Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураСоциумОбщественная жизньНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Вёсачка, жыві. У Агародніках ладзілі свята вёскі

Вёсачка, жыві. У Агародніках ладзілі свята вёскі15 августа 2022 — 11:50

Родная вёска – гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, першае слова, якое прыйшло ад маці, першая ўсмешка, якая не толькі сагравае, але і дорыць веру ў будучае.

Вёска – гэта незабыўная казка, куды хочацца вярнуцца зноў і зноў. І калі набліжаешся да родных мясцін, ужо здалёк пачынаеш адшукваць бацькоўскі дом, мілыя вясковыя вобразы. Незвычайна складваецца лёс вёсак, не так даўно яна гаманіла дзіцячымі галасамі і спевамі моладзі, хоць і працавалі цяжка. Бяжыць час – усё змяняецца, і парой не ў лепшы бок, але нязменнай каштоўнасцю застаюцца людзі.

На сённяшні дзень у Агародніках пастаянна пражывае чатыры чалавекі. Гэта Тамара Мікалаеўна Вераціла і Тамара Мікалаеўна Аўтух, Кацярына Іванаўна Маташук і Віктар Фёдаравіч Доста.  Яны ўсе свае сілы і намаганні прыкладаюць, каб у вёску цягнуліся і прыязджалі тыя, хто з’ехаў.

Стала добрай традыцыяй у Агародніках праводзіць свята пад назвай “Вёсачка, жыві”. Ладзілася яно і ў мінулую суботу.

З самага рання вёска стала поўніцца дзіцячымі галасамі і гулам аўтамашын. Амаль у кожным двары  рух. Наводзіўся парадак у дварах і на вуліцы, стаяў пах пірагоў.

Каля аднаго з двароў  – выстава народных майстроў, вышываныя ручнікі і сурвэткі, саматканыя дываны, прадметы хатняга побыту  і іншыя прадметы. Усё ўпрыгожана кветкамі і шарамі, гірляндай з рознакаляровых флажкоў.

На свята, каб павіншаваць і падняць настрой, прыехалі работнікі Пескаўскага сельскага клуба.

Пад мелодыю ўсім знаёмай песні пра вёсачку свята адкрыла стараста Тамара Вераціла. Яна прывітала землякоў і гасцей, пажадала ўсім моцнага здароўя, шчасця, міру, дабрабыту і добрага святочнага настрою.

Разам з бібліятэкарам Зарудаўеўскай бібліятэкі Марыяй Рахунок правялі экскурс  у гісторыю вёскі. Даведаліся, што назва яе яшчэ з часоў Сапегі паходзіць ад заняткаў мясцовага насельніцтва – агародніцтва. У 1905 годзе ў вёсцы пражывала 107 жыхароў.

Узгадалі землякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пяць чалавек пайшло на фронт, з іх трое загінула, акупанты загубілі траіх мірных жыхароў.

У 1949 годзе ў вёсцы быў створаны калгас “Свабода”. За працоўныя  дасягненні былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі  У. П. Болбат, У. У. Болбат, А. М. Зубок, Н. А. Куль і іншыя.

У 2001 годзе ў Агародніках пражывала 56 чалавек.

Па традыцыі шмат цёплых слоў сказалі ў адрас старэйшага жыхара Віктара Досты і былой жыхаркі, 90-гадовай Феліцыі Саўко, якая з дзецьмі прыехала на свята, каб сустрэцца з землякамі і пабываць у родных мясцінах. Старажылы  пажадалі вяскоўцам і ўсім прысутным любіць родную Беларусь, цаніць мірнае жыццё і не забываць родную вёсачку.

Не абмінулі вішаваннямі ўсіх, хто нарадзіўся ў пачатку жніўня, падарылі ім кветкі і музычныя падарункі.

Асобныя словы хочацца сказаць гаспадыням вёскі. Як шчыравалі яны, як хацелі дагадзіць, каб усім было весела і ўтульна. Хочацца пажадаць гэтым жанчынам моцнага здароўя і душэўнай маладосці.

Удзельнікі свята танцавалі, спявалі песні і частушкі, праводзілі гульні і ўдзельнічалі ў конкурсах, успаміналі маладосць, расказвалі розныя гісторыі з жыцця вёскі. Асобныя словы хочацца сказаць пра мужчын: яны  былі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў і гульняў.

Кожны чалавек рана ці позна пакідае сваё гняздо. Галоўнае, каб, пакідаючы яго, кожны з нас помніў свае вытокі і нават у самыя цяжкія хвіліны жыцця гэты ўспамін вярнуў нас у бацькоўскі дом, родныя мясціны. І калі вам захацелася душой і сэрцам адчуць подых дзяцінства, прайсці шляхамі свайго юнацтва, апынуцца каля рачулкі сваёй маладосці – лічыце,  што вы самы шчаслівы чалавек, таму што  вам заўсёды ёсць куды вярнуцца.

У маладосці хочацца хутчэй дзесьці паехаць, каб пабачыць свет. Але з гадамі любоў перапаўняе  сэрца і дае чалавеку моц на добрыя справы дзеля сваіх родных і блізкіх, дзеля той зямлі, дзе ты нарадзіўся і вырас. Цябе будзе цягнуць на радзіму, у родную вёсачку нават з далёкага Сургута, каб дыхнуць паветра і наталіць смагу глытком калодзежнай  вады.

Вельмі  хутка бяжыць час. Ён адбірае маладосць і сілы, але яму непадуладны шчырасць людскіх сэрцаў і чысціня душы. Жыццё кожнага чалавека – гэта часцінка гісторыі дзяржавы і ўсяго чалавецтва, асабліва калі ён адданы сваёй сям’і, карыснай справе, роднай зямлі і народу.

Служба інфармацыі газеты "Зара над Нёманам"


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио