Першага лістапада ў выставачнай зале Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў адбылося адкрыццё выстаўкі “Пяць малаткоў +”, на якой прысутнічалі старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Мікалаевіч Валяваты, намеснік старшыні райвыканкама Марына Осіпаўна Давыдзік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Дзяйкала.
Выстаўка кавальскіх работ у нашым городзе арганізавана ўпершыню. На адкрыццё прыехалі гродзенскія майстры-кавалі Юрый Круш, Ян Янчурэвіч, Ян Перагінец і Андрэй Цюменеў, работы якіх прадстаўлены на выстаўцы. А жанчын больш зацікавілі ўпрыгожванні з натуральных камянёў і медзі, вырабленыя мінскім майстрам Леанідам Бельскім. Больш паўсотні мастаўчан прыйшлі на адкрыццё выстаўкі “Пяць малаткоў +”, каб не толькі палюбавацца кавальскімі работамі і ўпрыгожваннямі, але і пазнаёміцца з майстрамі, задаць ім пытанні. Выстаўка працягнецца да 22 лістапада.
Дырэктар цэнтра рамёстваў Жанна Лявонцьеўна Новік адкрыла выстаўку, прадставіла майстроў, цікава расказала пра гісторыю кавальскага рамяства.
Выстаўка сапраўды ўражвае. Падсвечнікі, металічныя жывёлы і птушкі – усё гэта не можа не падабацца. Асноўная мэта выстаўкі -- паказаць вялікія магчымасці такога цяжкага ў апрацоўцы матэрыялу як метал, прадэманстраваць высокі прафесіяналізм, майстэрства і адданасць творчасці майстроў – сапраўдных беларускіх кавалёў.
Назва выстаўкі невыпадковая, яна аб’яднала шэсць майстроў. “Пяць малаткоў” – гэта пяць кавалёў з Гродна, а “плюс” – гэта майстар па вырабу ўпрыгожванняў з медзі з Мінска. Шэсць майстроў, шэсць розных лёсаў, шэсць шляхоў станаўлення, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно – творчасць.
Майстры, якія прадставілі свае работы на выстаўцы, вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі краіны. Яны паспяхова спалучаюць у сваёй творчасці традыцыі кавальства і тэхналагічныя новаўвядзенні, пашыраюць уяўленне сучаснікаў аб мастацкім каванні і выкарыстанні кованых рэчаў у паўсядзённым жыцці.
Юрый Круш і Алесь Вараб'ёў з'яўляюцца лаўрэатамі прэміі імя Дубко, якой Гродзенскі аблвыканкам узнагароджвае лепшых дзеячаў культуры і мастацтва. Працы Яна Перагiнца, Андрэя Цюменева і Юрыя Кобіна сёння знаходзяцца ў прыватных зборах у Польшчы, Літве, Латвіі і Расіі.
Самы вопытнейшы і, можна сказаць, настаўнік гільдзіі кавалёў -- Юрый Круш, хоць ён не лічыць сябе галоўным і сцвярджае, што ў кавальскім рамястве і творчасці сёння яны ўсе роўныя. Сам ён вырашыў заняцца мастацкім каваннем ў сярэдзіне 80-х, пасля таго, як трапіў у Віленскую рэстаўрацыйную майстэрню. Пасля вяртання на Гродзеншчыну у 1996 годзе майстар заснаваў сваю майстэрню. У 1999 годзе Юрый Круш атрымаў спецыяльную прэмію Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”. У тым жа 1999-м. Юрый Круш атрымаў першае месца на конкурсе народных майстроў на “Славянскім базары” за выкаванае “Сонейка”, а ў наступным годзе здзівіў Віцебск кованай гарматай.
Вырабы гарадзенскага каваля аздабляюць прыватныя і грамадскія будынкі Гродна. У 2009 г. творчая майстэрня Круша выконвала буйны заказ на выраб металічных скульптур гусараў Рэчы Паспалітай ХVII стагоддзя для экспазіцыі ў Мірскім замку. Скульптуры выкавалі кіраўнік творчай майстэрні Юрый Круш і яго калега Андрэй Вашкелевіч.
На работы майстры патрацілі шэсць месяцаў працы і каля 300 кілаграмаў жалеза. Гэта не адзіная “гістарычная” праца майстэрні Круша: па заказу Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея для экспазіцыі былі выкаваны адмысловыя падсвечнікі.
Варта звярнуць ўвагу і на такую станоўчую тэндэнцыю, як фарміраванне дынастый кавалёў. Юрый, сам унук майстра, далучыў да кавальскай прафесіі і свайго сына Яўгена.
Яшчэ адна творчая асоба: юрыст па прафесіі і каваль па прызванню -- гродзенец Алесь Вараб’ёў. Лаўрэат прэміі аблвыканкама імя Аляксандра Дубко, Майстар года Алесь Вараб’ёў -- чалавек творчы, які ўжо больш за двадцаць гадоў працуе кавалём. Дарэчы, у сваім родзе ён першы каваль. А вось што тычыцца творчасці, Алесь пераняў гэтую рысу ад бацькі, народнага мастака Беларусі Мікалая Вараб’ёва.
Ян Перагінец - гродзенскі каваль і мастак. Нарадзіўся ва Украіне. Скончыў спачатку каледж мастацтваў у Гродне, а пазней Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Часам працуе ў графіцы, акварэлі, але коўка, мабыць, самае цікавае ў яго творчасці. Ёй пачаў ён займацца з 2004 года. Дыяпазон вырабаў шырокі – ад чыста дэкаратыўных машынак і матацыклаў да цалкам утылітарных свяцільнікаў, вешалак, розных элементаў мэблі і садовага дэкору. Удзельнічаў ён у афармленні ўнутранага дворыка ўсім вядомай гродзенскай фірмы “АВС”. Арганізаваў дзве персанальныя выстаўкі ў Гродне, пастаянны ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх фестываляў, кавальскіх пленераў і майстар-класаў у Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне.
Яшчэ адзін майстар – каваль Андрэй Цюменеў. З яго работамі можна пазнаёміцца не толькі ў Гродне. Бераг бераставіцкага возера ўпрыгожылі скульптуры: “Дрэва кахання і вернасці”, “Дрэва шчасця” і “Лава яднання і прымірэння”. Яны ствараюць цэльную кампазіцыю, вытрыманую ў адной стылістыцы і выкананую ў адной тэхніцы мастацкага кавальства. Спадзяёмся, што калі-небудзь і ў нашым горадзе з’явяцца творчыя работы кавалёў і мы зможам імі ганарыцца.
Да працы з металам заахвоціў Андрэя яго бацька, які ў савецкі час працаваў зваршчыкам, а Андрэй яму часта дапамагаў. Пазней яны адкрылі сваю справу па вытворчасці металічных вырабаў. Менавіта ў той час Андрэй не захацеў стаць проста кавалём, а мастаком па металу і пайшоў у кузню да знакамітага майстра Юрыя Круша, працаваў і вучыўся ў яго восем гадоў, пасля чаго і вырашыў самастойна працягваць гэтую дзейнасць Некаторыя работы Андрэя Цюменева можна ўбачыць у Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, яго работы выстаўляліся ў нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе былі сабраны работы лепшых майстроў Беларусі. І ўвогуле яго работы можна сустрэць ва ўсім свеце. Некалькі гадоў Андрэй працаваў для аздаблення рэстаранаў, прыватных дамоў у Германіі і Вялікабрытаніі. Ён з’яўляецца Сябрам саюза народных майстроў. Андрэй Цюменеў пастаянны удзельнік фестываляў народнай творчасці, майстар-класаў і пленераў па кавальству.
І яшчэ адзін майстар па апрацоўцы металу з Мінска -- Леанід Бельскі. На жаль, ён не змог прыехаць на адкрыццё выстаўкі. Леанід таксама натура творчая, з маладосці спрабаваў сябе ў розных творчых накірунках. Больш ён займаўся разьбой па дрэву, але любоў да металічных вырабаў усё ж перасіліла. Апошнія пяць год ён прысвяціў медным упрыгожванням. На выставе прадстаўлена толькі трэцяя частка яго прыгожых работ. Зараз майстар рыхтуецца да кірмашу рамеснікаў “Млын”, якая ладзіцца ў Мінску.
На сённяшні дзень упрыгожванні з медзі вельмі запатрабаваныя сярод жанчын. Медзь лічыцца металам, які падаўжае маладосць і паніжае ціск. Лічыцца, што медныя ўпрыгожванні прыносяць поспех і здароўе, памагаюць справіцца са стомленасцю. Ну і, вядома ж, ўсе памятаюць бабуліну параду: “Набіў шышку – прыкладзі медны пятак”. У сваіх работах Леанід выкарыстоўвае натуральныя камяні. Усе яны таксама валодаюць магічнымі якасцямі, з’яўляюцца талісманамі і абярэгамі.
Упрыгожванні ручной работы ўжо зацікавілі нашых жанчын, якія прысутнічалі на выстаўцы. Некаторым нават захацелася набыць упрыгожванні для сябе.
А яшчэ ў народзе кажуць: калі дакранешся да рук каваля, то можна адчуць не толькі іх цеплыню і моц, але і набыць якасці таго матэрыялу з якім працуе майстар -- гэта вынослівасць, даўгавечнасць, пластычнасць і моц. На адкрыцці выстаўкі ў мастаўчан была магчымасць паціснуць руку кавалям.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад