Усю сябе аддаваць рабоце. Такі жыццёвы прынцып у брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МРУСП “Мастаўчанка” Наталлі Сяргееўны Пяцэвіч, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару. А гэта - дадатковая адказнасць перад кіраўніцтвам, калектывам і самой сабой за аказаны высокі давер.
-- Вам Сяргееўна патрэбна? Пачакайце, недзе на тэрыторыі. Хутка падыдзе, -- праінфармавала нас адна з работніц фермы “Зарудаўе”.
Праз некалькі хвілін у дзвярах з’явілася жанчына невялікага росту ў гумовых ботах і рабочай вопратцы. “Я -- Наталля Сяргееўна Пяцэвіч. Добры дзень”, -- прывіталася брыгадзір і, быццам апраўдваючыся за свой знешні выгляд, дадала: “Прыходзіцца не толькі арганізоўваць работу і кантраляваць яе выкананне, але часам і станавіцца побач са сваімі падначаленымі. І справа тут зусім не ў недаверы, проста такі характар – не магу сядзець без работы. Ды і колькі б там не расказвалі пра абстаноўку на ферме, я пакуль сама ўсюды не прайду, усё не пабачу, не супакоюся”.
Апошнія адзінаццаць гадоў усе думкі Наталлі Сяргееўны скіраваны ў бок фермы “Зарудаўе”, дзе ўвагі і клопату чалавечых рук штодня патрабуюць 650 кароў і цялят. Дойны статак складаюць 404 каровы, якія ў сярэднім за суткі даюць па 12,8 кілаграма малака кожная. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па гаспадарцы.
-- У час асемянілі, зараз расцёлы пайшлі, кармоў дастаткова – вось і вынікі радуюць, -- расказвае брыгадзір пра “сакрэт” поспеху.
Мае ферма стабільны “плюс” і ў прывагах цялят. Так, маленькія бычкі прыбаўляюць у вазе ў сярэднім па 960 грамаў, цялушачкі – па 860 грамаў. Гэта, безумоўна ж, не мяжа, але добры задзел для больш высокіх паказчыкаў, якія пад сілу забяспечыць цялятніцам Кацярыне Іванаўне Маташук і Алене Іванаўне Красько. Дарэчы, гэта родныя сёстры, і абедзве паказваюць прыклад добрасумленнай, якаснай і адказнай працы. Як і даярка Алена Уладзіміраўна Красько, з якой можна параіцца па розных вытворчых пытаннях.
Усяго ў падначаленні Наталлі Сяргееўны знаходзіцца 22 чалавекі калектыву фермы. Гэта дзесяць аператараў машыннага даення, шэсць жывёлаводаў, два слесары, столькі ж цялятніц і вартаўнікоў.
-- За столькі гадоў, што працую на ферме, упэўнілася, што галоўную ролю ў вытворчасці малака ўсё ж іграюць людзі. Ад таго, якая атмасфера ў калектыве, як кожны ставіцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў, залежыць агульны вынік, -- разважае брыгадзір.
Дарэчы, за апошні час, дзякуючы ўвазе старшыні райвыканкама Юрыя Мікалаевіча Валяватага і кіраўніцтва МРУСП “Мастаўчанка”, на ферме з’явілася добраўпарадкаванае бытавое памяшканне, дзе работнікі могуць паабедаць, адпачыць і абмеркаваць надзённыя пытанні падчас вытворчага сходу. Вельмі спадзяюцца тут і на абяцаную сучасную дойку, якая значна аблегчыць працу аператарам машыннага даення.
-- Не сакрэт, што людзі жывуць надзеяй на лепшае. Не заглядваючы далёка наперад, наш калектыў зараз жыве надзеяй на новую дойку. Палепшацца не толькі ўмовы працы, але і якасць малака, -- з турботай у голасе гаворыць Наталля Сяргееўна.
І застаецца толькі здагадвацца, калі яна ўсё паспявае: і на ферме сачыць за работай ды парадкам, і дома па гаспадарцы ўправіцца. Тры сыны, што зараз жывуць ў Гродне, з дзяцінства прывыклі да таго, што маці больш часу праводзіла на працы, чым дома. Гэта яны цяпер, калі самі сталі бацькамі, разумеюць, што стараецца яна для іх жа дабрабыту, для шчасця і поспеху ўнука Уладзіка і ўнучкі Аляксандры.
Сама ж Наталля Сяргееўна прызнаецца, што праца дапамагае ёй перажыць цяжкасці, якіх нямала было ў жыцці, ратуе ад хвароб і дрэнных думак, а яшчэ – прыносіць пачуццё патрэбнасці і карысці для сваёй сям’і, раёна і радзімы. Нельга не пагадзіцца з гэтай мудрай навукай жыцця гаспадарлівай, працавітай і адказнай сельскай жанчыны.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад