Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумДуховностьБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Вернікі каталіцкай канфесіі святкуюць Вялікдзень

Вернікі каталіцкай канфесіі  святкуюць Вялікдзень20 апреля 2019 — 19:34

Заўтра вернікі каталіцкай канфесіі будуць святкаваць Уваскрасенне Хрыстова, у касцёлах раёна пройдуць урачыстыя богаслужэнні.

Святкаванне Вялікадня па традыцыі пачнецца сёння,  у суботу. У час Літургіі Святла будзе асвечана полымя, ад якога запальваецца вялікая свечка – пасхал, якая сімвалізуе ўваскрэсшага Хрыста. Са свечкай у руцэ святар уваходзіць у цёмны храм і прамаўляе словы свяшчэннага гімна “Exsultet” – паведамленне аб уваскрашэнні Хрыста. Падчас святой імшы прыхажане запаляць мноства “пасхалікаў” – сваіх свечак. Пасхальны агонь для католікаў – сімвал Божага Святла.

Таксама па традыцыі сёння ў касцёлах будзе чытацца шмат урыўкаў з Бібліі, якія праследжваюць усю гісторыю хрысціянства да Уваскрасення Хрыста. Пасля перадвелікоднай цішыні ў каталіцкіх храмах зноў зазвоняць званы і малітвы будуць  суправаджаць гукі аргана.

Вернікі загадзя ў суботу рыхтуюць велікодныя кошычкі. Іх упрыгожваюць, высцілаюць белай льняной ці вышытай сурвэткай, кладуць невялікую колькасць асноўных пасхальных прадуктаў. Кошычкі возьмуць  з сабой на богаслужэнне. На літургіі асвецяць фарбаваныя яйкі, якія сімвалізуюць новае жыццё, а таксама іншыя прадукты велікоднага стала: хлеб, булкі, вяндліну, каўбасы, ваду, соль. Акрамя велікоднаганага агню, які сімвалізуе Божае Святло, сімвалам Вялікадня з’яўляецца фарбаванае яйка. Згодна з Евангеллем, Марыя Магдаліна прыпаднесла яйка імператару Ціберыю ў знак Уваскрасення Хрыста. Імператар не паверыў і сказаў, як яйка з белага не стане чырвоным, так і мёртвыя не ўваскрэснуць. У гэты момант яйка стала чырвоным.

У час начной імшы ўпершыню пасля Вялікага посту ў касцёлах зноў прагучыць “Алілуйя!”

Святочнай  літургіяй у храмах завяршыцца Велікодны  Трыдуум, які пачынаецца з вечара Вялікага чацвярга да вечара самога свята Вялікадня. Гэта галоўнае і самае ўрачыстае богаслужэнне ўсяго года.

Ранкам у нядзелю вернікаў сустрэнуць у касцёлах урачыстыя гукі аргана і спеў хора. У гэты дзень адбываецца ўрачысты абход храмаў. У час крыжовага ходу выносяцца рэліквіі, вернікі спяваюць у гонар Хрыста хвалебныя гімны.

У  дзень Вялікадня прынята вітацца словамі “Хрыстос уваскрос!” і адказваць на іх “Сапраўды ўваскрос!”.

Свята вернікі адзначаць у гэты дзень таксама ў сваіх дамах і кватэрах. Па традыцыі рыхтуецца вялікі святочны стол, дзе збіраецца ўся сям’я, на яго выстаўляюцца асвечаныя ў храме прысмакі і не толькі.

Вялікодныя дні дораць нам радасць, абуджаюць самыя шчырыя і добрыя пачуцці – жыць у міры, згодзе і справядлівасці.

Мы папрасілі некаторых мастаўчан падзяліцца ўражаннямі ад чакання свята.

– Водар свежаспечаных булак, прыгожа афарбаваныя яйкі, радасныя прывітанні “Хрыстос уваскрос!” – такім запомніўся Вялікдзень з дзяцінства, – сказала Марыя Казакевіч. – Нават калі вучылася ва ўніверсітэце, старалася заўсёды прыехаць на свята дамоў. Часамі з сяброўкамі хадзілі ў касцёл.

– У мяне назаўсёды захаваліся ў памяці не толькі само свята,  а і тыя дні, якія папярэднічалі яму, – паведаміла Яніна Ахрымовіч. – Мы з мамай і сястрой наводзім парадак у доме, фарбуем цыбульным шалупіннем яйкі, бабуля пячэ булкі, ад якіх ідзе прыемны пах па ўсяму дому. Вечарам у суботу нехта са старэйшых у сям’і ідзе на набажэнства ў касцёл і свенціць прадукты. А раніцай ўсе сядаюць за святочны стол. Я застала яшчэ традыцыю, калі бацькі дарылі дзецям на Вялікдзень  абноўкі. Колькі радасці было і ад падарункаў, і ад свята!

– Мне падабаецца гэтае свята і сама атмасфера вакол яго,- адзначыў Ян Ухналевіч. – Людзі вакол добразычлівыя, запрашаюць у госці. З дзяцінства памятаю розныя абмежаванні ў час посту. Таму я з равеснікамі лічылі дні да Вялікадня. На свята выходзілі на вуліцу, біліся яйкамі “на выбіткі”, весяліліся. А галоўнае, збіраліся ўсёй сям’ёй. Гэтую традыцыю мы стараемся падтрымліваць і зараз, хоць не заўсёды атрымліваецца, бо дзеці жывуць і працуюць у Гродна і Лідзе. Але калі яны на Вялікдзень прыязджаюць са сваімі дзецьмі, нашымі ўнукамі – у нас вялікае і радаснае свята.

С. ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио