Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиМолодёжьМолодёжьНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Усё можна дараваць, але забыць немагчыма

Усё можна дараваць, але забыць немагчыма12 мая 2022 — 08:30

Вайна… Вялікія страты, цяжкае выпрабаванне, дарога жыцця пад знакам бяды. Хто можа расказаць пра вайну лепш, чым той, хто бачыў яе жудасны твар, быў так блізка да смерці, што нават дыханне яе пераставала палохаць і насцярожваць? Сярод велізарнай колькасці ахвяр другой сусветнай вайны ёсць адметная катэгорыя – гэта непаўналетнія вязні фашызму, остарбайтары. Яны былі дзецьмі, а іх зганялі, прымушалі да цяжкай працы, білі і прыніжалі. У светлы і радасны прамежак свайго жыцця разам са сталымі яны адчулі голад, холад, хваробы і смерць. Сёння былыя дзеці – пажылыя, нярэдка цяжка хворыя людзі, з няпростым пасляваенным лёсам.

Мой аднакласнік з паралелі Саша неяк прынёс у клас кнігу, нават правільней сказаць кнігу-альбом “Захоўнікі памяці, ведаў, традыцый” (яго маці – валанцёр праекта Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа “Формула памяці” прынесла экзэмпляр дадому). Выпрасіў я ў Сашы яе ўсяго на адзін дзень. Вечарам пазваў сваіх бацькоў, каб паказаць кнігу. Гартаючы старонкі, мая матуля раптам сказала, гледзячы на фотаздымак: “Сынок, а гэта жанчына жыве на той вуліцы, па якой ты ідзеш да нашай бабулі Алены. Чытай, сынок, што тут напісана!” Сорак пяць успамінаў, сорак пяць лёсаў. Колкі камяк застраў у горле, здранцвенне ахапіла ўсё цела, слёзы стаялі ў вачах. Я хлопец, я не павінен плакаць, але прачытанае было вышэй за мяне.

На наступны дзень (я папрасіў сваю матулю дагаварыцца пра сустрэчу), вядома, пазнаёміўся з бабуляй Лідай, Лідзіяй Іосіфаўнай Уласік, непаўналетнім вязнем. Самае дзіўнае ў гэтай жанчыне было тое, што, нягледзячы на ўсё перажытае, свой дзевяностапяцігадовы ўзрост, вочы яе свяціліся дабрынёй і цеплынёй. Не забрала вайна ў яе душэўнай шчодрасці і прыгажосці. І яшчэ раз былі горкія слёзы і цяжкія ўспаміны аб тым, як у шаснаццаць гадоў прымусам забралі яе ў Германію, мястэчка Дыршкен; як у нямецкіх гаспадароў уставала кожны дзень у чатыры раніцы, даглядала жывёлу, прыбірала ў хаце, рабіла самую цяжкую працу; як кармілі мала, а білі не шкадуючы. Плакала бабуля Ліда...  Слухаючы гэты аповед, цяклі слёзы і ў мяне. Асабліва ў маю памяць запалі словы жанчыны: “Што ела, дзіцятка, сёння - і не помню, а што было тады – як сёння. Усё можна дараваць, але забыць немагчыма.”

Я ўспомніў аповед свайго сябра Андрэя пра яго бабулю, Ганну Іосіфаўну Казлоўскую. Яе ўжо няма, але лёс такі ж. Расла ў шматдзетнай сям’і. У васямнаццаць год забралі ў Германію. Да знямогі працавала ў маёнтку. На гэта бабуля нікому не скардзілася. Усё яна апісала ў сваім дзённіку, які сям’я прачытала, калі той не стала. І мне была дадзена магчымасць прачытаць гэты дзённік. Колькі ж ёй прыйшлося перажыць!

Калі слухаў гісторыю Лідзіі Іосіфаўны, калі чытаў дзённік Ганны Іосіфаўны, холад ішоў па целе. Як гэта страшна і жудасна не ведаць, што з табой будзе праз дзень, гадзіну, хвіліну.

Іх засталося няшмат. Яны сціплыя, імкнуцца быць незаўважанымі, толькі вочы свецяцца адметна.У Дзень Перамогі іх не пазнаеш па бляску медалёў. І няхай яны не прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, для мяне – гэта героі, бо выжылі.

Усё далей у глыб часоў адыходзіць вайна. Але памяць пра яе патрэбна, як прыклад самаахвярнага служэння сваёй Бацькаўшчыне. Захаваць бы яшчэ ў сваім сэрцы тыя калівы, урыўкі ўспамінаў, бо, на жаль, час нельга прыпыніць…

Ілля Дзяйкала,

СШ №5 г. Масты


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио