
Намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Вольга Бісерава ўзнагароджана Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
–Вольга Іванаўна – вельмі ініцыятыўны і добрасумленны чалавек, – расказвае пра яе дырэктар раённай бібліятэкі Таццяна Стэльмах. – Яна ўсё можа, умее, усё хоча зрабіць. І вельмі прыгожа і ўдала атрымліваецца. Няма ніводнага мерапрыемства, у якое б яна не ўклала сваю душу. Як спецыяліст, яна пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень. Прайшла кар’ерны рост ад звычайнага супрацоўніка да намесніка дырэктара. І на гэтай пасадзе пастаянна ўдасканальвае свае веды і вопыт, шукае і ўкараняе новыя метады работы.
Цікава было даведацца, што яна – мама траіх дзяўчынак. Старэйшая Ксенія ў гэтым годзе пасля дзевяці класаў паступіла ў Мінскі каледж сучасных тэхналогій, блізняткі Карына і Ульяна вучацца у восьмым класе пятай гарадской школы. Усе трое радуюць маму сваім жаданнем добра вучыцца, сваёй актыўнасцю і… любоўю да чытання кніг. Тут, як і ва ўсім іншым, адчуваецца мімін уплыў.
Вольга Іванаўна, нягледзячы на клопаты мамы шматдзетнай сям’і, шмат сіл і намаганняў аддае сваёй любімай працы. Яна распрацоўвае і ўкараняе ў практыку работы розныя бібліятэчныя праекты, праграмы, праводзіць конкурсы, акцыі, арганізоўвае маштабныя мерапрыемствы. Дзякуючы ім, установа лічыцца ў рэйтынгу лепшых на абласным і рэспубліканскім узроўні. Аб гэтым мы і гутарым з ёй.
- Якія праекты з’яўляюцца для вас найбольш значнымі?
- Сярод важнейшых – раённая бібліятэчная праграма “У гармоніі з уростам”, раённы бібліятэчны фотаконкурс “BOOK-LOOK”, раённая бібліятэчная праграмма сямейнага чытання “Чытаем усёй сям’ёй, летняя бібліятэчная акцыя “Кніжныя летнія канікулы”, раённы інтэрактыўны патрыятыячны праект “Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што захоўваць”.
- Вас заўсёды можна бачыць на раённых мерапрыемствах, дзе бібліятэка арганізоўвае пазнавальныя пляцоўкі. Яны выклікаюць цікавасць у мастаўчан…
- Найбольш значныя інтэрактыўныя пляцоўкі – гэта “Касмічнае дзяцінства” і “У гасцях у бабы Ягі” да фестывалю кнігі “Гарадзенскі “ЛітФэст”, “Кніга аб’ядноўвае сям’ю” да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, "Казачны ўраджай” да абласного фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ў нашым горадзе, “Масты над слаўнаю ракой” да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе. І кожная з іх арыгінальная, кожная непаўторная.
- Вы пабывалі ва ўсіх дзяржаўных і школьных музеях раёна, карпатліва збіралі матэрыялы, каб распрацаваць грунтоўную базу дадзеных аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Мастоўшчыны.
- Мне прыемна, што ўдалося завяршыць гэтую вялікую працу. Праект “Далёкай мужнасці памяць” утрымлівае поўную фактараграфічную, і бібліяграфічную інфармацыю, а таксама алічбаваныя матэрыялы, архіўныя дакументы. У гэтым годзе ён атрымаў перамогу на рэспублканскім конкурсе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь як лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі.
- Па першай прафесіі вы праграміст. Дапамагае гэта ў рабоце?
- Я і па другой прафесіі маю дачыненне да камп’ютарных тэхналогій, закончыла БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя інфармацыйныя бібліятэчныя сістэмы”. Вядома ж, дапамагае. Асабліва калі працуеш у сацыяльных сетках, рыхтуеш віртуальныя выставы, відэаролікі і іншае. За апошні час зроблены віртуальныя праекты: “Кніжныя сустрэчы”, “ВО!круг кніг”, “Пісьменнікі-юбіляры”, “Паэзія онлайн”, “Усё пра ўсё” і іншыя. Супрацоўнічаю і з раённай газетай “Зара над Нёманам”, дзе мы сумесна рэалізавалі праекты “Родны край – крыніца натхнення”, ”Кніжны навігатар”, патрыятычную прэс-акцыю “Пераможны май у памяці і кнігах”. А наогул трэба ведаць, як пры дапамозе сучасных тэхналогій выйсці да чытача з прапагандай кнігі і ўмець гэта зрабіць так, каб зацікавіць яго і дапамагчы пазнаць свет кніжных скарбаў.
- Каб рэалізаваць такую вялікую колькасць праектаў, трэба быць вельмі дасведчаным бібліятэкарам. Таму пытанне: “Ці чытаеце Вы кнігі?” – адпадае само сабой. А вось якія жанры найбольш прыцягваюць?
- Чытаю класіку, люблю парадаваць душу добрым дэтэктывам. Заўсёды ў курсе навінак літаратуры.
– Якія планы на будучае?
– Іх вельмі шмат. Я ўпэўнена, што яны будуць ажжыццёўлены, таму што ў нас вельмі творчы і мэтанакіраваны калектыў. Кожны добрасумленна і старанна выконвае сваю частку работы, а ў выніку атрымліваецца выдатны праект.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад