Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Вялікая матывацыя і стымул для новых здзяйсненняў. Дырэктар Мастоўскага музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская ўзнагароджана прэміяй імя А. Дубко

Вялікая матывацыя і стымул для новых здзяйсненняў. Дырэктар Мастоўскага музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская ўзнагароджана прэміяй імя А. Дубко14 января 2022 — 10:13

Штогод сярод лаўрэатаў прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А. Дубко з’яўляюцца імёны нашых землякоў. Сёлета высокай узнагароды за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ў намінацыі “Музейны работнік года” удастоена дырэктар Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская.

– Мінулы год для ўсіх нас праходзіў пад знакам адзінства, увабраў у сябе нямала культурных падзей, згуртаваў творчых людзей, сапраўдных патрыётаў сваёй зямлі, аб’яднаных агульнай гісторыяй, традыцыямі, культурнай спадчынай. Таму прэмія імя Аляксандра Дубко – вельмі высокая і каштоўная ўзнагарода за працу на карысць Прынёманскага краю, вялікая матывацыя і стымул для новых здзяйсненняў, – падзялілася думкамі Наталля Анатольеўна. – Няхай і ў новым годзе у нас будзе шмат цікавых крэатыўных ідэй, мерапрыемстваў, знакавых падзей. Новых усім дасягненняў і поспехаў.

Ініцыятыўны і кампетэнтны кіраўнік дадае, што атрыманая ўзнагарода – плён творчай і напружанай працы ўсяго калектыву музея, які сёння з поўным правам можна назваць адным з цэнтраў духоўнага і культурнага жыцця горада і раёна.

Прыярытэтным накірункам дзейнасці музея “Лес і чалавек” з’яўляецца экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення. Ужо 14 гадоў тут дзейнічае музейны экалагічны конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучае”, які за гэты час стаў міжраённым і аб’яднаў у імкненні захаваць прыроду юных эколагаў Гродзеншчыны.

Усё шырэй у музеі выкарыстоўваюцца новыя крэатыўныя формы работы з наведвальнікамі. Так, у 2019 годзе жыхары горада і раёна ўпершыню сталі ўдзельнікамі Фэста мастоўскіх прысмакаў з водарам лесу, дзе можна было не толькі паспрабаваць стравы нацыяльнай беларускай кухні, але і прыгатаваць некаторыя з іх на арганізаваным майстар-класе.

У гэтым жа годзе была арганізавана выязная выстава з элементамі тэатралізацыі “І спявае мне ў зямлянцы гармонік...”, прымеркаваная да 75-ай гадавіны  вызвалення Мастоўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праект “Музей у чамадане” дазволіў прадставіць цікавыя музейныя экспанаты за сценамі ўстановы і зрабіў іх даступнымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама дадзены праект карыстаецца попытам ва ўстановах адукацыі ў рамках Школы Актыўнага Грамадзяніна. Летась “Музей у чамадане” прадставіў выставу “Традыцыйны беларускі ручнік”, а годам раней мастаўчане пазнаёміліся з выставай “Партызанскімі сцежкамі Мастоўшчыны”.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў музея выклікаюць тэатралізаваныя мерапрыемствы, што прымеркаваны да народных беларускіх святаў. Паспяхова рэалізуецца культурна-адукацыйная праграма “Дрэва Жыцця”, дзе кожны музейны занятак адапціраваны да канкрэтнай аўдыторыі.

Значная работа была праведзена калектывам музея падчас рэалізацыі гуманітарнага праекта “Эка-стрым “Адпачынак з карысцю”. Для ўстановы былі набыты тэлевізар, фотаапарат, настольныя экалагічныя гульні, выставачнае абсталяванне, у гарадскім парку з’явілася альтанка для правядзення тэматычных экскурсій, анімацыйных праграм і музейных заняткаў на свежым паветры.

У мінулым годзе мастоўскія музейшчыкі распрацавалі пешую экскурсію “Вандроўка па горадзе над Нёманам”. Яе ўдзельнікі могуць пазнаёміцца з экспазіцыяй музея “Лес і чалавек”, наведаць падвесны мост і пападарожнічаць па вуліцах нашага раённага цэнтра. У музеі ўпэўнены, што дадзены праект зноўдзе свой працяг і сёлета, у Год гістарычнай памяці. Больш таго, экскурсія будзе дапоўнена і іншымі знакавымі мясцінамі горада, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

– Ёсць вялікія планы на будучае, ёсць згуртаваны творчы калектыў, гатовы іх рэалізаваць, ёсць жаданне працаваць – а гэта значыць, што ўсё ў нас атрымаецца, – падводзіць вынік Наталля Пуцілоўская. – Музей “Лес і чалавек” заўсёды рады сваім наведвальнікам і будзе старацца іх не расчараваць.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота Арцёма Турлая

 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио