У разгары летнія канікулы, і класныя кіраўнікі разам са сваімі падапечнымі ажыццяўляюць свае самыя амбіцыйныя вандроўніцкія мары і задумкі.
Так і ў нас, у Мілявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, нядаўна была арганізавана экскурсія-паход у Ліду і Гродна. Гродзеншчына – вельмі самабытны прыгожы куток Заходняй Беларусі, і гэтыя гарады ўжо даўно былі на прымеце, хоць не раз наведваліся намі. Хацелася адкрыць іх з якога-небудзь другога боку.
Настаўнікі Марына Уладзіміраўна Андала і Алена Іосіфаўна Русак доўга прадумвалі маршрут, збіралі інфармацыю, дамаўляліся з экскурсійным бюро Ліды, арганізоўвалі начоўку, вячэру, сняданак і гульні. А наогул у экскурсію-паход паехалі яшчэ і Вера Уладзіміраўна Пашкевіч, і Ірына Уладзіміраўна Гардзейка.
На цягніках, на машынах, пешшу. З маленькіх Мілявіч у вялікі свет, мы ехалі ў мару, за ўражаннямі. За вокнамі цягнікоў мільгалі населеныя пункты, стаялі магутныя прадпрыемствы. І вось гарады адкрылі нам свае таямніцы. Гэта былі два светлыя непаўторныя дні. У Лідзе вучні наведалі найцікавейшы марскі музей у школе № 10. Пакінулі свае запісы ў Кнізе водгукаў. Пабывалі ў краязнаўчым музеі і Лідскім замку. У доме творчасці дзяцей і моладзі для іх быў праведзены майстар-клас па вырабу святочнай паштоўкі з сыпучых матэрыялаў з выявамі Лідскага замка, а таксама экскурсія ў піянерскі пакой. Яшчэ ў Лідзе дзеці бавілі час на атракцыёнах у парку, пахадзілі па самых старых вулачках горада, многа фатаграфаваліся ля помнікаў гісторыі і культуры.
У Гродне наведалі Фарны касцёл, Свята-Пакроўскі сабор, пабывалі ля аркі, пастаўленай у гонар знакамітага Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, пабачылі Каложскую царкву, універсітэт імя Янкі Купалы, павандравалі па Савецкай вуліцы, наведалі парк Жылібера, атракцыёны.
Пабывалі мы і ў ваколіцах горада Скідзеля, палюбаваліся на рачулкі.
Вельмі карысна для будучага выбару прафесіі, што ў час экскурсіі дзеці ўбачылі прадстаўнікоў розных прафесій: праваднікоў у паяздах, экскурсаводаў, касіраў, вулічных музыкантаў, святароў, прадаўцоў, шоумэнаў.
Пазней мы яшчэ не раз будзем успамінаць гэтую экскурсію-паход, пераглядваць фотаздымкі і ўздыхаць па новых дарогах, бо мы – вандроўнікі па сваёй натуры, пазнавальнікі роднай зямлі. Толькі за апошні год на нашым рахунку шматлікія экскурсіі: мы наведалі Жыровічы, Гродзенскі прытулак для бяздомных жывёл, Ваўкавыск, спаленую вёску Княжаводцы, аграгарадок Лунна.
А. ПАТАПОВІЧ,
вучаніца 9 класа ДУА “Мілявіцкі вучэбна-педагагічны комплекс
д/с-СШ“
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад