Кожны з нас на працягу жыцця неаднойчы меў зносіны са школай. Усе мы ў свой час былі вучнямі, пазней адпраўлялі туды дзяцей і ўнукаў. Свята першага верасня нікога не пакідае раўнадушным. Вучні з нецярпеннем чакаюць сустрэчы са школай пасля працяглых летніх канікул. Дарослыя разважаюць, што павінна даваць дзецям сучасная школа. З нагоды новага навучальнага года размова аб рабоце ўстаноў адукацыі раёна з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама В.С. ЦІХАНОВІЧАМ.
—Валянцін Сцяпанавіч, якія набыткі і дасягненні ў работнікаў адукацыі раёна?
— У мінулым навучальным годзе ўступіў у дзеянне Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Яго прыняцце павінна садзейнічаць павышэнню якасці адукацыі і адказнасці педагогаў за выкананне сваіх абавязкаў. У мінулым навучальным годзе ў раёне працавалі 40 устаноў адукацыі, дзе навучаліся і выхоўваліся 1447 дашкольнікаў і 3699 вучняў. Вядучыя пазіцыі сярод устаноў адукацыі па выніках 2011 года занялі педагагічныя калектывы гімназіі №1 г. Масты, Мікелеўшчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Масты, Лунненскага дзіцячага сада, Правамастоўскай сярэдняй школы, Струбніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Гэтыя ўстановы ўзнагароджаны дыпломамі Мастоўскага райвыканкама і грашовымі прэміямі.
—Для кожнага педагога важнай задачай застаецца навучанне чалавека, які валодае ўніверсальнымі ведамі, што пазней дапамогуць яму ў жыцці. Што робіцца ў гэтым накірунку?
—Сапраўды, вынік працы кожнага настаўніка пацвярджаецца і ацэньваецца поспехамі і дасягненнямі яго вучняў. У раёне склалася цэлая сістэма мерапрыемстваў па выяўленні і далейшым развіцці інтэлектуальна адораных вучняў. З гэтай мэтай у школах арганізаваны факультатыўныя заняткі па розных прадметах, дзейнічаюць навуковыя аб’яднанні. У мінулым навучальным годзе ў IV адкрытай раённай канферэнцыі “Пошук. Творчасць. Натхненне”, якая праходзіла на базе гімназіі №1 г. Масты, удзельнічалі вучні з 16 школ раёна, дыпломамі адзначана 61 работа. Работы юных навукоўцаў ацэньвалі выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.
На III абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Хрустальная Альфа-2011” атрымалі дыпломы Ганна Сільвановіч, Надзея Шамбер, Станіслаў Варац, Настасся Герасімчык, Настасся Навіцкая. Дыпломам 3-й ступені адзначаны Яўген Шаўчук за паспяховае выступленне на 15-м рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. У адкрытай Мінскай інтэрнэт-алімпіядзе па фізіцы Яўген Шаўчук атрымаў дыплом 2-й ступені. Дыплом 3-й ступені па беларускай мове ў інтэрнэт-алімпіядзе атрымала Юлія Валковіч. Вучні Гудзевіцкай гімназіі, Лунненскай школы і Мілявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы сталі ўдзельнікамі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, па выніках якога Алена Гаспаровіч, Вольга Габрусевіч з Гудзевіцкай гімназіі сталі пераможцамі.
—Галоўная асоба ў школе -- настаўнік, ад яго кампетэнтнасці, творчасці залежыць якасць навучання і выхавання, без яго не было б ні інжынера, ні ўрача, ні касманаўта, ні акадэміка. Які ён, сённяшні настаўнік?
— У раёне сёння працуюць 610 педагогаў, большасць з іх маюць вышэйшую адукацыю. Добры настаўнік — гэта не толькі высока-адукаваны спецыяліст, гэта чалавек творчы, які знаходзіцца ў няспынным пошуку. 399 настаўнікаў удзельнічалі ў мінулым навучальным годзе ў II завочным раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Мой лепшы ўрок”, 16 з іх сталі пераможцамі і прызёрамі. Аддзелам адукацыі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу работы кабінетаў замежнай мовы. Пераможцамі сталі кабінеты анг-лійскай мовы гімназіі №1 і нямецкай мовы Пескаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Развіваць у вучняў зацікаўленасць і патрэбнасць у ведах можа настаўнік, які сам з’яўляецца яркай асобай, лідэрам і вядзе да гэтага сваіх выхаванцаў. Прыкладам адданасці сваёй прафесіі могуць служыць А.Ю. Галавенка,Н.М. Ціхановіч, В.З. Грышанкова, В.М. Бялайц, Ж.С. Ціцянкова, Г.М. Мартынюк, Н.У. Сукач, А.І. Шаўчук, А.А. Місюк, В.В. Старавойтава, Я.М. Ківер, А.А. Шалястовіч, А.М. Чэрнік, І.М. Бачарова, С.В. Хурса і многія іншыя педагогі. Усе педагогі раёна маюць права на творчую ініцыятыву, выбар новых форм і метадаў навучання і выхавання.
Віншую ўсіх з пачаткам новага навучальнага года, жадаю здзейсніць самыя смелыя задумкі, паспяхова рэалізаваць самыя грандыёзныя планы. Няхай праца педагогаў будзе рэзультатыўнай!
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад