“Вось яно якое наша лета ...” – весела распявала дзетвара аграгарадка Курылавічы вясёлай кампаніяй, ідучы на свята дзяцінства ў Курылавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры. Тут як заўсёды 1 чэрвеня ладзілася свята “Прывітанне, Лета!”
У гэтым годзе свята распачалося плэнерам перад цэнтрам культуры конкурсам малюнкаў на асфальце “Фарбы Лета”, а ў памяшканні размясцілася выстава малюнкаў юных мастакоў “Прывітанне, Лета!”
Гучаць пазыўныя песні аб леце, і казачны дамавічок Кузя запрашае ўсіх на тэатралізаванае прадстаўленне “Прыгоды дамавічка Кузі”, дзе дзеці разам з героем трапляюць у краіну казак, а ўсялякія перашкоды ім ладзяць Бармалей і злая фея Цемра. Нарэшце ўсё заканчваецца добра, і дзеці разам з героямі адпраўляюцца на пляцоўку на гульнёвую праграму “Дзяцінству сонца падаруйце”. І тут пачаліся гульні, скокі, і зноў завадатарамі былі дамавічок Кузя, Бармалей і Фея Цемра. З гэтымі ролямі выдатна справіліся ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Крыніца” Насця Зуева, Карына Сліж і Сяргей Рахунак.
У вандроўку на “Кніжны востраў у моры вольнага часу” усіх запрасіла бібліятэкар інтэгрыраванай бібліятэкі Алена Іванаўна Яўсейчык. Яна прапанавала хлопчыкам і дзяўчынкам віктарыну “У гасцях ў літаратурных герояў”.
Свае мары аб вялікай сцэне ў гэты святочны дзень здзейснілі юныя выканаўцы песень: Максім і Аляксандр Цярэшка, Алег Баран, Ягор Зуеў, Вікторыя і Кацярына Мілюк, Вікторыя Качук, Вера Нікіціч.
Самыя маленькія ўдзельнікі свята Дзіма Дзянішчык, Цімафей Скіба, Матвей Прэдка прыйшлі са сваімі мамамі.
Мама маленькага Дзімы Лілія Сяргееўна Дзянішчык сама некалькі гадоў назад вяла праграмы і ўдзельнічала ў свяце дзяцінства Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры, а цяпер асвойвала новы статуc мамы юнага ўдзельніка свята.
Маленькі Цімафей выявіў здольнасці да малявання на асфальце, чым уразіў і здзівіў сваю маму. “Што ж, прыйдзецца купляць каляровую крэйду”, – сказала яна, гледзячы на юнага “графіці”.
І хоць свята скончылася і ўсе пакідалі Цэнтр вольнага часу і культуры задаволеныя і радасныя, нам хочацца сказаць: “Лета не скончылася, яно толькі пачынаецца, і наперадзе яшчэ вас чакае шмат цікавага і пазнавальнага”.
Г. САЎЧУК,загадчыца Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад