Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Усё павінна след пакінуць...

Усё павінна след пакінуць...23 июля 2014 — 10:00

Жыццё мудрае... Яно абавязкова знаёміць нас з людзьмі, невычэрпная шчодрасць душы якіх, іх высакароднасць, неардынарнасць і чалавечнасць робяць нашы будні змястоўнымі і непаўторнымі. Менавіта такім чалавекам на шляху многіх жыхароў Лунна і не толькі быў Мсціслаў Уладзіміравіч Cямак – былы дырэктар школы, заснавальнік музея баявой славы, заслужаны настаўнік БССР. Нядаўна ў Лунненскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета па ініцыятыве яе цяперашняга кіраўніка Віктара Мечыслававіча Чэрніка была ўрачыста адкрыта новая экспазіцыя, прысвечаная М. У. Семаку, ­­ Настаўніку і Чалавеку з вялікай літары.

Часам кожнаму з нас патрэбна перадышка перад чарговым стартам, нейкі фізічны і маральны адпачынак, каб азірнуцца, ацаніць зробленае і задаць сабе пытанне: “Ці так я жыву, ці годна? Што, які след пакіну пасля сябе?”  Для мяне такой аддушынай, падставай для роздуму і штуршком да далейшай дзейнасці стала ўрачыстасць з нагоды адкрыцця новай экспазіцыі ў музеі Лунненскай СШ, на якой давялося прысутнічаць. Чаму менавіта яна?  Можа быць, таму, што гэта было не казённае, дзеля “галачкі”, мерапрыемства, а шчырая, душэўная сустрэча сяброў, якіх сабрала разам памяць пра Мсціслава Уладзіміравіча Семака.

Прыемна ўсведамляць, што я таксама магу далучыць сябе да тых, хто ведаў гэтага чалавека. Памятаю, як мы прыехалі ў музей без папярэ­джвання, таму некаторы час чакалі Мсціслава Уладзіміравіча. Нягле­дзячы на летнюю гарачыню, ён з’явіўся ў касцюме, пры гальштуку і ў да бляску начышчаным абутку. Некалькі гадзін мы гутарылі, Мсціслаў Уладзіміравіч падрабязна і вельмі цікава расказваў пра гісторыю стварэння музея, яго экспанаты, пра сваіх вучняў і педагогаў школы, родных і сяброў. І вось роўна праз тры гады пасля яго смерці ўжо яны ўспаміналі свайго настаўніка, старэйшага калегу, дарадцу, дзядулю.

Такім яго ведаліГлядзім фільм, падрыхтаваны педагогамі і вучнямі школы, прысвечаны Мсціславу Уладзіміравічу Семаку. З экрана на нас пазірае малады прыгожы мужчына, заўзяты справай, актыўны, камунікабельны. Менавіта такія першыя ўражанні ён пакінуў у  сваёй былой калегі Зінаіды Аляксееўны Ізотавай, якая доўгі час працавала ў школе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.

­­ ­­ -- У школе ў той час вялікая ўвага надавалася ваенна­­-патрыятычнаму выхаванню вучняў, ­­ ­­--  успамінае Зінаіда Аляксееўна. – Дзякуючы Мсціславу Уладзіміравічу быў створаны музей, дзейнічаў парашутны гурток. Сам Мсціслаў Уладзіміравіч скакаў з парашутам разам з рабятамі. Ён асабіста ведаў  Герояў Савецкага Саюза, што атрымалі сваё ганаровае званне за вызваленне нашага краю, сустракаўся з імі, запрашаў у школу. Штогод вазіў рабят на экскурсіі ў Калінінград, Ленінград, Кіеў, Маскву. Памятаю, праходзіў конкурс школьных музеяў. Дык наш музей баявой славы заняў першае месца ў Беларусі і другое – у Саюзе. Тады школе падарылі матацыкл і музычныя інструменты для духавога аркестра, пад музыку якога мы пасля хадзілі на дэманстрацыі. Акрамя таго, Мсціслаў Уладзіміравіч вёў актыўную грамадскую работу: быў нязменным дэпутатам сельскага Савета, некалькі разоў выбіраўся дэпутатам раённага Савета, выступаў з лекцыямі.

Такім, поўным энергіі і сіл, аптымізму і высокіх памкненняў, застаўся Мсціслаў Уладзіміравіч і ў памяці свайго паслядоўніка на паса­дзе дырэктара Лунненскай школы Віктара Мечыслававіча Чэрніка.­­ ­­ -- Гэта была неардынарная асоба, ­­ ­­--  адзначае Віктар Мечыслававіч. – Добры і ўважлівы ў паўсядзённым жыцці, Мсціслаў Уладзіміравіч быў імпульсіўны і нават часам агрэсіўны, калі пытанне тычылася работы. Ён абсалютна не цярпеў нядбайнасці і самаддачы напалову, бо сам аддаваўся любімай справе ўвесь, без астатку. Мсціслаў Уладзіміравіч быў вельмі  мудрым чалавекам – увесь час дапамагаў мне, маладому кіраўніку, парадамі і асабістым удзелам, а заўвагі калі і рабіў, то вельмі карэкт­на, інтэлігентна.

Вобраз любімага настаўніка, які ўмеў захапіць сваёй ідэяй настолькі, што вучні “прападалі” ў школе днямі і начамі, застаецца непахісным ідэалам для выпускніцы 1967 года Ларысы Лук’янаўны Хацько (да замужжа Дзяшук).­­­­--  Мсціслаў Уладзіміравіч не ўваходзіў – ён улятаў у клас, заўсёды з прыгожай чорнай папкай і ўказкай, што служыла яму і кінжалам, і вінтоўкай, і пулямётам, ­­ -- дзеліцца сваімі ўспамінамі Ларыса Лук’янаўна, былая старшыня савета музея, актыўная ўдзельніца школьных мерапрыемстваў. – На кожным уроку гісторыі мы адпраўляліся з ім у падарожжа: Грунвальд­ская бітва, Кулікоўская бітва, вось мы ужо на Барадзінскім полі, ці праходзім шляхам вызваліцеляў Беларусі ад нямецка­­фашысцкіх захопнікаў. У нас было вельмі цікавае і насычанае жыццё, я сама чатыры разы скакала з парашутам, лавіла карпаў на возеры, была ўдзельніцай усесаюзных злётаў і адпачывала ў “Артэку”. У сценах Лунненскай школы мы атрымалі не толькі трывалыя веды, але і зарад энергіі, аптымізму і актыўнай дзейнасці на ўсё жыццё. А самае галоўнае, што мы навучыліся любіць свой край, сваю Радзіму.

Урокі гісторыі Мсціслава Уладзіміравіча сталі лёсавызначальнымі і для Станіслава Алёйзавіча Сільвановіча, выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук.­­ ­­--  Мне запомніўся ўрок, на якім размова ішла пра Вялікую французскую рэвалюцыю. Нечакана Мсціслаў Уладзіміравіч стаў спяваць “Марсельезу”. Гэта мяне вельмі ўразіла і здзівіла, ­­ ­­ -- расказвае Станіслаў Алёйзавіч. – Гады маёй вучобы ў Лунненскай школе супалі з пачаткам перабудовы.    І Мсціслаў Уладзіміравіч першым стаў расказваць нам пра так называемыя “белыя плямы” гісторыі, у прыватнасці, пра сталінскія рэпрэсіі. Пад уздзеяннем гэтага фактара я цвёрда вырашыў стаць гісторыкам і вывучаць гэтыя “белыя плямы”. Мсціслаў Уладзіміравіч, даведаўшыся пра мае памкненні, стаў рыхтаваць мяне да паступлення, даваў магчымасць карыстацца кнігамі з уласнай бібліятэкі. Пазней я ўжо вярнуўся сюды ў якасці настаўніка, зноў жа дзякуючы М.У. Семаку.

Нямала добрых слоў пра героя ўрачыстасці выказала галоўны спецыяліст Лунненскага сельвыканкама Алена Пятроўна Раманчук.-- ­­Мсціслаў Уладзіміравіч быў для нас ідэалам і эталонам ва ўсім, адны толькі начышчаныя чаравікі чаго каштавалі, ­­ -- адзначае Алена Пятроўна, якая таксама была яго вучаніцай. – Ён быў строгім, але ніколі не сварыўся і не павышаў голасу, ніколі нікога не абразіў і не папракнуў. Напэўна, многім вядома яго фраза : “Добра, дзяўчынка. Сядай, “два”, дзяўчынка”. Будучы дэпутатам сельскага Савета, ён ніколі не папрасіў  за сябе, толькі за людзей, вырашаючы іх праблемы. А яшчэ ён быў вельмі высакародным.

Прыемна і адначасова балюча ад страты блізкага чалавека было ўсё гэта пачуць унучцы Мсціслава Уладзіміравіча Ганне Юр’еўне Сямак. Дарэчы, яна з пяці гадоў выхоўвалася ў дзядулі з бабуляй, бо бацькі былі ваеннымі, і, безумоўна, вучылася ў Лунненскай школе.

­­ Дзядуля быў вельмі патрабавальным і строгім.  Успамінаю выпадак, як мы сядзім з бабуляй на кухні, размаўляем, і тут чуюцца дзедавы крокі. Бабуля тады прамовіла: “Ганна, робім выгляд, што працуем”, ­­ ­­ з добрай усмешкай  успамінае Ганна Юр’еўна. – А яшчэ ён быў адзіным настаўнікам, які паставіў мне “чатыры” па гісторыі Беларусі.Апошнія некалькі гадоў, калі Мсціслаў Уладзіміравіч хварэў, Ганна Юр’еўна была побач, даглядала яго.

-- ­­­­ Да нас заўсёды заходзілі і вучні, і настаўнікі. Дзядулю пастаянна наведвала і яго “сталая гвардыя”, як ён называў сваіх калег, з якімі разам працаваў, ­­ ­­ -- падкрэслівае наша суразмоўца. – І зараз мне хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці і Віктару Мечыслававічу Чэрніку, і ўсяму педагагічнаму калектыву, і вучням за ўвагу, спагаду і клопат.Краналі душу і прымушалі задумацца аб вечным у гэты дзень не толькі словы: да месца было музычнае афармленне і песні ў выкананні Ірыны Іванаўны Сідар і Германа Аляшкевіча.

 Справа ўсяго жыццяПа прахалодзе школьных калідораў, дзе пахне свежай фарбай, рухаемся да пакоя, дзе спачывае гісторыя, ажываючы ў думках і на вуснах юных экскурсаводаў. Музей баявой славы Лунненскай сярэдняй школы быў адкрыты ў 1957 годзе. Прызнаннем вялікіх заслуг школы ў ваенна­­патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення стала прысваенне ёй ў 1964 годзе імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета.  У 1986 годзе музею было прысвоена ганаровае званне “народны”. Зноў гэтае ж званне музей атрымаў у 2010 годзе. Экспазіцыя складаецца з пяці раздзелаў. Усяго музей налічвае 1532 экспанаты, асноўнага фонду – 813. Большасць з іх былі па крупіцах сабраны М.У. Семаком і яго няўрымслівымі краязнаўцамі.

На гэты раз нас чакала незвычайная экскурсія – тэатралізаваная. Быццам сышлі са старонак гістарычных кніг і старажытных фотаздымкаў яцвяг – старажытны прашчур мясцовых жыхароў,  каралева Польская і вялікая княгіня Літоўская Бона Сфорца, Эліза Ажэшка, якая часта наведвала Лунненскі касцёл, яўрэі, што з’явіліся ў Лунна ў XVI стагоддзі, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі поўнасцю знішчаны, сялянка, дачка малодшага лейтэнанта Шышкіна – воіна мотапантоннага батальёна, сем’і якіх былі раскватараваны ў Лунна, камандзір узвода лейтэнант, Герой Савецкага Саюза Сямён  Сухін, смелая мясцовая піянерка Ніна Хомка, якая ўсю вайну захоўвала дома піянерскі сцяг, і сучасныя школьнікі. Разам з гістарычнымі асобамі, якіх удала сыгралі лунненскія школьнікі, госці, як на машыне часу, пападарожнічалі па лунненскім краі.

Аднак погляд у мінулае зараз немагчымы без сучасных камп’ютарных тэхналогій. Таму намаганнямі настаўніцы інфарматыкі Алены Міхайлаўны Чэрнік створаны віртуальны музей Лунненскай сярэдняй школы.­­­ -- На ім можна пазнаёміцца з гісторыяй музея і школы – яе настаўнікамі, выпускнікамі і нашым гонарам – медалістамі, ­­ расказвае Алена Міхайлаўна. – Тут змешчаны матэрыялы пра нашу вёску і лунненскі край. Таксама мы размяшчаем у нашым віртуальным музеі матэрыялы пра памятныя падзеі, што звязаны са школай, яе вучнямі, настаўнікамі, ці з нашай вёскай. Сярод апошніх – перамога нашай каманды на рэспубліканскім конкурсе “Мясціны майго дзяцінства”.

Больш таго, з нядаўняга часу ўсе наведвальнікі сайта музея маюць магчымасць “прайсціся” па ім, седзячы за маніторамі сваіх камп’ютараў: 3D­­панарама музея выканана Аленай Міхайлаўнай Чэрнік сумесна з вучнем Раманам Антушэвічам.

У памяці назаўждыІ вось ён нарэшце настаў ­­ хвалюючы момант урачыстага адкрыцця новай экспазіцыі, прысвечанай яго заснавальніку і непасрэднаму кіраўніку, настаўніку гісторыі Мсціславу Уладзіміравічу Семаку. Гэтае права прадастаўляецца дырэктару Віктару Мечыслававічу Чэрніку і ўнучцы Ганне Юр’еўне Сямак. Пад дружныя апладысменты гасцей яны пераразаюць чырвоную стужку і здымаюць белую матэрыю з аформленай экспазіцыі. З яе сваім глыбокім пранікнёным поглядам на нас глядзіць Мсціслаў Уладзіміравіч. Дарэчы, сваё імя ён, сын інтэлігентаў, атрымаў у гонар вялікага Кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча, які кіраваў пасля Уладзіміра Манамаха.  І гэта быў той выпадак, калі імя вызначыла лёс яго носьбіта, звязаўшы з лёсам роднай зямлі.

­­­­-- Мсціслаў Уладзіміравіч Сямак пакінуў пасля сябе значны, годны след, ­­ ­­ -- падкрэсліла цяперашні кіраўнік музея, таксама нястомны энтузіяст краязнаўчай работы Ларыса Уладзіміраўна Эйсмант. – Гэта след настаўніка, дырэктара школы, Чалавека з вялікай літары. Наш фотакалаж расказвае яшчэ і пра Семака­экскурсавода, бо  ­­ многія прыязджалі ў музей паслухаць менавіта яго, і пра Семака­­кіраўніка школьнага парашутнага гуртка. Змясцілі мы і фотаздымак, дзе Мсціслаў Уладзіміравіч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якіх ён ведаў і з якімі падтрымліваў цёплыя таварыскія адносіны. Ёсць тут і ўласны блакнот Мсціслава Уладзіміравіча, дзе можна пазнаёміцца з работай музея па тыднях, і лекцыі Семака­­лектара. На стэндзе “Нашы поспехі” – граматы, што адлюстроўваюць прызнанне поспехаў народнага музея баявой славы на працягу яго існавання. Тут жа можна пагартаць рарытэтны, датаваны 1956­­м годам альбом, аформлены краязнаўцамі сумесна з М.У. Семаком.

­­ ­­ -- Убачыўшы ўсё гэта, пачуўшы столькі добрых слоў, я разумею, цвёрда пераканана ў тым, што справа, якой дзядуля прысвяціў усё сваё жыццё, не кане ў Лету, не загіне, што яна будзе жыць і прымнажацца. Упэўнена, што ён зараз бачыць усё гэта, і шчыра радуецца. Вялікі вам усім за гэта дзякуй, ­­ -- звярнулася да прысутных унучка Ганна Юр’еўна Сямак.

Удзячнасць за памяць пра Мсціслава Уладзіміравіча і прадаўжэнне распачатай ім дзейнасці па патрыятычнаму выхаванню моладзі педагогам школы і асабіста дырэктару В.М. Чэрніку выказалі ўсе госці ўрачыстасці, што была прымеркавана і да дня смерці М.У. Семака, і да дня вызвалення Лунна ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў.Н.ШЭЎЧЫКФота С.ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио