Віктару Францавічу паступілі два тэлефонныя званкі, адна матуля дзіцяці-інваліда звярнулася на прыём асабіста.
Першае пытанне прагучала ад дзятлаўчаніна, які гадуе сына-школьніка, яно тычылася абароны правоў дзіцяці на адукацыю. Мужчына расказаў, што цяпер пасля адсутнасці дзяцей на занятках па хваробе, яны павінны напісаць на ацэнку ўсе пісьмовыя работы, якія прапусцілі. Для гэтага, як мяркуе бацька, у навучэнца, па-першае, можа быць недастаткова ведаў з-за пропускаў, па-другое, яго пакідаюць пасля ўрокаў, калі ўжо адчуваецца стомленасць.
Сітуацыю пракаменціравала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, якая прысутнічала на прыёме. Яна зазначыла, што згодна з унесенымі ў метадычныя рэкамендацыі змяненнямі па кантрольна-ацэначнай дзейнасці навучэнцаў такія правілы ў нашай рэспубліцы сапраўды ўведзены з гэтага навучальнага года. Аднак, настаўнікі не пакінуць вучняў сам-насам з праблемай. Перад тым, як дзіця будзе пісаць кантрольную работу, з ім правядуць падтрымліваючыя заняткі па прапушчаных па ўважлівай прычыне тэмах адпаведна колькасці ўрокаў, на якіх вучань адсутнічаў. Таксама педагогі ўлічаць фізіялагічныя патрэбы дзяцей: перад напісаннем работы для іх будзе арганізаваны 20-30-хвілінны перапынак, каб адпачылі і паабедалі.
Матуля, якая звярнулася на асабісты прыём да Віктара Францавіча, адна гадуе 15-гадовага хлопчыка-інваліда з прыроджанымі парокамі. З бацькам дзіцяці яна ў разводзе, ён выплачвае аліменты, іншай дапамогі па доглядзе сына не аказвае. Хлопчыку па стане здароўя неабходна платная аперацыя, рабіць якую мяркуюць у дактароў з Расійскай Федэрацыі. Сама маці не ў сілах сабраць патрэбную суму, таму і звярнулася па падтрымку.
Віктар Пранюк параіў жанчыне для паступлення сродкаў адкрыць дабрачынны рахунак у ААТ “Беларусбанк” і даў даручэнне ў раёне правесці шырокую інфармацыйную кампанію сярод жыхароў і грамадскіх арганізацый, якія могуць адгукнуцца на просьбу аб дапамозе. Не лішнім будзе з гэтай жа мэтай звярнуцца ў арганізацыю, дзе працуе бацька дзіцяці, іншыя арганізацыі раёна.
Яшчэ заяўніцы далі пералік дакументаў, копіі якіх неабходна прадаставіць у раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду, якое таксама можа аказваць фінансавую падтрымку ў падобных сітуацыях.
Чарговае даручэнне Віктар Пранюк адрасаваў галоўнаму доктару Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алегу Анцуху. У бліжэйшы час кіраўнік медыцынскай установы павінен адпаведна дыягназу хлопчыка-інваліда разгледзець магчымасць правядзення аналагічнай аперацыі беларускімі дактарамі. Існуе верагоднасць, што медыкамі нашай краіны такая аперацыя таксама можа быць выканана і прычым бясплатна.
Апошні тэлефонны зварот паступіў таксама ад маці дзіцяці-інваліда. Жанчына расказала, што яе сын ужо прайшоў курс навучання ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, яму 17 гадоў і хлопец застаецца дома. Жанчына раней неаднаразова звярталася з просьбай дазволіць сыну да паўналетняга ўзросту прадоўжыць наведваць гэту ўстанову, аднак спецыялісты юрыдычнай службы раёна сцвярджаюць, што для гэтага няма законных падставаў.
Віктар Пранюк патлумачыў заяўніцы, што ён як член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці ўжо сутыкаўся з падобнымі сітуацыямі ў іншых рэгіёнах рэспублікі, і яны вырашаліся. Таму Віктар Францавіч даручыў вынесці пытанне на парадак дня работы сесіі раённага Савета дэпутатаў, каб было прынята адпаведнае рашэнне.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!