Афганістан- вайна, якой магло не быць, але яна была і чорным сваім крылом захапіла цэлае пакаленне. На памежжы Мастоўскага і Ваўкавыскага раёнаў знаходзіцца вёска Струбніца. А два раёны тут аб’ядноўваюцца адзіным каталіцкім прыходам і адзінымі могілкамі.
Менавіта тут пахаваны воін-афганец Красько Аляксей Іванавіч, які нарадзіўся 22 красавіка 1964 года ў вёсцы Маісеевічы Ваўкавыскага раёна. Пасля заканчэння школы некаторы час працаваў у мясцовым калгасе шаферам. У 1985 годзе прызваны ў рады Савецкай Арміі. На яго лёс выпала афганская вайна. Радавы Красько А.І. служыў у правінцыі Кандагар вадзіцелем на аэрадроме. 28 лістапада 1985 года пры абстрэле калоны быў цяжка паранены, дастаўлены ў Ташкент, але раны аказаліся смяротнымі і 20 снежня Аляксея не стала.
У кожную пару года навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” праводзяць акцыі па добраўпарадкаванні магілы Красько А.І. Гэты год не стаў выключэннем. Напярэдадні трыццацігоддзя вываду войск з Афганістана навучэнцы старэйшых класаў правялі валанцёрскую акцыю на могілкі, часткова прыбралі магілу, усклалі кветкі і запалілі свечкі памяці. Акцыя прайшла пад дэвізам “Чорныя слёзы Афгана”. Менавіта чорнымі слязамі раскіданы па нашай зямлі помнікі воінам, якія з гонарам выконвалі свой воінскі абавязак і да апошняга заставаліся вернымі словам воінскай прысягі.
У рамках тыдня памяці ў VΙΙΙ – XΙ класах прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Салдат вайны не выбірае”, дзе навучэнцы даведаліся аб земляках, якія прайшлі дарогамі афганскай вайны.
Кажуць, што чалавек жыве да той пары, пакуль аб ім жыве памяць. Вельмі хочацца, каб памяць не гасла праз гады, і героі жылі вечна.
Вялічка Р.С.,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея
ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс
дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад