Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Віртуоз “зялёнага мастацтва” мастаўчанка Вольга Вайтовіч аднаўляе тэхналогію спіральнага пляцення

Віртуоз “зялёнага мастацтва” мастаўчанка Вольга Вайтовіч аднаўляе тэхналогію спіральнага пляцення19 февраля 2020 — 09:29

Калі чалавек шчаслівы ў прафесіі, то гэта бачна  па бляску вачэй, гэта  чуецца  ў кожным  слове, адчуваецца ў кожным дзеянні.  Вось і ў нашым  выпадку – цікавы, творчы, па-сапраўднаму захоплены  чалавек  жыве побач з намі, працуе  ў дзяржаўнай установе культуры “Мастоўскі  раённы  цэнтр рамёстваў”.  Гэта  Вольга Юр’еўна Вайтовіч, майстар  народных  промыслаў (рамёстваў).

Вольга – таленавіты майстар, актыўны прапагандыст народнай творчасці і народных рамёстваў, маладая, абаяльная жанчына з уважлівымі, добрымі вачыма, адкрытай  душою і залатымі рукамі.

Гэта чалавек сваёй справы. У Вольгі Юр’еўны заўсёды  шмат творчых, крэатыўных ідэй, якія яна ўвасабляе ў сваіх творах. Вобразы  беларускай флоры з натуральнай  і каляровай  саломкі, з травы, выкананыя ў самых  розных  тэхніках,  дэманструюць неабсяжнае  багацце  фантазіі  майстрыхі.

Вольга  нарадзілася  і вырасла ў вёсцы Струбніца Мастоўскага раёна. Закончыла  Струбніцкі  ВПК  дзіцячы сад-сярэдняя школа. Яшчэ  вучаніцай, яна спазнала асалоду  творчасці, калі наведвала  творчую  лабараторыю гуртка  саломапляцення. Яе работы  і сёння захоўваюцца ў школьным музеі.

Затым Вольга  прадоўжыла  вучобу ў Ваўкавыскім  педагагічным  каледжы. Рыхтавалася  стаць настаўнікам, але  ж,  па волі  лёсу ці ўсё ж  па загаду сэрца, аддала  перавагу  працы ў Мастоўскім раённым  цэнтры  рамёстваў, нават не здагадваючыся, што захапленне стане справай усяго яе  жыцця.

 І ўжо амаль  10 гадоў  яна ўсе сілы  і намаганні  аддае  любімай справе. З 2016 года занялася адраджэннем тэхналогіі спіральнага пляцення з травы, якая была практычна забыта на Мастоўшчыне. На сённяшні дзень тэхналогія цалкам адноўлена і плённа развіваецца. Створана калекцыя прадметаў побыту з выкарыстаннем старадаўніх тэхналогій пляцення ў спалучэнні з сучаснымі элементамі дзеля папулярызацыі забытага рамяства і ўкаранення яго ў сучаснае жыццё.

Вольга Юр’еўна з'яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскіх, абласных і раённых святаў, фестываляў нацыянальных  культур.  Прымае ўдзел у конкурсах народнай творчасці, мае шмат узнагарод. У 2019 годзе  ўдзельнічала ў рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў” і Міжнародным фестывалі “Славянскі кірмаш у Віцебску”, ў рамках якога прыняла ўдзел у конкурсе па пляценні з прыродных матэрыялаў “Папараць-кветка” і была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені, Дыпломам ІІІ ступені ў фестывалі-кірмашы традыцыйных рамёстваў “Веснавы букет”. У 2019 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў.

З мая 2019 года Вольга Юр’еўна  Вайтовіч з’яўляецца  членам  Беларускага  саюза майстроў Рэспублікі Беларусь.

Творчыя  работы Вольгі Юр’еўны   – цудоўныя падарункі  не толькі  для жыхароў  Мастоўшчыны, але  і  для замежных  гасцей. Яны  ўпрыгожваюць  інтэр’ер, дораць радасць,падымаюць настрой  нават  у  самы пахмурны  дзень.  Магчыма,  гэта  атрымліваецца  таму, што  яна   ўмее    бачыць  прыгажосць  у  звычайных  рэчах, любіць  і  творыць  у  добрым  настроі.

Пажадаем  Вользе  Вайтовіч  творчага  натхнення , паспяховага  асваення  новых  тэхналогій, атрымання  новых  тытулаў.

Тамара  Рагацэвіч,

намеснік дырэктара  па выхаваўчай  рабоце

Пескаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты