Вераснёўскі званок абвясціў аб пачатку новага навучальнага года. Хтосьці з рабят сёлета ўпершыню сеў за школьную парту, як вучні 1”Б” класа СШ №2 г. Масты. Для іх першай настаўніцы, вопытнага спецыяліста са стажам Веры Міхайлаўны Бялайц гэта ўжо шосты набор. І кожны раз Вера Міхайлаўна з вялікім хваляваннем і нецярпеннем чакае сустрэчы са сваімі маленькімі выхаванцамі, каб павесці іх у чароўны, іншы раз загадкавы, але такі цікавы свет ведаў.
…У першы дзень навучальнага года-2011/2012, адразу пасля ўрачыстай лінейкі ў другой гарадской школе, арганізаваная калона ўпэўнена крочыць насустрач нязведанаму – у яслі-сад №1 г. Масты, дзе першакласнікі пачнуць сваё сапраўднае школьнае жыццё. Рабят за руку вядуць іх старэйшыя таварышы – вучні 11“Б” класа. Падтрымаць сваіх дзяцей у такі важны момант ідуць і бацькі. У некаторых з іх і сёння на вачах выступаюць слёзы шчасця падчас успамінаў пра той дзень, калі іх таты і мамы ўпершыню прывялі ў школу, калі першая настаўніца Вера Міхайлаўна Бялайц, шчыра ўсміхаючыся, узяла іх маленькую ручку ў свае цёплыя далоні і ўсяліла ўпэўненасць у сабе, навучыла не баяцца перашкод на шляху ў краіну ведаў, а галоўнае – навучыла быць сапраўднымі людзьмі, для якіх духоўнасць і мараль – гэта не проста словы, але і прынцыпы, якімі яны кіруюцца ў паўся-дзённым жыцці.
Першы ўрок у 1-м “Б” класе праходзіў пад назвай “Мая родная Беларусь”. Рабяты з цікавасцю знаёміліся з новым падручнікам – падарункам ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
У гасцях у першакласнікаў пабываў і настаяцель храма Святога Прарока Іллі г. Масты Уладзімір Мазгоў. Ён благаславіў вучняў на добрую вучобу, акрапіў іх святой вадой. “Перш за ўсё чалавек павінен быць духоўна багатым, - адзначыў Уладзімір Мазгоў. – Таму што ў гэтым выпадку ён багаты ўсім: і фізічна, і разумова.”
Хвіліны ўрока праляцелі як адно імгненне. Пасля яго заканчэння клапатлівыя таты і мамы яшчэ некаторы час задавалі Веры Міхайлаўне розныя пытанні, а вучні падарылі настаўніцы мора кветак.
А. ШВЯДКО
На здымку: падчас размовы з настаяцелем храма Святога Прарока Іллі г. Мосты Уладзімірам МАЗГОВЫМ.
Фота С. БУЙКО
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад