23 ноября 2025 — 14:33
Восеньскія канікулы ў аздараўленчым лагеры «Экаландыя» ДУА «Пескаўская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі» прайшлі ярка, цікава і сапраўды насычана. За тыдзень змены дзеці паспелі і адпачыць, і навучыцца новаму, і праявіць сябе ў гульнях і праектах — пры гэтым у цэнтры ўсіх мерапрыемстваў заставаліся бяспека і беражлівыя адносіны да прыроды.
Кожная раніца ў лагеры пачыналася з хвілінкі бяспекі: выхавацелі нагадвалі дзецям правілы бяспечных паводзін на вуліцы і ў транспарце, правілы паводзін на прыродзе, тэхніку бяспекі на экскурсіях і падчас спартыўных гульняў. Такія кароткія штодзённыя заняткі сталі добрай звычкай і дапамагалі дзецям адчуваць сябе ўпэўнена ў любой сітуацыі.
Асаблівае месца ў рабоце лагера занялі эка-лабараторыі «Нашы адкрыцці». У майстэрнях дзеці даследавалі мясцовую флору і фаўну, працавалі з прыроднымі матэрыяламі, стваралі экалагічныя бюлетэні і лістоўкі.

Асабліва кранальным стаў дзень, калі прайшла акцыя «Памяці герояў — будзем годныя», падчас якой выхаванцы наведалі помнік загінуўшым землякам у аг. Пескі, запалілі лампадкі, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. У гэты дзень дзеці пісалі «Пісьмо салдату» і рабілі з паперы «Голуба міру».
Пазнавальнай была экскурсія ў сельскую бібліятэку. Бібліятэкар Гайдаш Г. П. расказала дзецям пра ролю сельскай бібліятэкі як цэнтра ведаў, культуры і зносін, імкнулася абудзіць цікавасць да чытання, пашырыць уяўленні аб кніжным свеце і выхаваць паважлівае стаўленне да кнігі.

Амаль кожны ўдзельнік знайшоў нешта па душы на квэст-экскурсіі ў школьным музеі «Ажыўшая гісторыя», дзе экспанаты «ажывалі» ў інтэрактыўных пастаноўках і расказвалі пра мінулае роднага краю. Гэта было займальнае падарожжа ў часе, дзе кожнае дзіця — не проста глядач, а герой гісторыі, здольны паўплываць на ход падзей і адкрыць для сябе мінулае сваёй краіны па-новаму.
Сур’ёзныя адкрыцці чакалі рабят падчас экскурсіі на ААТ «Мастоўскі рамонтны завод», дзе дзеці змаглі пабачыць вытворчыя працэсы і даведацца пра розныя прафесіі.

Не абышлося ў лагеры без забаўляльных мерапрыемстваў, якія спалучаліся з развіваючымі віктарынамі і творчымі пляцоўкамі: віктарына «Здагадайся», музычная праграма «Музычная шкатулка» і тэатралізаваная гульня «Падарожжа па краіне Мульці-Пульці», дзе дзеці разам з выхавацелямі здзейснілі займальнае падарожжа ў свеце казак і мультфільмаў.
Для спартыўных каманд была арганізавана рухомая гульня «Арыенцір», якая заклікана развіваць навыкі арыентавання ў прасторы, вучыць працаваць у камандзе, развіваць увагу, спрыт, памяць і фізічную актыўнасць.

Змена завяршылася яркай конкурсна-гульнявой праграмай «Я, ты, ён, яна», дзе каманды спаборнічалі ў творчых, спартыўных і інтэлектуальных конкурсах і выпрабаваннях. «Гэтыя канікулы навучылі вас сябраваць і верыць у сябе, «Экаландыя» — гэта месца, дзе нараджаюцца мары і мацнеюць характары», — адзначыла дырэктар лагера Рагацэвіч Т.Р., калі ў фінале ўсім удзельнікам уручала падарункі, памятныя дыпломы і медалі.
Восеньскія канікулы ў «Экаландыі» сталі добрым прыкладам удалага спалучэння адпачынку, бяспекі і адукацыйнай работы: дзеці вярталіся дадому з новымі ведамі, уражаннямі і сябрамі — гатовыя да новага вучэбнага этапу.
Выхавацель лагера Наталля Якубец
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад