Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиМолодёжьМолодёжьНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Вучыліся ў гімназіі №1 г. Масты. А зараз служаць Радзіме

Вучыліся ў гімназіі №1 г. Масты. А зараз служаць Радзіме07 апреля 2022 — 10:50

Ёсць такая прафесіяРадзіму абараняць! Здаецца, кожны з нас ведае гэту  фразу з мастацкага фільма “Афіцэры”. Сказана даўно, але актуальнасці гэтыя словы не страцілі і сёння.

Многія хлопчыкі з ранняга ўзросту мараць стаць афіцэрамі. Гэта досыць цяжкая, небяспечная і вельмі адказная прафесія. Быць сапраўднымі афіцэрамі могуць толькі самыя мужныя і адказныя людзі, здольныя праходзіць праз усе перашкоды на сваім шляху.

Жаданне стаць ваенным прыходзіць да хлопчыкаў пасля прагляду фільмаў пра вайну і сустрэч з людзьмі ваеннай прафесіі, пасля ўрокаў гісторыі і літаратуры. У падлеткавым узросце юнакі ўжо сур’ёзна рыхтуюцца да будучай прафесіі, каб паступіць у ваен­ныя навучальныя ўстановы.

“Каб Радзіму абараняць, трэба гэтаму вучыцца”, – сцвярджаюць выпускнікі гімназіі №1 г. Масты Максім Копаць і Кірыл Сядач. Гэтыя маладыя людзі звязалі свой лёс з арміяй, прысвяцілі сябе служэнню Айчыне. Максім стаў студэнтам ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (спецыяльнасць: фізічная падрыхтоўка ваенных, інструктар-метадыст па фізічнай падрыхтоўцы). А Кірыл быў залічаны на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У 2021 годзе хлопцы паспяхова скончылі свае навучальныя ўстановы і накіраваліся на першае месца службы. Максім быў размеркаваны ў Мінск у другую інжынерную брыгаду на пасаду кіраўніка фізічнай падрыхтоўкі і спорту. Кірыл служыць ў Навагрудку ў 255 асобным радыётэхнічным палку асаблівага прызначэння на пасадзе камандзіра ўзвода сувязі. Ніхто з хлопцаў ні на хвіліну не засумняваўся ў сваім прафесійным выбары.

 Ужо са школы нашы героі пачалі рыхтавацца да паступлення ў вышэйшыя ўстановы ваеннага накірунку. Яны добра вучыліся, цікавіліся рознымі школьнымі прадметамі, абодва займаліся веславаннем на каноэ ў Гродзенскім цэнтры алімпійскага рэзерву.  Усё гэта дапамагло ім дасягнуць сваёй мэты. 

“Каб стаць афіцэрам, неабходна не толькі натрэніраваць сваё цела, але і развіць розум і лагічнае мысленне, – упэўнены Максім. – Асноўнымі рысамі характару павінны з’яўляцца вытрымка, цягавітасць, адвага і самаадданасць. Прафесія абаронца Радзімы лічыцца вельмі прэстыжнай. Гэта абнадзейвае грамадзян краіны – ім няма чаго баяцца, на іх абароне стаяць надзейныя і кваліфікаваныя кадры. Абараняць Радзіму – значыць быць патрыётам сваёй зямлі. Ваенны любіць і паважае свой народ, засцерагае ад ворагаў і дорыць спакой грамадзянам”.

“Ваенная служба – гэта гонар для кожнага маладога чалавека. Аддаць доўг сваёй Радзіме – адзін з самых важных заняткаў у жыцці мужчыны. У сучасным свеце ваенная кар’ера лічыцца адной з самых цяжкіх. Ваеннаму ў наш час недастаткова ўмець трымаць у руках зброю і ведаць закон. Прафесія патрабуе ведаў у галіне фізікі, матэматыкі, грамадскіх навук. Таксама патрабуецца ўменне карыстацца рознымі прыборамі і зброяй новага пакалення. Думаю, ніхто не будзе спрачацца, што мая прафесія  вельмі важная для грамадства. Ваенныя  аберагаюць мір і чыстае неба”, – з захапленнем і ўпэўненасцю разважае Кірыл.

Ёсць такая важная прафесія – Радзіму абараняць. Гаворка ідзе нават не аб прафесіі, а аб прызванні. Менавіта таму, калі мы гаворым пра прафесійны выбар, слова “афіцэр” выклікае пачуццё павагі і гонару. Жадаем поспехаў нашым землякам Копацю Максіму і Седачу Кірылу і верым, што ганаровае званне афіцэра яны пранясуць праз усё жыццё. І няхай яно будзе мірным.

Наталля ХІХОЛ,

класны кіраўнік гімназіі №1 г. Масты


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио