28 июня 2026 — 11:42
У Гудзевіцкім краязнаўчым музеі адкрылі часовую экспазіцыю, прысвечаную 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
З 17 чэрвеня па 15 ліпеня наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з узнагародамі і дакументамі ваеннага часу, а таксама даведацца пра жыццёвы шлях аднаго з савецкіх афіцэраў, які вызваляў Гродзеншчыну.
‒ Шмат матэрыялаў для дадзенай экспазіцыі нам прапанавала мастак-афарміцель музея Наталля Бібіла, таму мы зрабілі асобны раздзел “Асоба ў гісторыі”, прысвечаны яе бацьку ‒ старшаму лейтэнанту Мікалаю Савенка. Мікалай Міхайлавіч прайшоў амаль усю Вялікую Айчынную вайну ‒ ад Ленінграда і Смаленска да Кёнігсберга. Удзельнічаў ён і ў аперацыі “Баграціён”, якая прадугледжвала вызваленне Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, ‒ распавядае старэйшы навуковы супрацоўнік музея Марына Батвіноўская.
Вызваляў камандзір мінамётнага ўзвода і Гродзенскую зямлю. Падчас фарсіравання Нёмана ён паспяхова падтрымліваў пяхоту, дапамагаючы ёй перабрацца на паўночны бераг ракі. За ўвесь час вызваленчых баёў пад Гродна ўзвод Савенка знішчыў каля 60 салдат праціўніка, шэсць кулямётных кропак і адзін назіральны пункт. За гэты подзвіг савецкага афіцэра ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Вайна скончылася для артылерыста пад Кёнігсбергам у 1945 годзе, дзе яго паранілі ў руку. Гэта было ўжо сёмае раненне афіцэра за чатыры гады.
Другія родзічы таксама змагаліся з фашыстамі. Брат Мікалая Фёдар Савенка сваю смерць сустрэў у палаючым танку, не спыняючы агню з баявой машыны. Жонка артылерыста падчас вайны была ў партызанах.
Акрамя ўзнагарод, баявых і юбілейных, асобны стэнд займаюць і ваенныя дакументы, якія адлюстроўваюць гістарычныя падзеі праз прызму жыцця людей. Напрыклад, ёсць у экспазіцыі і рукапісныя старонкі нататніка ўсё таго ж Савенка, які 22 чэрвеня 1941 года пісаў: «Воскресенье, я на базаре узнаю об объявлении войны с Германией. Немедленно уехал домой». Хапае сярод экспанатаў і ваенных білетаў з трохкутнымі паштоўкамі ‒ сімваламі ваеннай эпохі таго часу. Асаблівую цікавасць выклікае і руска-нямецкі размоўнік, які пры сабе мелі савецкія афіцэры, каб весці камунікацыю з палоннымі салдатамі Трэцяга рэйха.
Таксама супрацоўнікі музея аформілі партызанскі куток, які ўладкавалі рэчамі савецкіх салдатаў і партызан: шынеллю, кацялкамі, пляшкамі ды іншымі дэталямі вайсковага ўжытку. Першым наведвальнікам экспазіцыі таксама паказвалі прынцып работы тэлеграфнага ключа Морзэ, з дапамогай якога падраздзяленні Савецкай арміі падтрымлівалі сувязь.
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад