Калі чалавек шчаслівы ў прафесіі, то гэта бачна па бляску вачэй, гэта чуецца ў кожным слове, адчуваецца ў кожным дзеянні. Вось і ў нашым выпадку – цікавы, творчы, па-сапраўднаму захоплены чалавек жыве побач з намі, працуе ў дзяржаўнай установе культуры “Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў”. Гэта Вольга Юр’еўна Вайтовіч, майстар народных промыслаў (рамёстваў).
Вольга – таленавіты майстар, актыўны прапагандыст народнай творчасці і народных рамёстваў, маладая, абаяльная жанчына з уважлівымі, добрымі вачыма, адкрытай душою і залатымі рукамі.
Гэта чалавек сваёй справы. У Вольгі Юр’еўны заўсёды шмат творчых, крэатыўных ідэй, якія яна ўвасабляе ў сваіх творах. Вобразы беларускай флоры з натуральнай і каляровай саломкі, з травы, выкананыя ў самых розных тэхніках, дэманструюць неабсяжнае багацце фантазіі майстрыхі.
Вольга нарадзілася і вырасла ў вёсцы Струбніца Мастоўскага раёна. Закончыла Струбніцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Яшчэ вучаніцай, яна спазнала асалоду творчасці, калі наведвала творчую лабараторыю гуртка саломапляцення. Яе работы і сёння захоўваюцца ў школьным музеі.
Затым Вольга прадоўжыла вучобу ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы. Рыхтавалася стаць настаўнікам, але ж, па волі лёсу ці ўсё ж па загаду сэрца, аддала перавагу працы ў Мастоўскім раённым цэнтры рамёстваў, нават не здагадваючыся, што захапленне стане справай усяго яе жыцця.
І ўжо амаль 10 гадоў яна ўсе сілы і намаганні аддае любімай справе. З 2016 года занялася адраджэннем тэхналогіі спіральнага пляцення з травы, якая была практычна забыта на Мастоўшчыне. На сённяшні дзень тэхналогія цалкам адноўлена і плённа развіваецца. Створана калекцыя прадметаў побыту з выкарыстаннем старадаўніх тэхналогій пляцення ў спалучэнні з сучаснымі элементамі дзеля папулярызацыі забытага рамяства і ўкаранення яго ў сучаснае жыццё.
Вольга Юр’еўна з'яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскіх, абласных і раённых святаў, фестываляў нацыянальных культур. Прымае ўдзел у конкурсах народнай творчасці, мае шмат узнагарод. У 2019 годзе ўдзельнічала ў рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў” і Міжнародным фестывалі “Славянскі кірмаш у Віцебску”, ў рамках якога прыняла ўдзел у конкурсе па пляценні з прыродных матэрыялаў “Папараць-кветка” і была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені, Дыпломам ІІІ ступені ў фестывалі-кірмашы традыцыйных рамёстваў “Веснавы букет”. У 2019 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў.
З мая 2019 года Вольга Юр’еўна Вайтовіч з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў Рэспублікі Беларусь.
Творчыя работы Вольгі Юр’еўны – цудоўныя падарункі не толькі для жыхароў Мастоўшчыны, але і для замежных гасцей. Яны ўпрыгожваюць інтэр’ер, дораць радасць,падымаюць настрой нават у самы пахмурны дзень. Магчыма, гэта атрымліваецца таму, што яна ўмее бачыць прыгажосць у звычайных рэчах, любіць і творыць у добрым настроі.
Пажадаем Вользе Вайтовіч творчага натхнення , паспяховага асваення новых тэхналогій, атрымання новых тытулаў.
Тамара Рагацэвіч,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пескаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад