халоднай зімы людзі з нецярпеннем чакалі цяпла, імкнуліся паскорыць яго прыход рознымі спосабамі: прызыўнымі песнямі, карагодамі, гульнямі. Меркавалася, што радасна сустрэтая, ветліва прынятая вясна ў падзяку прынясе свае падарункі – багаты ўраджай, поспех у гаспадарчых і іншых справах. Таму і ладзілі нашы продкі вясёлыя гульні ды забавы, каб задобрыць такую жаданую і капрызную пару года.


А 22 сакавіка святкавалі беларускае народнае свята Саракі. Казалі, што ў гэты дзень можна ўбачыць сорак выраяў і сорак жаваранкаў, і пасля гэтага свята вясна ўжо канчатковала пачынала гаспадарыць на зямлі.


Таксама на Саракі і Гуканне вясны нашы бабулі і дзядулі ўпрыгожвалі ўсё навокал рознакаляровымі стужкамі, выявамі птушак, зробленымі з паперы, нітак і спечанымі з цеста. Гэтым самым яны быццам бы “прыцягвалі” птушак, якія на сваіх крылах нясуць вясну. Лічылася, што калі птушкі выберуць якую-небудзь хату, то там будзе радасць і дастатак.


Аб усім гэтым работнікі музея “Лес і чалавек” у пазнавальнай форме расказваюць сваім юным наведвальнікам. Рабяты даведваюцца пра тое, чаму нельга чапаць і разбураць птушыныя гнёзды, чаму бусел так шануецца ў нашай краіне, якія прыкметы падкажуць надвор’е і якая прыгожая песня ў заранкі – прыроднага сімвала нашага раёна.


А каб хлопчыкі і дзяўчынкі не засумавалі, ім прапануюць адгадаць загадкі, пагуляць у такія вясёлыя гульні, як “Сарачыныя рэчы”, “Гусі ляцяць”, “Упрыгожым дрэва” і інш. За кожны правільны адказ і перамогу ў конкурсе – прыз у выглядзе выявы птушачкі. А на развітанне – наказ рабятам берагчы ўсё навокал: расліны, крынічку, крылатых сяброў, што, абудзіўшы сваімі песнямі зімовыя сны, нясуць цяпло, радасць і вясновае абуджэнне.

Н.БЯЙДУК
Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио