Афіцыйнае апублікаванне прававых актаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь з’яўляецца завяршальнай і неабходнай стадыяй нарматворчага працэсу.
Менавіта таму заключны артыкул (пункт) прававога акта, як правіла, так і гучыць: «Уступае ў сілу з дня яго апублікавання».З датай афіцыйнага апублікавання акта знiтаваныя дата ўступлення яго ў сілу і магчымасць прымянення закладзеных у ім нормаў. Такая функцыя надае асаблiвую вагу сістэме афіцыйнага апублікавання і прад’яўляе да яе дастаткова жорсткія патрабаванні, бо з ёю звязана ўзнікненне прававых наступстваў.
Афіцыйнае апублікаванне, як рэалізацыя канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі на інфармацыю аб прынятых прававых актах, з’яўляецца адным з агульнапрызнаных міжнароднай супольнасцю правоў чалавека. Менавіта афіцыйнае апублікаванне служыць гарантыяй таго, што тэкст, які публікуецца, поўнасцю адпавядае арыгiналу, гэта значыць таму тэксту, які прыняты адпаведным дзяржаўным органам і падпісаны кампетэнтнай службовай асобай.
Беларусь мае значны вопыт, звязаны з забеспячэннем свабоднага доступу грамадзян да афіцыйнай прававой інфармацыі. Пры гэтым пастаянна аналізуецца вопыт іншых дзяржаў, i ў першую чаргу пераход ад традыцыйнай сістэмы апублікавання прававых актаў у перыядычных друкаваных выданнях да іх апублікавання толькі ў электронным выглядзе.
Можна пагадзіцца з меркаваннем спецыялістаў, што традыцыйныя «папяровыя» тэхналогіі ва ўмовах няспынных інфармацыйных патокаў не могуць справiцца з паўсталымi праблемамі. Развіццё інфармацыйных тэхналогій і актыўнае выкарыстанне Інтэрнэту ў нашай краiне дазваляе вучоным і практыкам аднесці да ліку актуальных i пытанне аб прававым рэгуляванні афіцыйнага электроннага апублікавання прававых актаў.Сістэма публікацыі прававых актаў у электронным выглядзе, безумоўна, мае свае перавагi, сярод якіх зніжэнне фінансавых, арганізацыйных і тэхнічных выдаткаў на распаўсюджванне прававых актаў, скарачэнне тэрмінаў іх апублікавання, магчымасць грамадзян у любы час і ў любым месцы азнаёміцца з тэкстамі прававых актаў.
Да праблемных пытанняў электроннага апублікавання можна аднесці найперш пытанні забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Трэба, безумоўна, улiчваць i тое, што яшчэ не ўсе грамадзяне маюць дастатковыя навыкі работы з камп’ютарам або гэтыя навыкі, наогул, адсутнічаюць, многія не маюць камп’ютара або доступу ў Інтэрнэт.
Калі казаць пра арганізацыю афіцыйнага апублікавання прававой iнфармацыi ў дзяржавах СНД, то практычна там выкарыстоўваецца традыцыйны падыход, які грунтуецца на публікацыі прававых актаў у перыядычных друкаваных выданнях. У той жа час многія дзяржавы – удзельніцы СНД -- забяспечваюць доступ да тэкстаў прававых актаў у Інтэрнэце. Так, у Расійскай Федэрацыі афіцыйным прызнаецца апублікаванне прававых актаў як у друкаванай, так і ў электроннай форме.
Асноўнымі крыніцамі афіцыйнага апублікавання прававых актаў у Расіі з’яўляюцца друкаваныя выданні – «Парламентская газета», «Российская газета», «Собрание законодательства Российской Федерации». Размешчаныя ў Інтэрнэце на сайце НТЦ «Система» тэксты прававых актаў Прэзідэнта і Урада Расіі таксама з’яўляюцца афіцыйнымі.
Прэзідэнт Расіі 22 чэрвеня 2011 года ўнёс у Дзяржаўную Думу законапраект, які пашырае спіс крыніц афіцыйнага апублі-кавання прававых актаў. Згодна з дакументам, у яго ўвойдзе створаны ў 2010 годзе афіцыйны Інтэрнэт-партал прававой інфармацыі, якi забяспечыць аператыўнасць і сапраўднасць афіцыйных публікацый прававых актаў, а таксама свабодны да іх доступ. Пачаць публікацыю прававых актаў, падпісаных Прэзідэнтам Расіі, на афіцыйным Інтэрнэт-партале прававой інфармацыі плануецца з 1 кастрычніка 2011 года.
Ва Украіне і ў Рэспубліцы Узбекістан выкарыстоўваецца традыцыйная сістэма апублікавання прававых актаў у перыядычных друкаваных выданнях. Тэксты прававых актаў даступныя таксама ў электроннай версіі на адпаведных сайтах. У Туркменістане, Рэспубліцы Таджыкістан, Кіргізскай Рэспубліцы і Рэспубліцы Казахстан доступу да прававых актаў у электронным выглядзе не iснуе.
На сённяшнi дзень, дзякуючы развіццю інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, у многіх краінах Еўропы права грамадзян на атрыманне свабоднага доступу да афіцыйнай прававой інфармацыі рэалізуецца з выкарыстаннем усiх магчымых сродкаў. Прычым, колькасць такіх краін павялiчваецца.
У адных краінах прызнаецца афіцыйным апублікаванне прававых актаў у друкаванай і электроннай форме, у іншых афіцыйным лічыцца апублікаванне прававых дакументаў толькі ў друкаваных выданнях, у трэціх – апублікаванне толькі ў электронным выглядзе.Адной з першых краін Еўропы, якая прызнала афіцыйным апублікаванне прававых актаў у друкаванай і электроннай форме, была Нарвегія. У спіс краін, дзе электронная версія афіцыйнай газеты мае такi самы статус, што і яе друкаванае выданне, увахо-дзяць Французская Рэспубліка, Эстонская Рэспубліка, Італьянская Рэспубліка, Літоўская Рэспубліка, Рэспубліка Славенія, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і Фінляндская Рэспубліка.
У большасці краін Еўрапейскага саюза распаўсюджванне прававой інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай выкарыстання электронных рэсурсаў. Дзяржаўныя органы і арганізацыі ўсё часцей аддаюць перавагу электронным версіям афіцыйнага апублікавання. Гэта не патрабуе вялiкiх фінансавых выдаткаў і з”яўляецца аптымальным спосабам, каб забяспечыць доступ да прававых актаў i задаволiць патрэбы грамадства i дзяржавы ў такiм матэрыяле.
У Беларусi прававыя акты публiкуюцца ў афіцыйным друкаваным выданні «Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь», а пачынаючы з 2003 года – i ў яго электроннай версіі, якая размяшчаецца на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале.Iдэнтычнасць тэкстаў забяспечвае Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь. Апошнiм часам частка прававых актаў падаецца толькі ў электроннай версіі (пастановы Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, пастановы Савета Мiнiстраў аб камандзiраваннi службовых асоб, нарматыўныя прававыя акты абласных i Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў, аблвыканкамаў i Мiнскага гарвыканкама, мясцовых Саветаў дэпутатаў i выканаўчых i распарадчых органаў базавага ўзроўню, тэхнiчныя нарматыўныя прававыя акты і iншыя).Такім чынам, у нашай дзяржаве ажыццяўляецца паступовы пераход да афiцыйнага электроннага апублiкавання прававых актаў, за якiм – будучыня.
А.ГАЎРЫШ, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад