Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныИстория одной фотографии

Уладзіслаў Аляксандравіч Сабалеўскі – сапраўдны ўладар славы Мастоўскага раёна

Уладзіслаў Аляксандравіч Сабалеўскі – сапраўдны ўладар славы Мастоўскага раёна20 августа 2020 — 10:01

 Усё пачалося з дзяцінства: з маленькага куточка на ўлонні маляўнічай магілёўскай прыроды – вёскі Паддубы. Іменна там, дзе вядуць гутарку рэкі Прыдняпроўя, дзе бясконцыя лясы робяць паветра чыстым і празрыстым, правёў сваё маленства Сабалеўскі Уладзіслаў Аляксандравіч… Тут нельга было нават уявіць, што халодны цень вайны мог бы засланіць гэтую некранутаю прыгажосць сваёй густой і непрагляднай цемрай.

 “Пасля заканчэння сярэдняй школы я паступіў у Ленінградскае ваенна-медыцынскае вучылішча імя Шчорса. Яно рыхтавала кадры для Чырвонай Арміі шырокага профілю. Курсанты насілі агульнавайсковую форму. Увага ўдзялялася не толькі медыцынскім, але і вайсковым прадметам…

 Вайна застала мяне ў Ленінградзе. З таго часу гады грунтоўнай вучобы пераўтварыліся ў некалькі дзён імклівай падрыхтоўкі. З першых дзён вайны мы ў саставе курсанцкай брыгады абаранялі подступы да Ленінграда спачатку на Карэльскім перашыйку, потым на Кінгісэпскім напрамку і пад Лугой… За гэты кароткі час мы хутка пасталелі…

 Мы пакінулі Ленінград. Наш эшалон размясціўся ў казармах Омскага пяхотнага вучылішча, потым у асобным будынку недалёка ад ракі Іртыш. Вучэбныя заняткі працягваліся як і раней, але цяпер ужо ў сібірскіх лясах і стэпах. Іменна там, у Сібіры, мне было прысвоена званне ваенфельдшара і выдадзена пасведчанне аб заканчэнні вучылішча з адзнакай…”

 Сабалеўскага адправілі працаваць у Маскву сакратаром аддзела лістоў. Але неадольнае жаданне служыць, удзельнічаць у баях ізноў паклікала на фронт. Гавораць, дрэнны той радавы, які не хоча быць афіцэрам. Так і ў выпадку з Уладзіславам: самавыхаванне і вытрымка робяць юнака афіцэрам- артылерыстам.

 “Найбольш цяжкія баі былі зімой 1942 – 1943 гадоў на подступах да Вялікіх Лукаў і за гэты горад. Населеныя пункты пераходзілі з рук у рукі, снег быў чорны, паўсюль трупы, днём і ноччу ўсё грукатала і палыхала агнём – карціна нагадвала вялікую мясарубку…”

 “Пачалося зацішша. У жывых засталося чалавек дванаццаць, сярод іх я з параненым тварам. Пасля бою я быў першы ў палку ўзнагароджаны ордэнам нумар 320…”

 Лета 1944 года вядома адной з самых важных, складаных і рашаючых аперацый Вялікай Айчыннай вайны – “Баграціён”.

 “Аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года прарывам ворага ў раёне Оршы і Віцебска. Наш артылерыйскі полк разам з галоўнымі сіламі рухаўся на захад. Быў вызвалены Барысаў. На трэці дзень мы ўступілі ў горад Мінск. Радасць жыхароў, іх цёплая сустрэча ў той дзень запомніліся мне на ўсё жыццё.

 Наступны крок – Маладзечна. У яго вызваленні нас не спыніла нават чыгуначная станцыя, якая была ў агні. Смаргонь, Ашмяны… Мы вызвалялі гарады адзін за адным, нягледзячы на моцную тэхніку ворага.

 Я лічыў за пашану да апошняга дыхання ўдзельнічаць у абароне Савецкай Літвы. Нам дасталася самая цяжкая і адказная задача. З маіх вуснаў прагучала цвёрдая, рашучая і, як потым аказалася, правільная каманда: “Ні кроку назад! Стаяць насмерць і перамагчы!” На шчасце, я быў толькі лёгка паранены. Праціўнік жа ў паніцы кінуўся ўцякаць”.

 Вайна – месца, дзе ворагі-баязліўцы ўцякаюць, пакідаючы пасля сябе трупы забітых на крывавай чужой зямлі, дзе пануюць падман і марадзёрства. У такі час нават храм Божы становіцца арэнаю барацьбы, а жорсткасць фашыстаў яшчэ большая. Немцы занялі званіцу касцёла Вілкавішкіса, адкрылі агонь. Нашы войскі абараняліся, страляючы па ворагу… Ці было ў гэтых людзей нешта святое?! Складана меркаваць. У храме нават ціхенька баішся слова сказаць, каб не патрывожыць яго святую вялікасць, незвычайную цішыню. Тады, знішчаючы ворага, нашы ахвяравалі нечым нават большым, чым жыццё – верай. Чамусьці тады, калі гарэў яе сімвал – купал хрысціянскага храма, яна не загінула, а з’явілася яшчэ ў большай ступені, надала сілы… Воіны поўнасцю вызвалі Вілкавішкіс ад фашысцкіх захопнікаў.

 Тады немцы выкарыстоўвалі яшчэ адзін спосаб барацьбы з Чырвонай Арміяй – міны. Неасцярожны крок – і зямля пераўтвараецца ў пекла, месца, дзе быццам змагаюцца дзве стыхіі – агонь і зямля. Ахвярай гэтай барацьбы сталі нашы войскі. Не мінуў гэты лёс і Сабалеўскага: узрыў адкінуў яго ўбок. Пасля аперацыі хірург паведаміў, што я нарадзіўся ў сарочцы: куля прайшла праз жывот, не закрануўшы кішэчніку. Усё ж у час транспарціроўкі я ад болю часам траціў прытомнасць…

 Пасля папраўкі я быў выпісаны са шпіталя і накіраваны ў рэзервовы дывізіён 3-га беларускага фронту. Пазней я і даведаўся пра гібель майго выратавальніка – лейтэнанта Губарава…”

 У студзені 1945 года пачаліся вызваленчыя баі. Нават прырода давала зразумець, як абрыдла вайна, колькі зла прынесла. У танкавым баі пад Фрыдрыхадорфам загінуў капітан Зайцаў. Пасля пахавання ў гонар светлай памяці камандзіра воіны адсалютавалі, выпусціўшы па ворагу сорак снарадаў. Я прыняў камандаванне батарэяй…”

 Далей – шматлікія баі. Цяпер ворагі самі здаваліся ў рукі чырвонаармейцам. “Пераходзячы праз палі, мы бачылі мноства трупаў маладых хлопцаў, якія загінулі ўсяго за некалькі дзён да перамогі…”

 У момант бою на касе Фрышнерынг пагроза смерці ізноў навісла над Сабалеўскім. “Калі нас абстрэльвалі мінамёты ворага, камандзір аддзялення разведкі гвардыі сяржант Панасаў сваім целам прыкрыў мяне і выратаваў мне жыццё, а сам быў паранены асколкамі міны…”

 Што ж прымушае людзей ахвяраваць уласным жыццём дзеля выратавання іншых? Першы раз камандзір Губараў і радыст Фірсаў, потым сяржант Панасаў, не спыняючыся ні перад чым, кінуліся Сабалеўскаму на дапамогу, і Бог падараваў яму другое, потым трэцяе нараджэнне. Часцей на вайне няма часу думаць – рашэнне прыходзіць спантана. Менавіта таму ў крытычную хвіліну чалавек робіць так, як падказвае яму яго сумленне.

 І вось падзея, якая запомнілася не толькі Уладзіславу, але і ўсяму свету, – Дзень Перамогі!

 На жаль, няма гэтага чалавека сярод нас. Яго імя – Сабалеўскі Уладзіслаў Аляксандравіч, і ён сапраўды ўладар славы, той, каму па праву належыць сапраўдная павага людзей, хто стаў героем-прататыпам шматлікіх кніг, чый подзвіг не будзе забыты ніколі, назаўсёды захаваецца на старонках гісторыі, у сэрцах нашчадкаў.

 

Служба інфармацыі "Зара над Нёманам"


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио