Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
Актуально

Воранава запрашае на «Дажынкі»

Воранава запрашае   на «Дажынкі»11 ноября 2016 — 11:33

 

18 лістапада Воранава запрашае на адно з самых чаканых і масавых свят Гродзеншчыны – «Дажынкі-2016».
Менавіта тут аграрыі Гродзенскай вобласці адсвяткуюць сваё прафесійнае свята. Культурная праграма «Дажынак» уразіць жанравай разнастайнасцю. Будуць прадстаўлены фальклорныя, эстрадныя і харэаграфічныя творчыя калектывы. Каля 500 артыстаў будуць задзейнічаны на канцэртных пляцоўках.


Ад парка да школьнага стадыёна раскінуцца гандлёва-выставачныя і культурна-забаўляльныя зоны.


З 9.00 гадзін пачнуць сваю працу выстаўка-кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі «Слаўлю працу тваю, хлебароб!», выстаўка-продаж харчова-прамысловых тавараў «Воранаўшчына гасцінная» і вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Жыватворныя крыніцы».


Гасцей свята будуць чакаць на тэматычных сельскагаспадарчых падворках раёнаў Гродзенскай вобласці «Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!». Сваёй разнастайнасцю здзівіць выстаўка-конкурс караваяў раёнаў «Жыві, яго Вялікасць Хлеб!». Яркі фон «здобнай» выстаўцы створаць фларыстычныя пано і дэкаратыўныя снапы, зробленыя калектывамі школ раёна.
Цэнтральную плошчу райцэнтра ўпрыгожыць галоўны знак свята – шмат’ярусны 4-метровы сноп, сабраны з хлебных ніў Воранаўшчыны.


У 11.00 гадзін у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбудзецца выстаўка-прэзентацыя прамысловага патэнцыялу прадпрыемстваў раёна.


На школьным стадыёне моладзь Гродзеншчыны зможа пазмагацца за прызы ў «Сельскай вясёлай эстафеце». Тут жа адбудзецца фінал абласнога праекта БРСМ «Сельскія «Алімпійскія гульні».


Знакавай падзеяй абласнога фестывалю стане адкрыццё сацыяльна-значнага аб’екта – гарадскога парка. Госці свята змогуць ацаніць яго пераўтварэнне пасля рэканструкцыі. Сапраўдным упрыгожваннем зоны адпачынку варанаўчан стане алея драўляных скульптур. Яна складзецца з работ, прадстаўленых усімі раёнамі вобласці. Кожны паспрабаваў перадаць у разных фігурах каларыт свайго краю.


Пасля рэканструкцыі парку змянілася і летняя эстрада. Сюды самых маленькіх гасцей свята запрашае «Гульнёвы падворак».
З 11.00 гадзін у г.п. Воранава будуць працаваць тры адкрытыя канцэртныя пляцоўкі: у гарадскім парку «Ад зерня ды каравая», па вуліцы Юбілейнай «Роднай зямлі шматгалоссе», на цэнтральнай плошчы «Свята склікае сяброў» і «Палітра талентаў». Адзін аднаго на сцэне будуць змяняць лепшыя творчыя калектывы Гродзеншчыны.


Усе жыхары і госці райцэнтра ў 13 гадзін 15 хвілін змогуць павітаць святочную калону ўдзельнікаў урачыстага шэсця пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2016 года.


Галоўная ўрачыстасць свята будзе праходзіць у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Цырымонію ўзнагароджвання перадавікоў сельскагаспадарчай галіны Гродзеншчыны ўпрыгожыць святочны канцэрт. На сцэне абноўленага цэнтра культуры выступіць ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы» з Гродна, здзівіць віртуознай ігрой на скрыпках група PALLADIUM Electric Band, парадуе спевам Іскуі Абалян.


З 18 гадзін 30 хвілін на галоўнай сцэне свята (цэнтральная плошча) ў рамках акцыі ФПБ «Мы – вместе!» выступяць артысты беларускай эстрады Вольга Плотнікава, Саша Нэма, Эдуард Ханок. На гэтай жа сцэне адбудзецца ўшанаванне працоўных дынастый Воранаўскага раёна, маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў.


Яркім акцэнтам завяршэння сельскагаспадарчага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2016» стане святочны феерверк.


Для жыхароў Воранаўскага раёна свята не завяршыцца. 19 лістапада пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 480-годдзю гарадскога пасёлка. Удзел у свяце прымуць і госці з-за мяжы, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Літвы, Расіі, Казахстана. На сцэне гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу будуць адзначаны заслужаныя людзі раёна. Незабыўнае шоу падорыць гледачам Гродзенскі музычны тэатр «Рада».


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио