Для вучняў 8-11 класаў Дубненскай сярэдняй школы прайшоў прававы ўрок у фармаце ток-шоу. Чаму менавіта была неабходнасць правядзення такога ўрока?
У гэтым узросце ў падлеткаў назіраецца станаўленне даросласці. Яны імкнуцца пазнаваць новае. Падлеткі спяшаюцца быць дарослымі, патрабуюць мець роўныя правы. У іх з’яўляюцца атрыбуты падабенства: курэнне і ўжыванне спіртных напояў. Псіхолагі тлумачаць, што ў гэты перыяд у падлеткаў узнікае ўнутраны канфлікт: я ўсё ведаю, я буду рабіць так, як лічу патрэбным.
Каб дапамагчы разабрацца ў лабірынце правоў і абавязкаў, на сустрэчу з падлеткамі была запрошана адвакат Гродзенскай калегіі адвакатаў Іна Чарніцкая. На прававым уроку яна вялікую ўвагу надала праблеме наркотыкаў. На прасторах інтэрнэта можна сустрэць аб’явы, дзе на работу патрабуюцца людзі без вопыту, без адукацыі, будуць мець свабодны графік працы і пры гэтым атрымліваць вялікія грошы. Гэта наркадылеры, якім патрэбны людзі для распаўсюджвання наркотыкаў. І часцей за ўсё такія аб’явы прывабліваюць падлеткаў. Не бывае лёгкім шлях зарабіць вялікія грошы, а вось трапіць у турму вельмі хутка. Гаварылі не толькі пра распаўсюджванне наркотыкаў. Абмяркоўвалі меру віны пры ўжыванні іх і пры прыгатаванні сыравіны. Вучні задавалі пытанні і атрымоўвалі на іх змястоўныя адказы.
Час бег хутка, і цікавасць да набыцця новых ведаў пра свае правы і абавязкі ўзрастала.
Наступная тэма для абмяркоўвання – каханне. У 14 гадоў намер у падлеткаў сур’ёзны: яны хочуць у будучым уступіць у шлюб. У якім узросце? На гэтае і другія пытанні адказваў другі госць нашага ўрока – начальнік аддзела загса Мастоўскага раёна Таццяна Гермась. Яна адзначыла, што ў апошні час назіраецца тэндэнцыя павышэння ўзросту жаніха і нявесты. Калі раней уступалі ў шлюб ва ўзросце 20-23 гадоў, то цяпер гэта 27-30 гадоў. І гэта асабліва радуе, таму што маладыя з поўнай адказнасцю адносяцца да стварэння сям’і. Сям’я – гэта вялікая праца дваіх, якая будзе весціся на працягу ўсяго сумеснага жыцця. Тэма ўрока была сур’ёзная, але вучні падчас цікавіліся зусім не прававымі пытаннямі: у які дзень тыдня можна заключыць шлюб, які існуе дрэс-код.
Па шляху правоў і абавязкаў мы рухаемся далей. Нашы падлеткі на працягу ўжо трох гадоў летам працуюць у сэрвісных атрадах, лагерах працы і адпачынку. За летні перыяд многія з іх зарабляюць больш чым па 700 рублёў. Нехта марыць набыць ноўтбук, а нехта хоча адкласці іх на рэпетытарства. Можа іх захаваць у банку? Ці завесці сваю асабістую карту? Адзін вучань атрымаў у падарунак хату ў вёсцы. Ці можна яе прадаць і набыць для сябе нешта другое? На гэтыя і іншыя пытанні адказваў наш трэці госць – натарыус Мастоўскага раёна Ларыса Сегень. Яна пазнаёміла вучняў, у якім узросце яны змогуць быць паўнапраўнымі ўладальнікамі таго, што ім перайшло ў спадчыну ад родных. Цікавіла падлеткаў пытанне, як уступіць у спадчыну, куды звяртацца.
Час праляцеў хутка. З упэўненасцью можна сказать, што ўрок для падлеткаў прайшоў недарэмна. Яны не толькі сталі больш дасведчанымі ў сваіх правах, але яшчэ раз успомнілі пра свае абавязкі. Галоўнае для школьніка – вучыцца згодна са сваім фізічным і разумовым развіццём, з павагай адносіцца да бацькоў, да сваёй дзяржавы, захоўваць правілы паводзін у грамадстве. Трэба помніць, што правы чалавека заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы другога чалавека.
Ірына Кандратовіч,
настаўнік Дубненскай сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад