Ужо 28 гадоў гасцінная Дубровенская зямля, што на Віцебшчыне, сустракае гасцей і ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Сёлета ўпершыню над Дняпром гучалі песні і ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі “Ярыца”. Наш калектыў дастойна прадставіў не толькі Мастоўскі раён, але і ўсю Гродзенскую вобласць.
Тут, на самай поўначы нашай краіны, штогод сустракаюцца лепшыя выканаўцы народнай музыкі і песні, знаўцы і прыхільнікі музычнага фальклору. Гэта ўнікальная магчымасць аб’яднаць у адным месцы калектывы з розных куточкаў Беларусі, Расіі, Казахстана і Татарстана.
– Нездарма фестываль у Дуброўне называюць святам песні і танца, святам душы і шчырых добрасуседскіх адносін. Гэта мы адчулі на сабе, – расказвае дырэктар Мастоўскага РЦК Сяргей Фядотаў. – Нашу “Ярыцу” цёпла сустракала мясцовая публіка, дарыла шчырыя ўсмешкі і не шкадавала далоняў для апладысментаў. Акрамя фестывальнай праграмы, мы сталі ўдзельнікамі праекта “Абмен караваямі”, у рамках якога калектывы-ўдзельнікі абменьваюцца хлебам-соллю як сімвалам замацавання сяброўскіх зносін. Сімвалам адзінства народаў і разнастайнасці культурнага багацця стаў Дыван сяброўства. Гэта работы, выкананыя на тканіне ў розных тэхніках, на якіх прадстаўлены адметнасці краіны, вобласці ці раёна. Мы таксама прадставілі свой Мастоўскі край.
Творчы ўдзел “Ярыцы” ў фестывалі адзначаны Дыпломам лаўрэата. А вось салістка калектыву Ірына Сідар, якая стала ўдзельніцай адкрытага рэгіянальнага конкурсу выканаўцаў народнай песні “Галасісты салавей”, заваявала Дыплом лаўрэата I ступені.
– Падчас выступлення Ірыне акампаніраваў інструментальны ансамбль у складзе Шаміля Тайрава (баян), Барыса Плішаня (скрыпка), Алега Шапялевіча (бас-гітара), Сяргея Кузьміцкага і Генадзя Рагацэвіча (шумавыя і ўдарныя інструменты). Гэта сыграла на карысць нашай канкурсантцы і дадало асаблівай яскравасці і адметнасці яе выступленню, – дадаў Сяргей Фядотаў.
Акрамя таго, яшчэ адзін прадстаўнік Гродзенскай вобласці Галіна Мелька таксама ўдастоена Дыплома I ступені. Так высока ацаніла журы яе выраб, які яна прадставіла на выставе-конкурсе па стварэнні лялек у традыцыйных нацыянальных касцюмах “Лялька Дубравушка”.
Вечарам ўсе калектывы-ўдзельнікі фестывалю раз’ехаліся па аграгарадках Дубровенскага раёна, дзе выступілі з часовай канцэртнай праграмай. “Ярыцу” гасцінна сустракалі жыхары аграгарадка Сіпішчава.
Уражанні ад фестывалю яшчэ доўга будуць грэць душу яго ўдзельнікаў і гасцей у чаканні наступнай сустрэчы. І гэта ўжо будзе сустрэча добрых сяброў.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота прадастаўлена Мастоўскім РЦК
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад