У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе нарадзіўся, вырас, дзе працуе, спачывае душой і целам. Вёска Дубляны, якая адсвяткавала свой дзень, менавіта такі куточак для сваіх жыхароў.
Самая прыгожая, самая гасцінная, самая ветлая, самая светлая – менавіта такімі словамі характарызавалі сваю вёску яе жыхары. Распачалося свята словамі блаславення айца Мікалая, а затым віншаванні прагучалі ад старшыні сельскага выканаўчага камітэта Кацярыны Басінскай.
Трэба адзначыць, што вёска Дубляны вядома з XIX стагоддзя. Існуе цікавая легенда аб паходжанні і назве вёскі. Яна расказвае аб тым, што шмат гадоў таму сюды прыйшлі тры браты, якія займаліся апрацоўкай, вырабам, “дубленнем” авечых шкур. Менавіта яны і заснавалі паселішча, якое назвалі Дубляне. Шмат яшчэ якіх цікавых звестак даведаліся прысутныя аб гісторыі сваёй вёскі. Не абмінулі і падзеі ваенных часоў. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце ваявалі 23 вяскоўцы, з іх 13 – загінулі. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых землякоў.
Шчырыя словы падзякі гучалі у час святкавання за добрасумленную працу тым, хто працаваў і працуе ў гаспадарцы, на палетках, фермах, аддаючы ўвесь запал свёй душы справе і не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі і множаць славу Дублянскай зямлі. Вершы і музычныя прывітанні былі падарункам кожнаму жыхару.
Сталы ўзрост ва ўсе часы быў самы паважаны. Людзей, багатых на жыццёвую мудрасць і вопыт, віншавалі на свяце і жадалі ім даўгалецця. Словы павагі былі адрасаваны Зінаідзе Іванаўне Грэбень, Аліне Ігнатаўне Кажэцкай, Галіне Віктараўне Маляўка, Аляксандру Іванавічу і Леанідзе Ільінічне Скробка.
У гэты дзень кожны жыхар вёскі Дубляны атрымаў у свой адрас словы падзякі за руплівасць і стараннасць, працавітасць і адданасць роднай зямлі, за выхаванне дзяцей, якія дарэчы працягваюць працаваць у гаспадарцы. Усіх нават не пералічыць, але імя кожнага прагучала падчас свята.
Свае вершы прысвяціў вяскоўцам і зямляк – паэт Мікалай Пятровіч Іваноўскі. А святочны настрой песнямі і танцамі стваралі супрацоўнікі філіяла “Гудзевіцкі цэнтр дасуга і культуры”.
Трэба адзначыць, што сюды прыязджаюць жыць і працаваць новыя жыхары, вяртаюцца ў бацькоўскія хаты дзеці, даглядаюць сядзібы сваіх бацькоў тыя, хто жыве ў буйных гарадах.
Свая хата, як родная маці – абагрэе, накорміць, выгадуе. Хата да хаты – утвараецца вёска. Людзі жывуць у вёсцы адной сям’ёй, добра ведаюць адзін аднаго, калі трэба дапамагаюць, раюцца, разам смуткуюць і разам святкуюць.
Так і ў гэты святочны дзень аднавяскоўцы адсвяткавалі разам гісторыю і сучаснасць вёскі Дубляны.
М. ЖУК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад