У Гродне прайшоў сход упаўнаважаных ад фермерскіх гаспадарак вобласці, якія ў хуткім часе прымуць удзел у рэспубліканскай нарадзе, дзе будуць абмеркаваны самыя надзённыя пытанні функцыяніравання і перспектыў далейшага развіцця фермерства, а таксама створаны яе кіруючы орган.
Тут варта звярнуць увагу адразу на некалькі акалічнасцей. Па-першае – сёлета споўнілася 20 год з дня заснавання фермерскага руху ў нашай краіне. На Гродзеншчыне на сённяшні дзень дзейнічае больш за 300 фермерскіх гаспадарак, у тым ліку 12 – у Мастоўскім раёне. З 2003 года дзейнічае абласная асацыяцыя фермерскіх гаспадарак. Прычым, дзейнічае даволі актыўна: яна аказвае фермерам дапамогу у іх станаўленні, набыцці тэхнікі, вырашэнні іншых пытанняў, аказвае інфармацыйныя і юрыдычныя паслугі. Дарэчы, не так даўно па ініцыятыве асацыяцыі для фермераў вобласці, якія займаюцца вырошчваннем агародніны і садавіны, быў арганізаваны семінар. Прайшоў ён на базе вядомай не толькі на Мастоўшчыне, але і далёка за яе межамі фермерскай гаспадаркі «Гарызонт» Генрыха Валяр”янавіча Мысліўца. Мерапрыемства атрымалася вельмі карысным і патрэбным. І трэба было бачыць, з якой зацікаўленасцю госці аглядалі вытворчую базу, палеткі «Гарызонта», колькі пытанняў задавалі яго гаспадару і наколькі поўныя, вычарпальныя адказы яны атрымалі. Пры гэтым сам Генрых Валяр”янавіч заўважыў: «Ад калег у мяне сакрэтаў няма. Рады падзяліцца ўсім, чаму сам навучыўся …»
Між іншым, у свой час такая ж арганізацыя была створана і на рэспубліканскім узроўні. Аднак работа яе была малаэфектыўнай, а потым і, наогул, спынілася. А фермерам працаваць без адпаведнай падтрымкі няпроста. Таму само сабой паўстала пытанне аб аднаўленні рэспубліканскай асацыяцыі. Зацікаўлена ў гэтым і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання краіны. І вось спачатку ў раёнах, а потым і ў абласцях прайшлі канферэнцыі фермераў, на якіх вылучаны ўпаўнаважаныя на рэспубліканскі сход, дзе і павінна вырашыцца гэтае пытанне.На абласным такім сходзе фермераў Мастоўскага раёна прадстаўляў Канстанцін Кірылавіч Новік.
– Фермерскай справай, – гаворыць Канстанцін Кірылавіч, – я займаюся амаль 10 год. – Пачынаў з 90 гектараў, а цяпер зямлі ў мяне ў тры разы больш. Вырошчваю зерневыя, бульбу, буракі. Ёсць для гэтага і адправедная тэхніка. Аднак ёсць і пэўныя пытанні, вырашэнне якіх аднаму не пад сілу. Таму і патрэбна такая арганізацыя, тым больш на дзяржаўным узроўні, якая б адстойвала інтарэсы фермераў, дапамагала ім. Мы ж працуем не толькі на сябе, але і на дзяржаву. І ў мяне асабіста, ды і ў іншых удзельнікаў сустрэчы, што прай-шла напярэдадні ў Гродне, ёсць пэўныя думкі і меркаванні, прапановы, якія мы абавязкова выкажам на нашай сустрэчы ў сталіцы. Мяркую, што да нашага слова там пры-слухаюцца, бо яно, як і нашы справы, – даволі важкае.
У. ТОМЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад