
14 сакавіка 2025 года сорак 14-гадовых таленавітых юнакоў і дзяўчат з усіх вугалкоў нашай краіны прынялі ўдзел у святочнай цырымоніі ўручэння пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства прайшло ў рамках Усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Урачыстасць праводзілася ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што асабліва сімвалічна ў юбілейны год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Пашчаслівілася там пабываць вучню 8 класа ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” Панкевічу Дзмітрыю. Пашпарт Рэспублікі Беларусь яму ўручылі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
“Вельмі рады, што атрымаў самы галоўны ў жыцці дакумент ва ўрачыстай абстаноўцы. Прымаць удзел у такім патрыятычным мерапрыемстве – вялікі гонар. Гэты дзень мне запомніцца на ўсё жыццё. З пашпартам адчуваю сябе больш упэўнена. Ганаруся, што з’яўляюся паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь!” – падзяліўся ўражаннямі Дзмітрый.
У час цырымоніі кожны юны грамадзянін нашай краіны атрымаў у падарунак Дзяржаўны сцяг і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, вокладку на пашпарт і кніжнае выданне “Сімвалы суверэннай Беларусі”. Таксама для дзяцей і іх законных прадстаўнікоў была арганізавана экскурсія па экспазіцыях музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая не пакінула раўнадушным ніводнага падлетка.
Вольга Панкевіч,
настаўнік ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад