Восенню да іншых гаспадарчых пытанняў дадаюцца клопаты па нарыхтоўцы дроў і брыкету, назапашванні агародніны і садавіны, падрыхтоўцы печаў і электраабсталявання, каб перазімаваць бяспечна і сытна. Пажылым адзінокім і адзінока пражываючым мастаўчанам, а таксама інвалідам, якія не могуць вырашыць гэтыя пытанні самастойна, на дапамогу прыходзіць сацыяльная служба.
Будзе бульба і капуста
У спісе, дзе сёлета чакалі машыну цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з бульбай, капустай, морквай і буракамі, – 88 адрасоў.
– Аднымі з першых забяспечваюцца агароднінай на бясплатнай аснове ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, – расказвае дырэктар ЦСАН Алена Мялешка. – Таксама разлічваць на дапамогу могуць адзінокія гараджане і жыхары сельскіх населеных пунктаў, інваліды, чыя пенсія не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму. Штогод ахоплены дадзенай сацыяльнай паслугай і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, а таксама мастаўчане, якія сустракаюць зіму ў доме самастойнага сумеснага пражывання грамадзян у аграгарадку Зарудаўе.
Трэба адзначыць, што ў пытанні нарыхтоўкі бульбы і іншай агародніны работнікам цэнтра штогод падстаўляюць плячо сельгаспрадпрыемствы раёна і фермерская гаспадарка “Гарызонт”. Сёлета дзякуючы ім бульбай забяспечаны 45 чалавек, агароднінай – 43 чалавекі з ліку тых, хто мае пільную патрэбу.
Просьбы выконваюцца аператыўна
Як падкрэсліла дырэктар цэнтра Алена Мялешка, ужо завершана восеньскае абследаванне матэрыльна-бытавых умоў пражывання ветэранаў вайны, грамадзян, што пацярпелі ад наступстваў войн, адзінокіх пажылых жыхароў раёна і адзінокіх інвалідаў 1 і 2 груп. Усе заяўкі і просьбы, што прагучалі падчас правядзення абследавання ўжо выкананы.
– У вёсцы Нёман адна пражывае пенсіянерка Валянціна Георгіеўна Раманчук, у доме якой неабходна было адрамантаваць печ і пачысціць ад попелу комін. Усе гэтыя недахопы пажарнай бяспекі, што былі выяўлены камісіяй, ужо выпраўлены работнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме, – расказвае Алена Васільеўна. – Пабелены комін на гарышчы і ў доме, што належыць адзінокаму пенсіянеру Івану Пятровічу Люцкевічу з Правых Мастоў.
Больш складаныя віды работ, якія сацыяльныя работнікі не выконваюць (напрыклад, замена электраправодкі, капітальны рамонт печы), уключаюцца ў план мерапрыемстваў, што зацвярджаецца раённым выканаўчым камітэтам, і выконваюцца за сродкі мясцовага бюджэту, а таксама за кошт прадпрыемстваў, дзе да выхаду на пенсію працаваў пажылы грамадзянін. Яны таксама аператыўна вырашаюцца.
Дапамога прыходзіць своечасова
Нарыхтоўкай дроў і іншых відаў паліва работнікі цэнтра не займаюцца, аднак аказаць садзеянне, каб іх даставілі адрасату, могуць.
– Нядаўна да нас у цэнтр паступіла просьба па нарыхтоўцы дроў ад жыхаркі Вялікіх Сцяпанішак Леаніды Максімаўны Краус. Спецыялісты цэнтра звязаліся з Мастоўскім філіялам КУП “Гроднааблпаліва”, пакінулі заяўку – і ў хуткім часе дровы былі дастаўлены жанчыне, – прыводзіць прыклад Алена Мялешка.
Акрамя ўжо названых вышэй паслуг (дробны рамонт печы, пабелка коміна і інш.), сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ў складзе гаспадарчай брыгады могуць таксама пакасіць траву і ўзараць агарод мотаблокам. На ўсе віды гэтых паслуг устаноўлены сацыяльныя тарыфы.
– Калі раптам у пажылых мастаўчан узнікла нейкае пільнае пытанне ці праблема, якую яны не могуць вырашыць самастойна, дастаткова патэлефанаваць на нумары 6-49-41 ці звярнуцца асабіста па адрасе: горад Масты, перавулак Паўночны, 7, пакінуць сваю заяўку, і ў бліжэйшы час гаспадарчая брыгада акажа дапамогу ў пераадоленні складанай жыццёвай сітуацыі, – нагадала дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Так што можна быць упэўненымі, што халады, якія хутка наступяць, не напужаюць жыхароў Мастоўскага раёна. У іх дамах будзе цёпла, бяспечна і ўтульна, а стол – шчодрым і сытным.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад