
Шмат людзей было на набажэнстве ў касцёле Святой Троіцы ў Плябанаўцах на Вялікдзень. Вернікі ішлі праз адноўленую браму, якая белізной зіхацела на сонцы.
Касцёл гэты – помнік драўлянага дойлідства рэспубліканскага значэння. Ён быў пабудаваны ў 1740 годзе на ўзгорку.
Да галоўнага ўваходу касцёла вядзе муравана-драўляная брама, пабудаваная ў 1856 годзе. Яна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Доўгі час брама патрабавала рамонту. Аднак праектная дакументацыя патрабавала ўзгаднення з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Некалькі гадоў таму назад гэтыя мясціны наведала гродзенская пісьменніца Ірына Шатыронак, якая займаецца даследаваннем роду Біспінгаў, фундатараў касцёла.
– Вельмі хацелася б, каб была адноўлена ідэнтычная брама перад уваходам у касцёл Святой Троіцы, – сказала Ірына Сяргееўна. – Яе таксама пабудавалі Біспінгі больш чым паўтара века назад. Брама цесна звязана з гісторыяй касцёла і гэтай мясцовасці.
– У мінулым годзе на Мастоўшчыне ў ліку чатырох аб’ектаў гісторыка культурнай спадчыны была абноўлена ўваходная брама Свята-Троіцкага касцёла, – расказала загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык. – Праектная дакументацыя прайшла ўсе неабходныя узгадненні. Рамонт уваходнай брамы зрабіла мастоўская будаўнічая арганізацыя.
Так на Мастоўшчыне з дапамогай мясцовай улады аднавілася яшчэ адна гісторыка-культурная каштоўнасць. І ўдвайне прыемна, што гэта было зроблена рукамі мастаўчан. Самі цэнім, самі для сябе зберагаем гісторыю на малой радзіме.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад