Лета… Вясёлая і чароўная пара года. Гэта час, калі дзецям неабходна адпачыць ад мінулага навучальнага года і набрацца сіл для дасягнення новых вяршынь навукі. І вельмі правільна, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі накіроўваюцца ў аздараўленчыя лагеры, дзе адпачываюць, набываюць новых сяброў, развіваюць свае творчыя здольнасці.
Вельмі любяць дзеці нашага раёна лагер у вёсцы Пацавічы. На другую змену сюды былі запрошаны вучні з гарадской гімназіі №1 і Дубненскай сярэдняй школы. Трыццаць адзін вучань змог весела і з карысцю правесці частку лета.
Кожны дзень быў па-свойму цікавым і незвычайным. Мерапрыемствы, што праходзілі ў пачатку лагернай змены, былі накіраваны на згуртаванне дзіцячага калектыву, фарміраванне ўмення жыць і адпачываць у камандзе. Шаснаццаць выхаванцаў прадстаўлялі атрад “Дельфин”, 15 – “Ангелы”.
2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. З цікавасцю дзеці прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі “Раскажы мне аб сваёй зямлі”, дзе са шчырай пранікнёнасцю чыталі вершы і спявалі песні аб родных прасторах. У кожным слове гучалі любоў і гонар за нашу Мастоўшчыну. Падчас экскурсіі наведалі і Пацавіцкую царкву, што была пабудавана дойлідамі ў 1867 годзе ў адным з прыгажэйшых куткоў вёскі, і помнік загінуўшым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вялікую цікавасць выклікала гульня-квэст “Фотапаляванне”. Кожнай камандзе неабходна было зрабіць некалькі здымкаў па прапанаваных тэмах за пэўны прамежак часу. Гульня развівала ўменне бачыць прыгожае ў навакольным асяроддзі, творча падысці да выканання заданняў, умацавала сяброўскія адносіны.
Каб кожнае дзіця змагло раскрыць свае творчыя здольнасці, сумесна з Пацавіцкім Домам культуры была пра-
ведзена конкурсная музычная праграма “Залаты россып талентаў”. Разам з мясцовымі жыхарамі свае нумары таленавіта прадставілі Крысціна Уласевіч, Ксенія Крамарчук, Варвара Папкова, Ганна Дзекевіч, Аляксандра Лупач, Эвеліна Лапіч, Марыя Кандратовіч.
З мэтай умацавання здароўя праводзіўся цэлы комплекс спартыўных мерапрыемстваў: зарадка, гульні на свежым паветры, спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, заняткі ў трэнажорнай зале. Многа патрэбнай і карыснай інфармацыі атрымалі выхаванцы пры правядзенні хвілінак здароўя і бяспекі “Аказанне першай дапамогі пры сонечным удары”, “Вада памылак не даруе”, “Прафілактыка ўкусаў насякомых” і іншых.
Асаблівую цікавасць выклікала сустрэча з супрацоўнікамі Мастоўскага РАНС. Была прадэманстравана тэхніка, адзенне выратавальнікаў.
Многа цікавых мерапрыемстваў, сустрэч падарыў нам лагер у вёсцы Пацавічы. Закончылася лагерная змена калектыўнай творчай справай “Развітанне з лагерам”. Нягледзячы на ўрачыстасць, закрыццё прайшло на сумнай ноце. Усім было шкада развітвацца. Але хочацца верыць, што выхаванцы на ўвесь будучы навучальны год атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою.
А лагер у Пацавічах будзе чакаць сваіх сяброў наступным летам.
Выхавальнікі
аздараўленчага
лагера
“Пацавічы”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад