Я вучуся ў 6-м класе Азёркаўскай СШ. Клас мой невялікі, усяго 8 чалавек, але дружны і актыўны. Мы заўсёды прымаем удзел ва ўсіх школьных справах, многіх раённых конкурсах. Разам са сваім класным кіраўніком Валянцінай Аляксандраўнай Мармыш мы цікава праводзім свой час і ў шосты школьны дзень. Мне хочацца расказаць аб тым, як прайшоў у нашай школе піянерскі збор, прысвечаны 50-годдзю Дня юнага героя-антыфашыста.
Гэта быў сумесны збор дружыны нашай школы “Дружба” і дружыны суседняй Мілявіцкай школы “Спадчынцы”, які адбыўся на базе мемарыяльнага комплексу “Шымкі”. Спачатку мы правялі працоўную акцыю пад назвай “Спяшайся рабіць дабро” – чысцілі ад снегу цэнтральную пляцоўку комплексу. Задача, як здавалася на першы погляд, аказалася не з лёгкіх. Мокры снег прыліпаў да драўляных рыдлёвак, і падняць такі цяжар для пяці- і шасці-класнікаў было даволі цяжка. Аднак, пасля кароткіх перапынкаў, змяняючы адзін другога, мы выканалі распачатую работу.
Працягам сумеснага збору стала ўрачыстая частка. Рабяты чыталі вершы, расказвалі апавяданні пра юных піянераў-герояў. Напэўна, у гэты момант кожны з нас пераносіўся ў той суровы час. Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству надавала прысутнасць сцяганоснай групы піянераў Мілявіцкай школы. Ва ўрачыстай абстаноўцы педагогі-арганізатары С. М. Куршук і А. А. Русак падвялі вынікі праведзеных папярэдніх піянерскіх спраў і за добрасумленнасць і адказнасць, а таксама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці дружын узнагародзілі прысутных піянераў ганаровымі граматамі. Сярод узнагароджаных быў і я.
Пасля ўрачыстасці ўсе рабяты разышліся – хто папраўляў карзіны з кветкамі, хто чытаў надпісы на плітах і шукаў сваіх цёзкаў па прозвішчу, хто любаваўся прыгажосцю навакольных мясцін. Наш збор прыцягваў увагу людзей, якія праязджалі па шашы і міжвольна назіралі за намі.
Затым усе разам мы накіраваліся да партызанскай зямлянкі, сфатаграфаваліся. Завяршылася наша мерапрыемства наведваннем крынічкі, што цячэ непадалёку ад мемарыяльнага комплексу. Кажуць, што калісьці ў гэтых месцах стаяла царква і вада ў гэтай крынічцы мае лячэбную моц, дапамагае ад хвароб.
Час праляцеў вельмі хутка. І вось мы ў аўтобусе. Нейкі момант мы ехалі дадому моўчкі. Некаторыя рабяты з задаволенай усмешкай і, напэўна, з пачуццём асабістай годнасці разглядалі атрыманыя граматы. Хтосьці проста глядзеў у акно і назіраў за мільгаючым лесам. Магчыма, у гэты момант у кагосьці на аснове прачытаных твораў узнікалі думкі пра падзеі мінулай вайны.
Я. ФЁДАРАЎ, вучань 6-га класа Азёркаўскай СШ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад