Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураСоциумОбщественная жизньБлоги наших журналистовНаталья ШевчикЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

“Ведаю, дзе “жыве” кожная кніга”. Бібліятэкар з Харціцы Сафія Брыцько аб любімай справе і жыццёвых прыярытэтах

“Ведаю, дзе “жыве” кожная кніга”. Бібліятэкар з Харціцы Сафія Брыцько аб любімай справе і жыццёвых прыярытэтах10 октября 2022 — 11:15

Добрай усмешкай і прыязнымі адносінамі сустракае кожнага свайго наведвальніка бібліятэкар Харціцкай сельскай бібліятэкі Сафія Брыцько. Хутка яна адзначыць залаты юбілей сваёй прафесійнай дзейнасці: у пачатку студзеня будучага года споўніцца 50 гадоў, як яна ўпершыню пераступіла парог Харціцкай бібліятэкі. І гэтаму выбару ні разу не здрадзіла, нават у думках.

Цікавімся у субяседніцы сакрэтам яе прафесійнага даўгалецця, бо, пагадзіцеся, не кожнаму такое выпадае.

– Лічу, што ў нашай справе мала проста добра выконваць свае прафесійныя абавязкі. Тут неабходна быць і ўважлівым псіхолагам, каб падтрымаць з чытачамі размову “па душы” і назаўсёды захаваць яе толькі ў сваёй памяці, і вясёлым аніматарам, каб правесці святочнае мерапрыемства, і назіральным дыпламатам, каб твая парада нікому не сапсавала настрой ці, не дай Бог, пакрыўдзіла, – падзялілася меркаваннем Сафія Юльянаўна.

Нездарма раённае кіраўніцтва і калегі, пастаянныя чытачы і сябры нашай субяседніцы адзначаюць яе выключную інтэлігентнасць, сціпласць, аналітычны розум, стараннасць, стрыманасць і ўважлівыя адносіны да людзей, якіх яна сустракае на сваім жыццёвым шляху.

– Я ведаю дзе, на якой паліцы “жыве” кожная кніга ў маёй бібліятэцы, здаецца, нават з закрытымі вачамі магу знайсці патрэбны экзэмпляр. Добра вывучыла літаратурныя густы і тэматычныя перавагі і сваіх чытачоў. У большасці мае прапановы наконт таго, што ўзяць пачытаць, трапляюць у цэль, – працягвае расказ Сафія Юльянаўна, якая абслугоўвае жыхароў аграгарадка Харціца, вёсак Чарлёна, Пладовая, Лаўна, Мазанава, Агароднікі, Раўкі.

Трэба дадаць, што бібліятэка ўжо даўно перастала быць проста месцам выдачы кніг. Зараз гэта інфармацыйна-адукацыйны цэнтр, дзе праходзіць безліч конкурсаў, выставаў і святаў. Як адзначае Сафія Юльянаўна, ёй у гэтым сэнсе вельмі пашанцавала, бо ўсе мерапрыемствы яна праводзіць сумесна з мясцовымі клубнымі работнікамі і іх кіраўніком Людмілай Москаль.

– Мы ніколі, як кажуць, не дзялілі тэрыторыю на “маё” і “не маё”, а сумесна рабілі агульную справу. Напэўна, таму нашы святы карыстаюцца такой папулярнасцю ў дзяцей і дарослых, і не толькі нашага аграгарадка, – разважае бібліятэкар.

Дарэчы, “дзіцячы дзень” у Харціцкай бібліятэцы – гэта нядзеля. Тут для рабят арганізоўваюць літаратурныя віктарыны, конкурсы малюнкаў па прачытаных творах, рухомыя гульні і абавязкова – салодкі стол.

А вось сталая частка мясцовага насельніцтва больш цікавіцца гісторыяй роднага краю. Блага, у Сафіі Юльянаўны сабраны багаты краязнаўчы матэрыял, які зараз праходзіць апрацоўку “лічбай”.

– Ведаеце, у нашым аграгарадку ўжо не засталося ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, аднак памяць пра іх жыве ў нашай бібліятэцы, на нашых выставах, якія мы рыхтуем да 9 Мая, Дня Незалежнасці, Дня вызвалення Мастоўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іншых памятных дат, – расказвае захавальніца гістарычнай спадчыны. – Таксама ў бібліятэцы шмат матэрыялаў пра дзейнасць колішняга калгаса “Праўда” (пазней калгаса “Дружба”) і яго знакамітага кіраўніка Сцяпана Хадзько. Усё гэта даступна абсалютна кожнаму нашаму жыхару.

Ужо 50 гадоў Сафія Юльянаўна жыве справай усяго свайго жыцця. Столькі ж сёлета споўнілася і сям’і Брыцько, дзе падраслі і ўжо стварылі свае сем’і дзве дачкі-двайняты, радуюць поспехамі дзве ўнучкі і падрастае трохгадовая праўнучка. Свае жыццёвыя прыярытэты наша суразмоўца вызначыла для сябе так:

– Самае вялікае і значнае свята для мяне, гэта калі ўся сям’я збіраецца разам. Ніколі нікому не зайздрошчу, дзякую Богу за тое, што маю, і прашу сіл і здароўя, каб дастойна пражыць адведзены мне адрэзак. А ўсё астатняе прыложыцца…

Такая вось мудрасць жыцця ад цудоўнай жанчыны, багатай сваёй сям’ёй, “залатымі” юбілеямі, прыязнымі чалавечымі зносінамі і … кветкамі, якія з’яўляюцца яшчэ адным захапленнем Сафіі Брыцько.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара і з уласнага архіва Сафіі Брыцько

Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале

Подписывайтесь по ссылке

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио