Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Удаль імкнуцца коні вышываныя...

Удаль імкнуцца коні вышываныя...21 января 2014 — 10:00

 Славіцца хата абразамі  і вышыванымі ручнікамі. Так лічылі нашы продкі і стараліся аздабляць свае дамы адпаведна гэтаму прынцыпу. Абраз у хаце ­­ гэта  прызнак святасці. А ручнік выкарыстоўваўся для  ўпрыгожвання абразоў на покуце. Ручнік для  нашых   продкаў сімвалізаваў жыццёвую дарогу. На ручнік, і абавязкова новы і белы, бабка­павітуха  раней прымала  нованароджанае  дзіця, на ручнік ступалі маладыя,  заключаючы шлюб, на ручніку  канчалася   зямное  чалавечае жыццё ­­ на ім  апускалі ў магілу труну.

На жаль, зараз вышываныя ручнікі, абрусы, навалачкі і іншае нават у вясковых дамах можна ўбачыць не так часта. Чамусьці нямоднымі  сталі ў наш час гэтыя прыгожыя самабытныя  рэчы, створаныя ўмелымі рукамі нашых бабуляў. Праўда,  усё­такі здараецца іншы раз і сёння пабачыць вясковыя  дамы, дзе ўся гэтая прыгажосць захавалася, цэніцца і знаходзіцца ў хаце на самым пачэсным месцы, як  у дамах Антаніны Аляксандраўны Сарлай і   Тамары Іванаўны Якоўчык, якія жывуць у прыгожай вёсцы Каўшова, што ўтульна расмясцілася на беразе велічнага Нёмана.  Хто ведае, можа, гэтыя прыгожыя мясціны, дзе побач рэчка, лес, і натхнялі  сціплых  вясковых жанчын на стварэнне вышываных  шэдэўраў?..

Заходзіш у дом да адной, другой  і заміраеш ад здзіўлення і захаплення: уражанне такое, нібы трапіў на выстаўку вышываных шэдэўраў. На сценах  ­­ вышываныя карціны, нават занавеска на прыпечку ў стракатых кветках. Вось тройка коней. Здаецца,  яшчэ імгненне, і яны  выскачаць з рамкі, рвануць на  шырокі прастор. Непадалёку ўтульна размясцілася  прыгожая дзяўчына з задумлівым тварам.  Так і хочацца спытаць у яе: “Аб чым сумуеш, прыгажуня?” Яе Тамара Іванаўна чамусьці назвала ўкраінкай. Поруч рамантычныя  закаханыя  і адначасова трагічныя з­за свайго кахання Джульета і Рамэо. Тамара Іванаўна шкадуе, што зараз яна  ўжо не можа вышываць­­ падводзіць зрок, ды  ў руках ужо няма таго спрыту, што раней.

   А вось яе суседка Антаніна Аляксандраўна Сарлай, яна крыху маладзейшая, вышывае і сёння. Мы яе і засталі  за любімым заняткам, вышывае майстрыха карціну па просьбе ўнучкі. На  яшчэ незакончанай карціне вырысоўваецца выява каня.

  ­­--  2014 год  у нас  год Каня. Я ўжо вышываю  другога, аднаго  падарыла дачцы, вераць яны ў сімвалы года, ­­ крыху пасмейваецца Антаніна Аляксандраўна над сваімі малодшымі нашчадкамі.­­ А ў час маёй маладосці любая дзяўчына павінна была ўмець шыць, вязаць, вышываць, прасці, ткаць. Доўгімі зімовымі вечарамі мы збіраліся ў чыёй­небудзь хаце на вячоркі не столькі дзеля забавы і весялосці, але і займаліся    работай: старэйшыя   пралі, малодшыя вышывалі. Было сярод дзяўчат нешта падобнае на спаборніцтва, у каго вышыўка атрымаецца прыгажэйшай. Нявесты вышывалі сабе ў пасаг абрусы, навалачкі,  прасціны, плялі карункавыя сурвэткі. Асабліва стараліся дзяўчаты аздобіць і вышыць  вясельны ручнік. Над ім  «чаравалі» месяцамі: спачатку адбельвалі льняную тканіну, затым падбіралі ўзор для вышывання, а пад канец аздаблялі ручнік карункамі.

Завіднымі нявестамі лічыліся тыя дзяўчаты, якія шмат чаго ўмелі зрабіць і аздобіць сваімі рукамі. І мая першая значная вышываная работа ­­ ручнік, з якім я ішла замуж. На жаль, ён да гэтага часу не захаваўся, а гэты, што вісіць на абразе ў покуце, я ўжо вышавала пазней.   Мае дочкі ­­ Надзя, Лена і Таня ­­ вышываць  не навучыліся,  не таму што ім не падабаюцца вышываныя рэчы, проста  не было часу і неабходнасці, усё неабходнае для ўпрыгожвання  сваіх  кватэр яна набывалі ў магазінах.  Праўда, апошнім  часам дзяўчаты паразбіралі мае вышываныя работы: настаўніца Лена для школьнага музея, а Надзя і Таня, як тлумачылі мне, для надання самабытнасці сваім  гродзенскім кватэрам. Праяўляюць цікавасць да  вышывак і ўнучкі, ­­распавядае пра сваё захапленне  А.А.  Сарлай.

 У пару маладосці Тамары Іванаўны Якоўчык і Антаніны Аляксандраўны  Сарлай лічылася, што нявеста  ў дом мужа павінна прыйсці  яшчэ і з падушкамі і не толькі для сябе і маладого мужа, але і для будучых дзяцей. Дзяўчаты спаборнічалі адна перад адной  па колькасці падушак,  па мяккасці і іх памеры. Горы падушак ў прыгожых вышываных навалачках і цяпер  узвышаюцца на ложках як сімвал жаночай дбайнасці і працавітасці. Нёман побач, гусям і качкам  у Каўшова было заўсёды камфорт­на і раздольна. Яны  чародамі вадзіліся на кожным сялянскім падворку, так што недахопу ў падушках каўшоўскія жанчыны не ведалі.

-- Я падрыхтавала  мяккія  вялікія падушкі і пярыны не толькі для дочак, але і для ўнукаў.Праўда, яны мне іх вярнулі назад. Кажуць, што  алергія на пух і спяць яны на нейкіх  іншых, ­­ са шкаданнем у голасе  расказвае пра незапатрабаваны дочкамі  і ўнучкамі “мяккі пасаг” Антаніна Аляксандраўна.

  Усё з часам мяняецца, асабліва капрызная і зменлівая рэч мода. Але прыгожае, нягле­дзячы  на “модныя піскі”, застаецца прыгожым на ўсе часы, як тыя вышываны карціны, самаробныя дываны на ўсю хату з непаўторнымі ўзорамі, саматканыя посцілкі, карункі, ад якіх не адвесці позірк.               Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ      Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио