Набліжаюцца два важныя святы -- Нараджэнне Хрыстова і Новы год. Калі Новы год асацыіруецца ў большасці з нас з боем курантаў у поўнач, шумнымі і яркімі феерверкамі на вуліцы, дык рыхтуючыся да Божага Нараджэння, кожны хрысціянін павінен засяродзіцца на духоўным: у наша зямное вымярэнне ўваходзіць надзвычай радасная рэчаіснасць -- прыход Збаўцы ўсяго чалавецтва.
Католікі адзначаць Нараджэнне Хрыстова ў ноч з 24 на 25 снежня. А пакуль што ў каталіцках храмах завяршаецца перыяд чакання, які папярэднічае святу, -- Адвэнт. Толькі ў Адвэнце могуць спалучацца радасць і пакаянне. Езус хоча ўвайсці ў жыццё кожнага чалавека з мэтай усё ў ім аднавіць, прыбраць непатрэбныя страхі і хваляванні, каб усе мы жылі надзеяй.
Да каталіцкіх традыцый належыць і святая імша аб Найсвяцейнашай Панне Марыі, званая Раратамі, якую звычайна адпраўляюць у касцёлах на досвітку. З Раратамі звязваны звычай запальвання спецыяльнай свечкі, рараткі. Яна абвяшчае прыход абсалютнага святла, якім з’яўляецца для нас Хрыстос. Каля сотні хлопчыкаў і дзяўчынак збіраліся кожны раз на Рараты ў касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Актыўна маліліся на Раратах юныя католікі і ў іншых храмах раёна. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўзносілі малітвы да Бога, чакалі прыходу малога Езуса, агучвалі свае добрыя справы і ўчынкі за год і з дзіцячай непасрэднасцю чакалі Святога Мікалая з падарункамі, бо дабро, зробленае для іншых, абавязкова павінна быць узнагароджаным.
А яшчэ дзеці пад кіраўніцтвам дарослых развучвалі да свята песні, рыхтавалі пастаноўкі паводле біблейскіх сюжэтаў, упрыгожвалі храмы адпаведнымі дэкарацыямі. Вечарам, 24 снежня ў касцёлах адбудуцца ўрачыстыя літургіі з нагоды нараджэння Хрыста.
Лічыцца, Божае нараджэнне -- сямейнае свята, калі збіраюцца некалькі пакаленняў, каб адзначыць разам адно з галоўных урачыстасцяў на працягу літургічнага года. Свята, поўнае шчырых усмешак, супакою і дабра, бо мала што значыць фармальнае свята, калі ў нашым асяроддзі і свядомасці не пануе атмасфера дабрыні і прабачэння, калі мы ў поўнай меры не можам прызнаць і прыняць, якая значная падзея набліжаецца.
Вельмі важна, каб у сем’ях бацькі рыхтаваліся да свята Нараджэння Хрыста разам з дзецьмі. Бывае, дарослыя ў клопатах пра знешнія атрыбуты: упрыгожыць дом, выбраць падарункі, падрыхтаваць святочны стол, забываюць пра самае галоўнае -- духоўнае вымярэнне надыходзячай падзеі. Каб такога не адбылося, варта ў чарговы раз нагадаць дзецям і сабе таксама гісторыю нараджэння Хрыста, што ён прыйшоў да нас дзеля нашага выратавання.
Святары гавораць вернікам, што мы часта турбуемся аб зямным, матэрыяльным, а павінны дбаць аб духоўным, вечным. Асабліва актуальна гэта ўсвядоміць падчас свята Божага Нараджэння, калі трэба прабачыць адзін аднаму і прыняць блізкіх такімі, якімі іх стварыў Бог. А яго сын Хрыстос ужо спяшаецца нам насустрач, каб парадаваць усіх сваім прыходам, абвясціць перамогу жыцця над смерцю.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад