Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьНаука и образованиеНаука и образование

Вярнуліся на сваю малую радзіму. Маладыя педагогі Мастоўшчыны разважаюць аб прафесіі

Вярнуліся на сваю малую радзіму. Маладыя педагогі Мастоўшчыны разважаюць аб прафесіі31 августа 2021 — 15:29

У 2017 годзе  дзяржаўную  ўстанову  адукацыі  “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”   закончылі дзесяць выпускнікоў, у якіх я была класным кіраўніком. Чацвёра з іх вырашылі стаць педагогамі. У гэтым годзе  тры дзяўчыны закончылі Гродзенскі  дзяржаўны ўніверсітэт  імя Янкі Купалы і зноў пераступілі парог школы,  але ўжо ў новай якасці –  у якасці настаўніка.

Вельмі радуе, што дзяўчаты вярнуліся выкладаць на сваю малую радзіму. Маладыя спецыялісты гавораць, што толькi  на нашай роднай Мастоўшчыне самае чыстае паветра, самае блакiтнае неба, самая крыштальная раса, толькі тут самыя шчырыя і адкрытыя, таленавітыя і працавітыя  настаўнікі.  

 Анжаліка Красько – настаўніца пачатковых класаў у сярэдняй школе №2 г.Масты, Кацярына Капач выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў гімназіі №1. г. Масты, Марыя Грыгарэнка – настаўніца хіміі і біялогіі Правамастоўскай сярэдняй школы. Маргарыта Чарніцкая, закончыўшы Ваўкавыскі каледж установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, ужо другі год працуе  выхавацелем дзіцячага сада  №85 г. Гродна.

– Мае вучні заўжды будуць для мяне самыя лепшыя, і я з першых дзён  буду старацца   арганізоўваць сваю працу такім чынам, каб ім было цікава на ўроках. Унікальнасць выкладання ў пачатковых класах у тым, што я, як настаўнік, не абмежавана ў творчасці і эксперыментах: можна падаваць матэрыял і арганізоўваць сваю працу на ўроку і па-за ім так, каб вучоба ператварылася ў займальную захапляльную гульню. Галоўнае – выкладаць так, каб дзецям было цікава на  ўроках,  – гаворыць Анжаліка Красько. 

– Дзіця – гэта чыстае  палатно, а мы, настаўнікі,  – мастакі, мы  “малюем  на ім свае ўзоры”.  І толькі ад настаўніка залежыць, якая  “карціна”  атрымаецца ў выніку: шэдэўр, напоўнены вялікім сэнсам, або палатно з нейкімі крамзолямі. Напэўна, кожны настаўнік марыць, каб вынікам яго крапатлівай працы былі шэдэўры  –  бліскучыя вучні, якія смела і ўпэўнена глядзелі б у заўтрашні дзень.  На дадзеным этапе сваёй   творчасці я не магу адказаць, ці  добры я   мастак, ды і не мне пра гэта меркаваць. Але я цвёрда ведаю адно: колькі б часу  ні прайшло, я буду ўпарта адточваць майстэрства, каб у сваёй галерэі вучняў у мяне было як мага больш  шэдэўраў, – дзеліцца сваімі думкамі Кацярына Копач.

А Марыя Грыгарэнка разважае:

– Мне здаецца, што толькі чалавек, які шчыра любіць дзяцей, мае права працаваць у школе. Перакананая ў тым, што любоў да навучэнцаў, імкненне іх  разумець, уменне развіваць у іх здольнасці да пошуку самога сябе – галоўныя вехі на шляху ўдасканалення прафесійнага майстэрства. А адметнай рысай кожнага майго ўрока стане творчае супрацоўніцтва, узаемны давер і павага, добразычлівая атмасфера, зацікаўленасць у засваенні новых ведаў. На мой погляд, самае галоўнае ў прафесіі настаўніка –  не абмяжоўвацца толькі  ўрокам і вучэбнай праграмай. Настаўнік, перш за ўсё, чалавек, які перадае думку, будзіць гэтую думку ў свядомасці дзяцей, дапамагае знайсці сябе.  

–  Для мяне мая прафесія выхавацеля дзіцягага сада – гэта магчымасць пастаянна знаходзіцца ў свеце дзяцінства, у свеце казкі і фантазіі. Асабліва ўсведамляеш значнасць прафесіі выхавацеля, калі бачыш раскрытыя насустрач вочы дзяцей,  вочы, якія прагна ловяць кожнае  тваё слова,  твой погляд і жэст,  вочы, гатовыя змясціць у сабе  цэлы свет. Гледзячы ў гэтыя дзіцячыя вочы, разумееш, што ты патрэбны  ім, што ты для іх цэлы сусвет, што менавіта ты закладваеш парасткі будучых характараў, падтрымліваеш іх сваёй любоўю, аддаеш цяпло свайго сэрца, – шчыра гаворыць Маргарыта Чарніцкая.

Плённай вам працы, дарагія педагогі!

 

Галіна Галавенка,

настаўнік  рускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”  

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио